На начатку юбілейнай урачыстасці са словамі прывітання да біскупа звярнуліся людзі старэйшага пакалення, якія 25 год таму віталі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча і прымалі ўдзел у св. Імшы на рэкансэкрыцыю касцёла. На пачатку Літургіі пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла ўзгадаў гісторыю Вілейскага касцёла і заахвоціў усіх сабраных дзякаваць Богу за ўсе атрыманыя за 25 год ласкі і адраджэнне парафіі.
Падчас гаміліі біскуп Юрый узгадаў гісторыю і выпрабаванні розных часоў, якія так і не змаглі пазбавіць чалавека жывога Бога: “Калі Бог ёсць у сэрцы, то чалавек выйдзе з любых цяжкасцяў. Час ідзе, але мы трываем з Хрыстом. Калі Бог у сэрцы чалавека, то ніхто не зможа адарваць нас ад Яго. Галоўнае, каб мы трымаліся за Бога і мелі Яго ў сваім сэрцы!”. Наступнік апосталаў заахвоціў вернікаў быць сапраўднымі сябрамі Езуса, вучыцца любові, быць блізка Хрыста і выконваць Божую волю. Напрыканцы гаміліі біскуп звярнуўся да верных са словамі: “Каб мы захавалі ў сэрцы веру, пранеслі праз жыццё і перадалі наступным пакаленням. Мы пакліканыя будаваць і ствараць!”.
Закончылася юбілейная ўрачыстасць працэсіяй Божага Цела па вуліцах горада.
Гістарычная даведка: З 1897 г. вернікі Вілейскай зямлі пачалі прасіць дазвол на будаўніцтва Касцёла. У 1906 г. дазвол быў атрыманы і пачалося будаўніцтва. На наступны год быў асвечаны вуглавы камень святыні. У 1913 г. касцёл быў пабудаваны і ў 1931 г. кансэкраваны. Аднак ужо ў 1946 г. ён быў зачынены, ператвораны ў зернесховішча, а пазней у выставачную залу. Вернікі з тагачасным пробашчам, кс. Эдмундам Даўгіловічам, змагаліся за вяртанне святыні, пісалі лісты і едзілі да ўлады. У сакавіку 1990 г. у святыні была цэлебраваная першая Св. Імша, а 6 чэрвеня 1990 г. тагачасны апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч рэкансэкраваў святыню.
http://vilejka-kasciol.by/index.php/katekheza/artykuly/item/774-urachystasts-25-goddzya-rekansekratsyi-nashay-svyatyni#sigProGalleria2c523b95f6