background

"Блізка ля мяне Ты, Пане..."

Давяраць Богу сваё жыццё...

"Я – дарога, праўда і жыццё..."

Яднацца ў адзіным Пану нашым, Езусе Хрысце.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Любіць адзін аднаго любоўю, якою Хрыстос любіць Свой Касцёл.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Image 4 title

type your text for 4th image here

Image 4 title
Пятница, 29 Март 2013 06:16

Святы Пасхальны Трыдуум - Triduum Paschale

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

Галоўная ўрачыстасць літургічнага года – падзея Вялікадня – уяўляе сабою драму ў трох дзеяннях і носіць найменне «Святы Пасхальны Трыдуум» ці на латыні “Triduum Paschale”.

Пасхальны Трудуум пачынаецца Імшой Вячэры Пана у Вялікі чацвер, а заканчваецца ІІ Нешпарамі Вялікоднай нядзелі. Выраз «Трыдуум» паказвае, у першую чаргу, не на часавы прамежак з трох дзён, а на тры паслядоўных фазы Велікоднага сакрамэнту: развітальную і, разам з тым, прароцкую Апошнюю Вячэру, Смерць на крыжы, знаходжанне ў пахавальніі Ўваскрасенне.


 У IV ст., у часы святых Амброзія і Аўгустына паслядоўнасць была іншая: пакуты, знаходжанне ў труне, Уваскрасенне. Аўгустын называў іх “sacratissimum triduum crucifixi, sepulti et resuscitati”(«святы трыдыум  распяцця, пахавання і ўваскрасення»), у той час як слова «Вялікдзень» было зарэзервавана вылучна для пазначэння начнога набажэнства з суботы на нядзелю (Пасхальная вігілія) і самой Велікоднай нядзелі.


 Пасхальны Трыдуум літургічна сфарміраваўся ў Ерусалімскім касцёле. Апісанне злучаных з ім абрадаў можна знайсці ва «Ўспамінах» Этэрыі(385 г.). З Ерусаліма абрады былі ўспрыняты на як на Ўсходзе, так і Захадзе. Рэформы каталіцкага набажэнства 1959 і 1970 гадоў вярнулі ім форму, якая адпавядае найлепшым традыцыям, а з іншага боку, адаптавалі іх да сучасных умоў. Калі перад рэформай Святы Пасхальны Трудуум меў характар падрыхтоўкі да ўрачыстасці Вялікдня – Уваскрасення Хрыстова, то пасля рэформы падкрэсліваецца, што абрады Трыдыума  ўжо ўводзяць нас у таямніцу Вялікдня: Пакуты, Смерць і Ўваскрасенне Хрыста непарыўна злучаны адно з адным і ўяўляюць сабою адзінае дзеянне, якім Бог збаўляе свет.


Вялікі Чацвер - Імша Вячэры Пана


-         галоўнай тэма -  ўсталяванне Хрыстом Сакраманту Эўхарыстыі.

-         здзяйсняецца ў вячэрні час.


З літургіяй Вялікага чацвярга спалучаны наступныя элементы:


-         Mandatum– «Запаведзь». Гаворка ідзе пра запавед любові, вонкавым выразам якой з'яўляецца абрад мыцця ног іншаму чалавеку. Гэта – старажытны выраз гасціннасці, жэст, ужыты Самім ЕзусамХрыстом у адносінах да апосталаў. Абрад практыкаваўся спачатку ў манаскіх супольнасцях, а ў літургію быў уведзены ўпершыню ў Іспаніі (сінод у Толеда 649 г.). Перад рэформай 1955 г. дадзены абрад быў зарэзерваваны вылучна для біскупаў і абатаў, а цяпер яго рэкамендуецца здзяйсняць у кожнай парафіі. Цэлебрант абмывае ногі дванаццаці асобам. Гэты абрад сімвалізуе служэнне і любоў Хрыста, які прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, але дзеля таго, каб служыць іншым. Бог не падыходзіць да чалавека " звыш", але "знізу ", выказваючы яму павагу і любоў. Абрад абмывання ног яшчэ раз нагадвае нам, што калі мы імкнемся наследаваць Хрыста, то мусім імкнуцца і бескарысліва, з любоўю служыць іншым людзям. Для нас жа, калі мы ўзгадваем дзень устанаўлення Эўхарыстыі і абмыццё ног апосталам, гэта з’яўляецца паказальнікам значэння Эўхарыстыі — сакрамэнту любові, у якім мы атрымліваем хлеб жыцця вечнага.


-         Эўхарыстыя. Устанаўленне Эўхарыстыі і сама Эўхарыстыя, прынятые ў святле абмыцця ног Апосталам, з’яўляюцца месцам духоўнага аднаўлення і ўмацавання людзей, якія знаходзяцца ў дарозе. Жыццё чалавека ў свеце — гэта падарожжа, гэта доўгі, цяжкі і небяспечны шлях. На ім чалавек сустракае многа перашкод, стамляецца і нават можа перажываць спакусу вярнуцца назад. Эўхарыстыя ў Вялікі чацвер на Імшы Вячэры Пана мае характар вельмі святочны. Апошняя Вячэра, якую Езус спажываў з апосталамі, была традыцыйнай пасхальнай вячэрай, якая прыгадвала выхад Юдэяў з егіпецкай няволі. Усе жэсты і словы Езуса, благаслаўленне хлеба і віна прыводзяць нас да габрэйскай традыцыі. Аднак Хрыстус надаў гэтай вячэры новы сэнс. Кажучы, што асвечаны хлеб з'яўляецца Яго Целам, а віно - Крывёй, устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі. Разам з тым Ён дае наказ апосталам: «Гэта чыніце на маю памяць». Традыцыя бачыць у гэтых словах устанаўленне святарства Новага Запавету ў Целе і Крыві Хрыста, асаблівае ўключэнне апосталаў і іх наступнікаў у адзінае святарства Хрыста.


-         Абрад перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнта. Літургію завяршае абрад перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнта ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту ў Гетсіманскім садзе. Удзячныя Езусу за дар Эўхарыстыі, мы будзем Яго адараваць, паколькі Ён сам прасіў аб гэтым сваіх вучняў: " Журботная душа мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце са Мной!".


-         Denudatio altaris – «агаленне алтара». З алтара здымаецца абрус, а табэрнакулюм застаецца пустым і прыадчыненым. Трэба ўспомніць, што да VII/VIII стагоддзі абрусы на алтары заставаліся толькі на час здзяйснення Літургіі, а затым прыбіраліся. Аднак цяпер алтар пакрыты ўвесь час, а агаляецца толькі пасля перанясення Найсвяцейшых Дароў у Вялікі чацвер - сімвалічна азначае denudatio – пакіданне Хрыста самымі блізкімі людзьмі і Яго агаленне перад распяццем.


-         Crepitacula – адмова ад выкарыстання званоў, званкоў і арганнай музыкі. Усе музычныя прылады змаўкаюць пасля радаснага гімна Gloria напачатку Імшы. Могуць ужывацца толькі драўляныя трашчоткі (crepitacula, tabulae). Звычай гэты ўзыходзіць яшчэ да VIII ст. - сімвал пакор і зневажэння Хрыста, а таксама з'яўляецца ўспамінам пра тыя часы, калі музычныя прылады ў літургіі наогул не выкарыстоўваліся. і такі гук трашчотак мы чуем ва ўсіх набажэнствах аж да Вялікай Суботы. І толькі ў час набажэнства ў Вялікую Суботу на гімн "Хвала на вышынях Богу" міністранты звоняць зноў ва ўсе званочкі.


Вялікая пятніца Мукі Пана

-         дзень посту і жалобы як у касцёлах, так і ў дамах хрысціянаў.


-         Літургія Вялікае Пятніцы пачынаецца ў маўчанні. Працэсія праходзіць да алтара без крыжа і кадзіла, а таксама без свечак. Дайшоўшы да алтара, усе кленчаць, а святар кладзецца на падлозе ў прастрацыі (падае ніц, лягае крыжом). Усе стаюць на калені.


-         Слова Божае. Пасля гэтага ўсе ўстаюць і праходзяць на свае месцы. Пачынаецца Літургія Слова, якая звяртае асаблівую ўвагу на Мукі Хрыста. У першым чытанні пачуем чацвёртую Песню Слугі Пана з Кніга Ісаі, другое чытанне будзе ўзятае з Паслання да Габрэяў, у той час як у Евангеллі будуць апісаныя Панскія Мукі. Усе тры чытання кажуць нам аб цярпеннях Збаўцы, які быў названы прарокам Ісаям Церпячым Слугою Яхвэ. Ён з'яўляецца Першасвятаром Новага Запавету і праз сваю ахвяру адчыняе нам неба. З'яўляецца Тым, які "прынізіў Сябе аж аж да смерці, а была гэта смерць на крыжы".


-         Усеагульная малітва. Літургія Слова завяршаецца малітвай вернікаў, якая складаецца з 10 спяваных заклікаў. Усеагульная малітва мае асабліва святочны характар. У гэтым моманце Літургіі мы просім Бога, каб тое збаўленне, якое Хрыстос учыніў на Крыжы, стала ўдзелам усіх людзей. Малітоўна ахопліваем справы Касцёла і свету, просім аб людзях розных рэлігій і за неверуючых, таму што Касцёл з'яўляецца сакрамэнтам збаўлення ўсяго свету, а мы праз гэтую малітву выконваем нашую місію паўсюднага святарства.


-         Пакланенне святому Крыжу. Пасля заканчэння Літургіі Слова пачынаецца пакланенне святому Крыжу. Святар выходзіць перад алтар і адкрывае па чарзе часткі Крыжа, спяваючы: "Вось дрэва крыжа, на якім вісеў Збавіцель свету". Людзі адказваюць: "Хадземце з паклонам". Пасля адкрыцця Святога Крыжа усе падыходзяць да яго, каб пацалаваць. У гэты асаблівы дзень вернікі стаюць на калені перад крыжом.


-         Абрад святое Камуніі. Літургія вядзе нас ад крыжа да Эўхарыстыі. Імкнецца нам праз гэта паказаць тое, што існуе цесная сувязь паміж ахвярай крыжа і ахвярай алтара – Святая Камунія, якую мы прымаем з дароў кансэкраваных падчас Імшы Вячэры Пана з Вялікага Чацвярга з'яўляецца нашай ежай дзеля жыцця вечнага. З'яўляецца таксама Плёнам, які даспеў на Дрэве Крыжа, на дрэве новага і несмяротнага жыцця. Пасля словаў "Вось Божы Баранак…" святар паказвае нам ужо не дрэва і знак, але сапраўднае Цела Хрыста. Мы прымаем Яго, таму што толькі Ён дае сапраўднае і поўнае жыццё.


-         Працэсія да "Божага гробу" Пасля святой Камуніі, Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу. Затым пачынаецца адарацыя, якая будзе доўжыцца да Пасхальнае вігіліі.


Вялікая Субота


У Вялікую суботу Касцёл прабывае каля гробу Пана, разважаючы пра Ягоную муку і смерць, а таксама пра Яго сыходжанне ў адхлань і ў малітве і посце чакаючы Яго ўваскрасення.


Дзень, у якім таксама, як і ў вялікую Пятніцу, не цэлебруецца Эўхарыстыі.


Дзень ціхай малітвы і чакання на Уваскрасенне Хрыста.


Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту пры Гробе Пана


Асвячэнне страваў на велікодны стол


Пасхальная Вігілія


-          з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуйнаванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Адзначэнне Пасхальнай Вігіліі — гэта ўжо святкаванне Вялікадня. Выключнае значэнне ўрачыстасці Пасхі вынікае з таго, што змёртвыхпаўстанне Хрыста ўмацоўвае веру і надзею чалавека, а праз велікодныя сакрамэнты здзяйсняецца ўдзел Касцела ў таямніцы Хрыста: мы памерлі, былі пахаваны і ўваскрэснем разам з Ім.


-         Літургія Святла. Вельмі развіты і багаты змест літургіі Пасхальнай Вігіліі ўключае ў сябе ўсю гісторыю збаўлення. Літургія распачынаецца перад касцёлам, дзе распальваецца вогнішча. Адбываецца благаслаўленне агню і пасхала – вялікай свечкі, якая з’яўляецца сімвалам Хрыста, ад яе полымя вернікі запальваюць свае свечкі. Пасхал сімвалізуе Хрыста, Які з’яўляецца "святлом свету". На Пасхале святар выводзіць крыж, першую і астатнюю літары грэцкага алфавіту Α (альфу) i Ω (амегу), а таксама лічбы бягучага году. Потым святар уваходзіць у цёмны касцёл з запаленым пасхалам, знакам прысутнасці самога Хрыста, тры разы спяваючы: "Святло Хрыста". Вернікі адказваюць таксама тры разы: "Дзякуем Богу". Святло паступова зпальваецца, як паступова ў нашае жыццё ўваходзіць Божае збаўленне.


-         Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў Абвяшчэнне Пасхі Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, у якім праслаўляюцца ўсе дабрадзействы, якія чалавецтва атрымала дзякуючы Святлу Уваскросшага Хрыста. Асвячэнне Пасхалу і спеў велікоднага гімна практыкуюцца на Захадзе прынамсі з V стагоддзя. Liber Pontificalis прыпісваюць уводзіны гэтага абраду ў рымскае набажэнства Папу Зосіму.


-         Літургія Слова ў гэты дзень асабліва працяглая, яна складаецца з 9 чытанняў, пераплеценых псалмамі і малітвамі. У Літургіі Слова, значна больш працяглай, чым звычайна, Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва.


-         Літургія Хросту. Трэцяя частка Вігіліі прысвечана таямніцам сакрамэнту Хросту – адбываецца асвячэнне вады, і вернікі аднаўляюць свае хросныя абяцанні. Варта нагадаць, што ў першыя стагоддзі хрысціянства сакрамэнт хрышчэння здзяйсняўся толькі адзін раз у год – у Велікодную ноч. Чытаецца Літанія ўсім Святым, затым асвячаецца вада, пры гэтым чытаецца малітва, у якой успамінаюцца падзеі з Гісторыі Збаўлення, былыя правобразамі ласкі хрышчэння. Узяўшы Пасхал, якім святар здзяйсняе тройчы знак крыжа на вадзе і заклікае Святога Духа зыйсці на гэтую ваду. Пасля гэтага здзяйсняецца сакрамант хросту для катехуменаў, падчас якога ўсе што прысутнічаюць на Набажэнстве абнаўляюць абяцанні сакрамэнту Хрышчэння: адракаюцца ад граху і сатаны і вызнаюць сваю веру. Затым святар акрапляе асвечанай вадой ўвесь народ.


-         Эўхарыстычная літургія Пасля гэтага наступае Эўхарыстычная Літургія, падчас якой, калі ёсць дазвол кіруючага біскупа, вернікі прымаюць Найсвяцейшы Сакрамэнт пад двума Постацямі, што адпавядае касцельнай традыцыі, існаваўшай да XIII стагоддзя. Пасля завяршэння Імшы дыякан спявае: ”Ідзіце ў супакоі Хрыста. Аллелюя, Аллелюя!”, а вернікі адказваюць: ”Дзякуем Пану Богу. Аллелюя, Аллелюя!”


-         Рэзурэкцыйная працэсія. Згодна са звычаямі на нашых землях звычайна гэтая ўрачыстая працэсія адбываецца пасля Святой Імшы а світанні, якая цэлебруецца раніцай Нядзелі Ўваскрасення.

Паводле http://ministrant.catholic.by



Прочитано 2759 раз
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии