Легіён Марыі
- Подробности
- Просмотров: 4222
Легіён Марыі
“Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мк 16,15) – гэты запавет Хрыста ўжо больш 90 год рэалізуецца ў Харызмаце Легіёну Марыі. Нашая супольнасць – гэта каталіцкі рух апостальства свецкіх асоб пад кіраўніцтвам духоўнага кiраўнiка.
Легіён Марыі заснаваў ірландзец Фрэнк Дафф (1899-1980) у 1921 годзе, за 44 гады да абвяшчэння Саборнага Дэкрэта аб Апостальстве свецкіх.
Аснова духоўнасці Легіёну - гэта:
- сувязь з Касцёлам як Містычным Целам Хрыста;
- сувязь з Марыяй, перажываемая ў духу Сапраўднага Набажэнства да НПМ св. Людовіка дэ Манфора;
- сувязь са Святым Духам.
Малітва і ўчынкі – гэта два галоўныя напрамкі Легіёну Марыі. Маючы сваёй мэтай службу другому чалавеку ў духу і з дапамогай Марыі, Легіён хутка распаўсюдзіўся ў многіх краінах свету і зараз ён налічвае некалькі мільёнаў членаў руху.
У Беларусі першы прэзідыум Легіёна Марыі быў створаны ў 1994 г. у Баранавіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай. Легіянеры Марыі працуюць у парафіях Мінска, Віцебска, Магілёва, Гродна, Маладзечна, Смаргоні, Радашковічаў, Стаўбцоў, Глыбокага, Крывічоў, Бабруйска, Барысава, Жодзіна, Мазыра, Ліды і многіх іншых.
Прэзідыум Легіёна Марыі “Маці Божай Міласэрнасці” пры Вілейскім касцёле працуе з 2001 года. Ён налічвае 4 актыўных легіянераў і 8 дапаможных, якія штодзённа ў інтэнцыі прэзідыума моляцца на ружанцы і чытаюць спецыяльную малітву – Тэсэру.
Адзін раз у тыдзень актыўныя члены Легіёна Марыі пад кіраўніцтвам духоўнага кiраýнiка збіраюцца для сумеснай малітвы, каб скласці справаздачу аб рабоце на працягу тыдня і дамовіцца аб легіянерскай працы на наступны тыдзень.
Легіянеры распаўсюджваюць духоўную літаратуру і часопісы, як у касцёле, так і за яго межамі, раздаюць цудадзейныя медалікі Маці Божай Беззаганнага Зачацця і абразікі Езуса Міласэрнага, наведваюць анкалагічны шпіталь і дамы, дзе жывуць інваліды і састарэлыя людзі з мэтай дазнацца аб жадаючых паяднацца з Хрыстом праз Сакрамэнты Споведзі і Эўхарыстыі, вядуць размовы з людзьмі няверуючымі альбо сумняваючыміся у сваім акружэнні. На пахаваннях заахвочваюць прысутных да ружанцовай малітвы, размаўляюць аб жыцці вечным і неабходнасці быць падрыхтаваным да яго. Адным з абавязковых заданняў легіянераў з’яўляецца штодзённая малітва ў пэўных інтэнцыях.
У парафіі з дапамогай легіянераў створаны 5 груп па 9 чалавек, якія у ноч з чацвера на першую пятніцу месяца па чарзе адну гадзіну з 21.00 да 6.00 адаруюць Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Легіянеры з радасцю адклікаюцца на любую просьбу святара, апякуюцца кніжным кіёскам і ўпрыгожваюць алтары кветкамі. На працягу 8 год з 2002 па 2010 г. дарослыя легіянеры апякаваліся дзіцячым, а потым моладзевым прэзідыумам Легіёна Марыі “Рыцары Марыі”.
У кастрычніку 2011 прэзідыум адзначычыў 10-годдзе сваёй дзейнасці. Многа працы выконваецца, а разам з тым многа яшчэ спраў перад намі, таму заахвочваем нашых парафіянаў далучацца да так важнай працы на хвалу Пана Бога. Заахвочваем і наша маладое пакаленне, каб аднавіць працу прэзідыума “Рыцары Марыі”.
Членамі Легіёна Марыі можа быць кожны католік, які вядзе сапраўднае хрысціянскае жыццё і гатовы з любові да Пана Бога і Маці Божай выконваць абавязкі, выцякаючыя з прыналежнасці да Легіёна Марыі.
Жадаючых быць слугамі Марыі ў справе збаўлення свету прэзідыум Легіёна Марыі “Маці Божай Міласэрнасці” запрашае на малітоўныя сустрэчы, якія адбываюцца ў парафіяльным доме кожную нядзелю а 8 гадзіне раніцы. Легіён Марыі дапаможа ўбачыць у бліжніх Хрыста і служыць Яму, узрастаць ў святасці і чыніць вялікія рэчы для Бога і для збаўлення душ.
Духоўнае кіраўніцтва: пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла
катэхетка Анна Аўсейчык
Старшыня: Раіса Зяньчук тэл. +375295772034
Інтэрнет-старонка Легіёна Марыі ў Беларусі www.legionmaryi.blog.tut.by
Прэзідыум “Маці Божай Міласэрнасці”