background

"Блізка ля мяне Ты, Пане..."

Давяраць Богу сваё жыццё...

"Я – дарога, праўда і жыццё..."

Яднацца ў адзіным Пану нашым, Езусе Хрысце.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Любіць адзін аднаго любоўю, якою Хрыстос любіць Свой Касцёл.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Image 4 title

type your text for 4th image here

Image 4 title
Суббота, 01 Декабрь 2012 05:21

Распачынаецца Адвент - час малітвы і чуйнасці

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Упершыню пра Адвэнт як час падрыхтоўкі да Нараджэння Пана, а таксама да другога прыйсця Хрыста, ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах IV ст. Адвэнт багаты на разнастайныя сімвалы і традыцыі.

 

 

Этымалогія слова «Адвэнт» паходзіць ад лацінскага слова «adventus» — «прыйсце». Хрысціяне, верагодна, узялі гэтае слова з язычніцкага ўжытку рымлянаў. Так называўся ўрачысты ўваход імператара ў Рым, а таксама цырымоніі наведвання імператарам святыні ў дзяржаўныя святы.

 

 

 

Першы ўспамін аб Адвэнце ў гісторыі знаходзім у адным з дэкрэтаў сінода, які адбыўся ў іспанскім горадзе Сарагоса ў 380 г. Ужо тады Адвэнт існаваў у іспанскім і гальскім Касцёле. Як і Вялікі пост, у той час Адвэнт працягваўся 40 дзён. 


Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна гэтая літургія цэлебруецца на світанні. З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу...» ва ўсім касцёле запальваецца святло.

 

Яшчэ адным праяўленнем адвэнтавай літургіі святла з’яўляюцца раратнія ліхтарыкі. Ідучы на рараты, дзеці бяруць з сабой ліхтары, каб асвятліць змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае пра неабходнасць збірання добрых учынкаў, якія дапамогуць асвятліць змрок граху ў нашай душы, паказаць Хрысту дарогу да людскіх сэрцаў.

 

Характэрным знакам Адвэнту ў дамах і святынях з'яўляецца адвэнтавы вянок. Гэты звычай паходзіць з Германіі. Пратэстанцкая духоўная асоба, тэолаг і грамадскі дзеяч Джон Віхэрн адкрыў у Гамбургу школу-прытулак для сіротаў. У Адвэнце 1839 года ён зрабіў вянок, каб стварыць атмасферу, якая садзейнічала б малітве. Па краях кола (дыяметрам у два метры) Віхэрн размясціў 24 невялікія свечкі. Кожную з іх запальвалі ў чарговы звычайны дзень Адвэнту. Вакол вянка падапечныя Віхэрна штодня збіраліся на супольныя сустрэчы, малітвы і спевы. Хутка звычай адвэнтавых вянкоў распаўсюдзіўся па іншых гарадах Германіі і ўсёй Еўропы.

 

Адвэнтавы вянок мае глыбокую сімволіку. Ён выконваецца з зялёных яловых ці піхтавых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох нядзеляў Адвэнту. Запальванне свечак азначае чуванне і гатоўнасць да прыходу Хрыста.

 

Першая свечка сімвалізуе тое, што Бог прабачыў Адаму і Еве іх непаслухмянасць Творцы. Свечка, запаленая ў другую нядзелю Адвэнту, сімвалізуе веру патрыярхаў ізраільскага народу, як удзячнасць за дар — Абяцаную Зямлю. Трэцяя свечка адносіцца да радасці караля Давіда, які цэлебруе саюз з Богам. Апошняя — сімвал навучання прарокаў, якія абвяшчалі прыход Месіі.

 

Святло свечак у вянку азначае надзею, а яго зеляніна — працяг жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Цалкам адвэнтавы вянок — гэта сімвал Божага люду, які чакае ў радасці і любові прыход Збаўцы ў свет.

 

Вельмі цікавая традыцыя, якая дапамагае ператварыць час Адвэнту ў сапраўднае чуванне, на жаль, у Беларусі мала вядомая — гэта перадкалядны (снежаньскі) каляндар.

 

Звычай лічыць снежаньскія дні, якія застаюцца да Божага Нараджэння, і адзначаць кожны з іх маленькім падарункам ці неспадзеўкай з’явіўся шмат дзесяцігоддзяў таму. Гісторыя такіх календароў распачалася ў XVII ст. У тыя дні ў снежні было прынята кожны дзень вывешваць на сцены малюнкі з біблейскімі матывамі. Вядома, што сям’я збіралася разам, каб пабожна разважаць убачаныя сюжэты, такім чынам паглыбляючы свае веды аб Хрысце, якога чакаюць.

 

Найбольш традыцыйнай формай календара з’яўляецца скрыначка з акенцамі па колькасці дзён Адвэнту. У кожнай скрыначцы змешчаны цукеркі альбо іншыя сімвалічныя падарункі. Адчыніць акенца дзецям (ды і дарослым) можна толькі раз на дзень пасля таго, як зрабіў добры ўчынак.

 

Якімі б прыгожымі не былі традыцыі Адвэнту, варта памятаць, што сэнс гэтага перыяду літургічнага года ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да свята прыйсця Збаўцы. А пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць свята Божага Нараджэння.

 

Паводле http://catholic.by

Прочитано 1526 раз Последнее изменение Суббота, 01 Декабрь 2012 05:30
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии