А 10 гадзіне кандыдаты да Бежмавання, якіх у гэтым годзе было 120 чалавек, сустрэлі і прывіталі свайго арцыбіскупа перад уваходам у святыню з хлебам і соллю. Пасля ўрачыстага ўваходу ў касцёл Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў у міністранты 7 хлопцаў з нашай парафіі, якія далі прысягу пабожна, аддана і з радасцю служыць пры алтары. Новыя міністарнты атрымалі з рук арцыбіскупа Тадэвуша асвечаныя белыя комжы, якія нагадваюць аб чысціні душы.
Напачатку Св. Імшы пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла адзначыў важнасць гэтага дня словамі: “Сёння 120 чалавек прагне стаць сведкамі Хрыста і сталымі хрысціянамі, на якіх можа абапірацца Касцёл”. У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на першасвятарскую малітву Езуса Хрыста і адзначыў важнасць справы еднасці. “Мы, усе хрысціяне, павінны быць моцнымі, павінны быць разам, каб сведчыць аб хрысціянскіх каштоўнасцях і жыць імі. Наша заданне – гэта быць сведкамі Евангелля ў кожных абставінах жыцця, каб Езус быў прысутны ўсюды, дзякуючы нашаму сведчанню”, – падкрэсліў іерарх. Арцыбіскуп пажадаў кандыдатам да прыняцца Сакрамэнту Канфірмацыі адкрыцца на Святога Духа і заставацца вернымі Езусу, Евангеллю і веры продкаў.
Падчас працэсіі з дарамі да алтара былі прынесены фігуры Св. Фаустыны і Св. Яна Паўла ІІ, якія пасля будуць змешчаны ў новапабудаваным бочным алтары нашага Вілейскага касцёла, прысвечаным Божай Міласэрнасці. Алтар плануецца пабудваваць і асвяціць напрыканцы Юбілейнага Году Божай Міласэрнасці. Фігуры святых, чыё жыццё асаблівым чынам было звязана з Божай Міласэрнасцю асвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Напрыканцы Св. Імшы пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла выказаў словы ўдзячнасці і пажаданняў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. “Вы для нас вельмі асаблівы чалавек, бо Вы далі пачатак і 25 год таму рэкансэкравалі нашу Вілейскую святыню”, – адзначыў святар. Да вернікаў, якія былі ўзмоцненыя дарамі Духа Святога, пробашч парафіі звярнуўся са словамі заахвоты: “Мы павінны разам будаваць Божае Валадарства на прыгожай і любімай Вілейскай зямлі. Ад нас і нашых паводзінаў залежыць многае. Цяпер Касцёл мае права разлічваць і абапірацца на вас”.
Пасля Эўхарыстыі вернікі прынялі крыжы і пасведчанні аб удзяленні Сакрамэнту Бежмавання з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які пажадаў парафіянам заставацца сапраўднымі хрысціянамі. “Наша зямля мае хрысціянскія карані, але наша хрысціянства не павінна быць толькі традыцыяй, яно павінна жыць і весці нас у новае заўтра” – падкрэсліў іерарх.
http://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/892-verniki-nashay-parafii-prynyali-sakrament-hrystsiyanskay-stalastsi#sigProGalleria223cb0f56b
Аўтары фота – Аксана Бажко, Ягор Шырочын, Крысціна Свяршчэвіч