Жывы Ружанец
- Подробности
- Просмотров: 3973
Жывы Ружанец
Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у Касцёле, найбольш вядомым у нашым рэгіёне, напэўна, з’яўляецца Жывы Ружанец.
“Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца.”
Благаслаўлёны Ян Павел ІІ.
Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць не менш за 20 чалавек, якія штодзённа на працягу месяца моляцца Ружанец: кожная асоба чытае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «Ружамі».
Ружанец — гэта евангельская малітва, бо ён складаецца не толькі з Малітвы Панскай і Анёльскага прывітання, але пабудаваны на разважаннях над евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення.
Жывы Ружанец «дыхае праўдамі веры», яго члены стараюцца не толькі маліцца за іншых ва ўсіх інтэнцыях Касцёла і асабістых інтэнцыях, але вучацца перажываць сваё жыццё, захоўваючы вернасць Богу. Яны таксама далучаюцца да апостальскай дзейнасці мясцовага Касцёла. У многіх парафіях Таварыства Жывога Ружанца ўяўляе сабой групу людзей, заўсёды гатовых прыйсці на дапамогу, людзей, якія маюць духоўны вопыт, якія могуць прысвячаць свой час, сваё здароўе і свае сілы для дабра супольнасці веруючых, не чакаючы за гэта ніякай грашовай узнагароды. Супольнасці Жывога Ружанца з’яўляюцца не толькі супольнасцямі малітвы, але і супольнасцямі ўчынкаў, часта вельмі ахвярных.
У марыйнай ружанцовай школе мы вучымся ў Маці Божай ні ў чым не адмаўляць Пану Богу і радасна несці свой штодзённы крыж працы, стомленасці, розных праблемаў разам з Хрыстом аж да хвалебных таямніцаў святога Ружанца.
Члены Супольнасці Жывога Ружанца ў нашай парафіі сустракаюцца раз на месяц(І пятніца месяца) на супольнай малітве, на змене ружанцовых таямніцаў, а таксама сустрэчу з душпастырам, падчас якой абвяшчаецца тэматычная канферэнцыя і прадстаўляюцца малітоўныя інтэнцыі на бліжэйшы месяц.