Як толькі на небе загарыцца першая вечаровая зорка, уся сям’я збіраецца да стала. Памаліўшыся, усе дзеляцца паміж сабой аплаткам і гавораць прыгожыя пажаданні. Пасля гэтага распачынаецца вігілійная вячэра, якую яшчэ называюць куццёю (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале). На стол ставяць толькі посныя стравы, але гэта не азначае, што яны могуць быць нясмачныя. Наадварот, у гэты вечар усё смачна, а за сталом пануе вясёлы, узбуджаны настрой. Не забудзьце пакінуць за сталом адно свабоднае месца на той выпадак, калі раптам да вас з’явіцца нечаканы госць, альбо на ўспамін пра таго, каго няма з вамі сёння.
Павячэралі? Цяпер самы час заспяваць калядкі, тыя, якія ўсе ведаюць і любяць. Да Пастэркі ў касцёле яшчэ застаецца крыху часу? Ну, вядома ж, цяпер можна зазірнуць пад калядную елачку і, магчыма, знайсці там для сябе падарунак. Радуемся! Весялімся! Імкнемся зрабіць штосьці прыемнае іншым!
Аплаткі
Па-лацінску «oblatum» — ахвярны дар. Дзелячыся аплаткам, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. Дзяленне аплаткам пасля прачытанага ўрыўка з Евангелля і малітвы з’яўляецца найважнейшым момантам вігілійнай вячэры.
Белы абрус
Бель вігілійнага абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар.
Сена
Жменя сена пад белым абрусам на стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме.
Святочная елка
Звычай прыбіраць цацкамі елку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. На Беларусі елкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ стагоддзі. Елка ставіцца ў нашых дамах у дзень, прысвечаны Адаму і Еве, і нагадвае нам пра райскае дрэва, а таксама пра дрэва жыцця.
Калядкі
Ну, хто не любіць спяваць гэтыя прыгожыя, вясёлыя песні? Дарэчы, іх не пачуеш у нейкі іншы перыяд года, напрыклад, летам. Гэта было б смешна, праўда? Тым часам, каля святочнай елкі альбо ў касцёле пры яслях, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, гэтыя песні проста неабходныя! Назва ж калядак паходзіць ад лацінскага «calendae» (у старажытным Рыме так называўся першы дзень кожнага месяца).
Падарункі
Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму, — гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што спаслаў у яго свайго адзінароднага Сына. Але ж Дзіцятка Езус таксама атрымаў у Бэтлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Вось, аказваецца, адкуль бярэ пачатак звычай рабіць адзін аднаму падарункі ў ноч Божага Нараджэння!
Эўхарыстыя
Кульмінацыяй вігіліі Божага Нараджэння з'яўляецца супольны удзел у Эўхарыстыі - Святой Імшы Пастэркі, якая звычайна служыцца апоўначы.
Апрацавана паводле http://catholic.by/2/liturgy/year/100123.html