Маргарыткі
- Подробности
- Просмотров: 4491
Апостальскі рух “Маргарытка”
Святарства — гэта асаблівы дар Пана Бога, які ў сваёй любові і вернасці адорвае абраную ім душу пакліканнем і вядзе да святарскіх пасвячэнняў.
Святарства – гэта дар, які ўплывае на жыццё кожнага католіка. Дзякуючы дару святарства мы можам прымаць такі неабходны сапраўднаму хрысціяніну Хлеб Жыцця. Праз пасрэдніцтва святароў мы прымаем сакрамэнты паяднання і намашчэння хворых. Святар знаходзіцца разам з намі калі мы аплакваем нашых блізкіх. Ён радуецца з намі падчас шлюбу, калі мы перапоўнены любоўю і надзеяй, ён разам з намі падчас Першай святой Камуніі.
Каталіцкі Касцёл ва ўсе вякі заклікаў хрысціянскую супольнасць падтрымліваць малітваю святароў, якія, як сказана ў Святым Пісанні, з народа ўзяты і для яго пастаўлены. Вернікі, уступаючы ў гэты апостальскі рух, бяруць на сябе абавязак да канца свайго жыцця маліцца за канкрэтнага Божага абранніка. Святар жа, за якога складваецца такая малітва, у сваю чаргу моліцца за гэтых асобаў.
Чаму “Маргарытка”? Маргарытка — белая кветка, якая сімвалізуе прастату, чысціню і прагу ахвяравання, — выбрана як сімвал духоўнай дапамогі святарам і асобам законным. Сем пялёсткаў кветкі сімвалізуюць сем дзён тыдня. Сем асобаў, злучаных у адну «Маргарытку», ахвяруюць па адным дні ў тыдзень за святара альбо законную сястру, выбіраюць форму малітвы, якая ім больш адпавядае, і моляцца ўсё жыццё. Асноўнай малітвай ў гэтым руху з’яўляецца вяночак да Духа Святога.
Мэтай апостальскага руху «Маргарытка», з’яўляецца малітоўная падтрымка святароў і выражэнне любові і пашаны да сакрамэнту святарства А сутнасцю яго з’яўляецца штодзённая малітва за канкрэтнага святара.
Актывізаваўся рух у парафіі ў 2007 годзе. На працягу года арганізаваліся дзве малітоўныя групы “Маргарытка” – у жніўні парафіяне пачалі маліцца за пробашча кс. Аляксандра Барыла, а ў лістападзе – за ксяндза біскупа Кірыла Клімовіча, былога біскупа дапаможнага Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі. У кастрычніку 2008 года ў дзень прыміцыйнай св.Імшы кс. Аляксандра Фаміных, які служыў у парафіі ў якасці клерыка і дыякана, пачала маліцца яшчэ адна малітоўная група. А ў чэрвені 2009 года падчас прыміцыйнай св. Імшы кс. Паўла Адамовіча, які служыў раней нашай парафіі ў якасці дыякана, а затым вікарыя парафіі, склала абяцанні чарговая група парафіянаў. Разумеючы важнасць малітвы за святароў штодзённа ўзносяць малітвы ў іх інтэнцыі чатыры малітоўныя групы “Маргарытка”, давяраючы іх Марыі – Маці Святароў.
Заахвочваем нашых парафіянаў да ўдзелу ў апостальскім руху “Маргарытка”. Толькі ў малітоўнай еднасці і любові, насуперак выклікам сучаснага свету, разам са сваімі пастырамі мы зможам упэўнена крочыць да Нябеснага Валадарства.
матэрыял падрыхтавала Аляшкевіч Галіна