Напачатку ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Аляксандр сустрэў дзяцей і іх бацькоў перад уваходам у святыню. Святар звярнуўся да прысутных са сваім словам і адзначыў важнасць гэтага дня ў жыцці дзяцей. Пасля гэтага бацькі благаславілі сваіх дзяцей і ўрачыста ўвайшлі ў святыню.
Напачатку Св. Імшы бацькі перад супольнасцю парафіі звярнуліся да ксяндза-пробашча Аляксандра з просьбай удзялення іх дзецям Першай Святой Камуніі, каб яны маглі з’яднацца са Збаўцам і ісці з Ім праз усё жыццё і аж да вечнасці. Бацькі таксама засведчылі аб годнай падрыхтоўцы сваіх дзяцей і паабяцалі, што і надалей будуць дапамагаць дзецям пазнаваць Бога і жыць разам з Ім праз удзел у нядзельных Св. Імшах і уроках па рэлігіі.
Падчас гаміліі кс. Аляксандр разважаў разам з дзецьмі аб галоўных праўдах веры, якія раскрываюць сутнасць нашай веры.
Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз-пробашч пажадаў дзецям, каб тое, чаму яны навучыліся, было не толькі ў іх розуме, але каб яны ўмелі кіравацца гэтым у сваім жыцці. Пасля Св. Імшы дзеці атрымалі Ружанцы і пасведчанні аб прыняцці Першай Святой Камуніі.
На гэтым свята дзяцей, якія прынялі Першую Святую Камунію, не закончылася, наперадзе чакае Белы тыдзень. Кожны дзень на працягу ўсяго тыдня дзеці будуць прыходзіць на Св. Імшу а 19.00 і ўрачыста, як і першы раз, прымаць у сваё сэрца Езуса Хрыста ў Св. Камуніі.
http://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/896-dzetsi-nashay-parafii-prynyali-pershuyu-svyatuyu-kamuniyu#sigProGalleriafd316373e4
Аўтары фота – Аксана Бажко, Юрый Раманюк