Праводзіў рэкалекцыі наш пробашч кс.Аляксандр. Тэмай духоўных практыкаванняў была Эўхарыстыя, багацтва якой мы павінны ў сваім жыцці ўвесь час адкрываць нанава. Падчас канферэнцый, падрыхтаваных для нас, менавіта аб гэтым і ішла гаворка: аб усведамленні сэнсу св.Імшы кожнага разу, аб падрыхтоўцы да яе, свядомым удзеле, глыбокім перажыванні. Апошні дзень удзельнікі хору разам са сваім кіраўніком Аннай разважалі над тым, што такое радасць і супакой; ад чаго залежаць і як “пасяляюцца” ў душы чалавечай. А выснова гэтых разважанняў такая: радасць, супакой – гэта выбар унутры кожнага з нас, і зыходзіць ён ад поўнага даверу Пану Богу.
Рэкалекцыйныя дні ў Будславе былі напоўнены малітвамі і разважаннямі ці то падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта, ці то падчас Крыжовага шляху альбо Ружанцовай малітвы. Традыцыйна хор спяваў нешпары да Маці Божай Будслаўскай, адзін з любімых спеваў хору падчас рэкалекцый. А кожны дзень заканчваўся так вядомым і любімым усімі намі гімнам да Маці Божай Будслаўскай.
Быў таксама час і на супольны адпачынак у летні надвячорак, калі калбаскі з вогнішча былі вельмі смачнымі, а халодны кавун прыемна спаталяў смагу. Развітваючыся з Будславам удзельнікі хору дзякавалі Пану Богу за дар рэкалекцый побач з абразом Маці Божай Будслаўскай, якія духоўна іх ўмацавалі.
Закончыліся рэкалекцыі, а удзельнікі іх атрымалі хатняе заданне на наступны год, да наступных рэкалекцый: не толькі спевамі праслаўляць Пана Бога, але і радасцю сваёю кожнага дня – тут, сёння і цяпер…
http://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/680-hvalits-pana-boga-ne-tolki-spevam#sigProGalleria32ff5ebb56