background
Среда, 19 Июнь 2013 12:37

Пілігрымка па святынях Літвы і Латвіі

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

З 14 па 16 чэрвеня адбылася парафіяльная пілігрымка па святынях Літвы і Латвіі. Пілігрымы наведалі Віленскую Кальварыю, Тракайскі касцёл, Віленскія святыні, катэдральны касцёл у Рэзэкнэ, Санктуарый Маці Божай у Аглоне, а таксама касцёлы ў Даугавпілсе.

 

У першы дзень пілігрымы ішлі Кальварыйскімі дарожкамі, слухаючы Слова Божае і разважаючы Муку Пана нашага Езуса Хрыста. Крыжовая Дарога на Кальварыі складаецца з 35 стацый на працягу 7 кіламетраў. Кальварыя ўзнікла ў 17 стагоддзі, у 18 стагодддзі была разбудавана, а у 1963 годзе была ўзарвана і зраўняна з зямлёй па загаду савецкай улады. Аднаўленне трывала 12 год, пачынаючы з 1990 года.

Набажэнства Крыжовай Дарогі на Кальварыі закончылася Святой Імшой у касцёле Адшукання Святога Крыжа, каля якога знаходзяцца апошнія стацыі, не ўзарваныя падчас знішчэння.  Затым пілігрымы накіраваліся ў Тракай, дзе спачатку наведалі касцёл Наведзін Найсвяцейшай Панны Марыі і маліліся перад цудоўным абразом Маці Божай Тракайскай, а пасля агледзелі Тракайскі замак і пазнаёміліся з яго гісторыяй. У ваколіцы Тракая ў аграсядзібе “Загрода” пілігрымы спыніліся на начлег.

Другі дзень пілігрымкі распачаўся знаёмствам са святынямі Вільна: касцёламі св.Анны, св. Францішка і Бярнарда, св. Тэрэзы, архікатэдральнай базылікай св. Станіслава і Уладзіслава з капліцай св.Казіміра. Прыгожым працягам гэтага знаёмства была Святая Імша ў Вострабрамскай капліцы каля цудоўнага абраза Маці Божай, падчас  якой пілігрымы маліліся ў інтэнцыях парафіі і асабістых інтэнцыях. Пасля Святой Імшы знаёмства са святынямі Вільна прадоўжылася. Былі  зведаны: касцёл Святога Духа, Санктуарый Божай Міласэрнасці, касцёл св.Казіміра. У другой палове дня аўтобус з пілігрымамі накіраваўся ў Латвію. Першым прыпынкам быў катэдральны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса у Рэзэкнэ. Там адбылося неспадзяванае спатканне і размова з біскупам рэзэкненска-аглонскім Янісам Булісам, які ў свой час наведваў наш касцёл. Вечарам пілігрымы прыбылі ў Санктуарый Маці Божай у Аглоне, дзе і размясціліся на наглег, дзякуючы гасціннасці пробашча а. Даўманта.

Трэці дзень пілігрымкі распачаўся Святой Імшой у базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, перад пачаткам якой быў урачыста адкрыты абраз з выявай Божай Маці. Базыліка ў Аглоне з’яўляецца цэнтрам каталіцкай духоўнасці ў краіне, а Маці Божая Аглонская лічыцца апякункай Латвіі. Пасля Святой Імшы пілігрымы маглі наблізіцца да цудоўнага абраза, дзякуючы за апеку і выказваючы свае просьбы, а таксама наведаць ніжні касцёл, размешчаны на цокальным узроўні. Затым адбылося набажэнства Крыжовай Дарогі, стацыі якой укампанаваны ў брамы Санктуарыя. Падзякаваўшы  пробашчу парафіі а. Даўманту і развітаўшыся з Аглонай пілігрымы накіраваліся ў Даўгавпілс і там наведалі яшчэ 2 каталіцкія святыні, якія былі апошнімі ў пілігрымковай праграме: касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і касцёл св.Пятра. Гэты апошні з’яўляецца зменшанай копіяй базылікі Святога Пятра ў Ватыкане.

Так завяршылася чарговая аўтобусная пілігрымка па святынях замежжа. Пілігрымы, узбагаціўшыся духоўна, перапоўненыя радаснымі пачуццямі і ўражаннямі, у  дарозе дамоў дзякавалі Пану Богу за мажлівасць наведвання святых мясцінаў Літвы і Латвіі.

 

 


Прочитано 1157 раз
Другие материалы в этой категории: « Паездка Несвіж-Мір Прыміцыя а. Андрэя Ахрэма »