Першымі словы ўдзячнасці біскупу ад імя ўсіх сабраных вернікаў выказала моладзь, а затым ксёндз-пробашч Аляксандр Барыла. Біскуп Аляксандр ахвяраваў ранішнюю Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх вернікаў Вілейскай парафіі.
Падчас казання біскуп Аляксандр засяродзіў увагу вернікаў на кожным з чытанняў. У першым чытанні распавядалася пра пакліканне Абрагама. Біскуп падкрэсліў, што Абрагам завецца айцом веруючых, бо шчыра верыў у Бога і бязмежна давяраў Яму. На Божы заклік “Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу…” Абрам не задаў ніводнага пытання, але мужна пайшоў туды, куды клікаў яго Бог. Падчас Вялікага посту Пан Бог прамаўляе да кожнага з нас: “Пакінь родны дом, пакінь інтэрнэт, пакінь смартфон… і ідзі за Мною ў касцёл, зямлю абяцаную, якую Я даў табе”. Іерарх падкрэсліў, што мы павінны пакінуць свае справы і пайсці за Богам.
Другое чытанне вучыць нас прымаць Божую волю, адзначыў біскуп Аляксандр. Мы павінны быць удзячнымі Богу за нашае пакліканне, нават калі гэта пакліканне да цярпення.
Вялікую ўвагу біскуп звярнуў на Евангелле, якое распавядала нам пра перамяненне Езуса на гары Табор. Святар адзначыў, што кожная Святая Імша ёсць перамяненнем Езуса, а мы з’яўляемся апосталамі, якіх Ён паклікаў за Сабою на гару Табор.
Падчас Крыжовай дарогі, якая адбылася пасля Святой Імшы, біскуп звярнуў увагу на тое, што жыццё кожнага святара вельмі падобна да Крыжовага шляху Езуса Хрыста. Біскуп заахвоціў парафіян маліцца за Святога Айца, біскупаў, святароў і кансэкраваных асобаў, бо яны маюць вялікую патрэбу ў малітоўнай падтрымцы з нашага боку.
Перад удзяленнем благаслаўлення біскуп Аляксандр падзякаваў сабраным вернікам за малітву і ахвяраванні, складзеныя на ўтрыманне Магілёўскай катэдры, а таксама запрасіў вернікаў наведаць Магілёўскую зямлю.
Вікторыя Каросцік
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/986-vizit-biskupa-alyaksandra-yasheskaga-sdb-u-nashu-parafiyu#sigProGalleriae804ab5ed0
Фота Аксаны Бажко і Кацярыны Дурко