Тэмай сёлетняга адвэнтавага чування, на якое прыбыло больш за 400 маладых людзей з розных парафій Беларусі, было адно з васьмі благаславенстваў нагорнага казання Езуса: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць”. Чуванне распачалося прэзентацыя і праглядам відэа-кліпу з гімнам Сусветнага дня моладзі (ён адбудзецца ў ліпені 2016 г. у Кракаве) на беларускай мове.
Падчас Св. Імшы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што моладзь з’яўляецца будучыняй Касцёла і свету, але для гэтага трэба ачысціць сваё сэрца і будаваць сваё жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях. Падчас гаміліі іерарх разважаў пра чысціню сэрца і патрэбу нашага ачышчэння.
Пасля Св. Імшы ўдзельнікаў чування наведаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які звярнуўся да моладзі з прамовай і папрасіў маладых людзей паабяцаць ніколі не пакінуць Езуса і Касцёл. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падрыхтаваў для моладзі падарунак – апрануў беларускую вышыванку. Ён таксама адзначыў, што выязджае з Беларусі, але ўсіх забірае ў сваім сэрцы. Пасля адбылося дзяленне аплаткам. Моладзь нашай парафіі, якая падышла, каб падзяліцца аплаткам з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, пераказала словы любові ад усёй Вілейскай парафіі, на што іерарх са шчырай усмешкай на вуснах адказаў: “Вілейку не забуду! Не забуду вашу бабушку і вашага пробашча!”.
У далейшую праграму начнога чування моладзі ўвайшлі дзве тэматычныя сцэнкі, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта, пачастунак з кавай і гарбатай, Ружанцовая малітва, тэматычная канферэнцыя, якую прамовіў вікарый нашай парафіі кс. Юзаф Сярпейка і Вяночак да Божай Міласэрнасці, які падрыхтавала і правяла моладзь нашай парафіі на тэму “Сакрамэнты – знакі Божай Міласэрнасці”.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/837-%E2%80%9Cshchaslivyya-chystyya-sertsam%E2%80%9D-nachnoe-chuvanne-moladzi--minsku#sigProGalleria15eca3d8c5