Слова міністрант паходзіць ад лацінскага ,,ministrare”, якое азначае ,,служыць, дапамагаць”. Гэта асаблівы від служэння. Тэрмін ,,міністрант” мае на ўвазе служэнне падчас святой Імшы. Міністрант служыць Богу, калі прыслугоўвае пры алтары, клапоцячыся пра прыгажосць літургіі. Міністрант з’яўляецца памочнікам для святара не толькі падчас Эўхарыстыі, але і іншых літургічных абрадаў і набажэнстваў, сярод якіх на першым месцы стаяць Сакрамэнты. Не менш важным ёсць удзел міністранта ў прыдрыхтоўцы алтара і ўсяго неабходнага да літургіі.
Міністрант пакліканы да выканання важнай функцыі ў Касцёле: ён павінен сваім жыццём сведчыць аб Богу, павінен маліцца не толькі падчас св. Імшы, але рабіць гэта часцей і заахвочваць іншых да малітвы. Калі ў сям’і не моляцца раніцай ці вечарам, не моляцца перад ядой, то на вас, міністранты, ляжыць абавязак прыпомніць бацькам і родным аб яе вартасці. І напэўна ваш знак крыжа і малітва перад ядой будуць добрым прыкладам для іх. Тое ж можна сказаць пра ранішнюю і вячэрнюю малітвы.
Паводле www.wsd.grodnensis.by і www.kwasowka.grodnensis.by