Распачаліся рэкалекцыі, як заўсёды, св.Імшой позна вечарам у так велічным і незвычайна ціхім будслаўскім храме. Для удзельнікаў хору гэта вельмі дарагія і хвалюючыя хвіліны, калі ўдзел у Эўхарыстыі адбываецца побач з цудоўным абразом Маці Божай Будслаўскай. Натхненне тых першых хвілін у Будславе спадарожнічала удзельнікам рэкалекцый праз наступныя дні духоўных практыкаванняў. А напоўнены яны былі традыцыйна спевам праслаўлення і набажэнствамі, разважаннямі і ўдзелам у св. Імшах. Падчас духоўных практыкаванняў разам з кіраўніком хору Аннай Аўсейчык харысты разважалі над Божай любоўю і яго планам адносна чалавека на падставе цытат з Евангелля, аб грахоўнасці і аддаленні ад Пана Бога - праблеме сучаснага чалавека, аб тым, што толькі Езус Хрыстус з’яўляецца нашым адзіным Збаўцам, толькі праз Яго можам пазнаць і перажыць Божую любоў.
Рэкалекцыі закончыліся Ружанцам падзякі Пану Богу за дар гэтых благаслаўлёных дзён у так любімым намі Будслаўскім Санктуарыі. Удзельнікі рэкалекцый ад’язджалі дамоў падмацаваныя Словам Божым на наступны год праслаўлення Пана Бога праз спеў і маючы за дамашняе заданне далейшае вывучэнне Бібліі на шляху хрысціянскага ўзросту. Словы ўдзячнасці для арганізатараў рэкалекцый кс.Аляксандра і кіраўніка хору Анны, для кусташа Санктуарыя а.Віктара, а перад усім для Пана Бога былі ў тыя хвіліны на вуснах харыстаў і ў іх сэрцах.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/797-ezus-hrystus-adziny-nash-zbatsa#sigProGalleria7dad5776e2