“Шмат сэрцаў, адзін рытм” – дэвіз сёлетняй Міжнароднай Парафіяды, у якой прынялі ўдзел дзеці і моладзь з Польшчы, Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Германіі і Іспаніі. Агульная колькасць удзельнікаў склала каля 1300 чалавек. Маладыя людзі з розных краін сабраліся разам, не толькі каб паспрабаваць свае сілы ў шматлікіх спартыўных спаборніцтвах, інтэлектуальных і творчых конкурсах, але і разам маліцца, пазнаваць Пана Бога і імкнуцца да святасці. Парафіяда распачалася нядзельнай Св. Імшой у Санктуарыі Маці Божай Настаўніцы Моладзі і традыцыйным фестывалем са шматлікімі вясёлымі забавамі.
Тэмай 27 Міжнароднай Парафіяды былі піярскія плёны святасці, а кожны дзень удзельнікі разважалі над асобнымі цнотамі святых, якія былі звязаныя з законам піяраў (панядзелак – св. Юзаф Каласанс, скромнасць, аўторак – бл. Давід Карлас, вернасць і супакой, серада – св. Паўла Монталь адвага, чацвер – бл. Барталамей Лонга, навяртанне, пятніца – а. Юзаф Ёнец, прабачэнне).
Парафіяда грунтуецца на трох напрамках: спорт, тэатр, святыня. Кожны дзень складаўся з разнастайных спартыўных спаборніцтваў, творчых і інтэлектуальных конкурсаў, малітваў і разважанняў. Дзень распачынаўся ранішняй малітвай і Св. Імшой, а заканчваўся вячэрняй малітвай вакол абраза “Езус з сябрам”. Апрача гэтага на працягу дня дзеці і моладзь нашай парафіі збіраліся на адмысловыя малітоўныя сустрэчы, падчас якіх вучыліся быць адзінай камандай, цешыцца кожным днём, бачыць Божую Прысутнасць і быць добрымі людзьмі і сапраўднымі хрысціянамі.
Кожны вечар таксама меў адмысловы характар. У панядзелак удзельнікаў наведаў ілюзіяніст са сваёй чароўнай праграмай. У аўторак адбылася сустрэча са святаром, які сёлета прымаў удзел у 25 парафіядзе ў сваім жыцці. Святар, які бачыў і дапамагаў у арганізацыі першых парафіядаў, распавёў пра галоўную ідэю, якая была закладзена ў гэта мерапрыемства. А гучыць яна наступным чынам: “Каб кожны удзельнік падчас Парафіяды стаў лепшым чалавек і хрысціянінам, выехаў з яе крыху лепшы, а ў жыцці старанна і сумленна выконваў Божыя Запаведзі і свае абавязкі”. Вечар у сераду меў міжкультурны характар, на якім удзельнікі з кожнай краіны вясёлымі танцамі і спевамі рэпрэзентавалі сваю краіну. У чацвер адбылася дыскатэка і грыль.
Падчас прабывання на Парафіядзе ў Варшаве дзеці і моладзь нашай парафіі пазнаёміліся з Варшавай і прынялі ўдзел у шматлікіх экскурсіях: яны наведалі каралеўскі замак у Старым горадзе, прыгожы парк і палац у Вільянаве, замкавы комплекс у Лазенках, вядомы варшаўскі заапарк, цэнтр навукі Каперніка, нацыянальны стадыён, цэнтр ветэранаў, “Нябачную выставу”, якая дазваляе пазнаёміцца з жыццём сляпых людзей і нанава адкрыць для сябе вялікую каштоўнасць дару зроку.
Дзеці і моладзь нашай парафіі здабылі дзве каштоўныя ўзнагароды: 3 месца па стрэльбе, якое здабыў Віктар Пляско, і 2 месца ў конкурсе ведаў пра помнікі архітэктуры Варшавы, якое здабыла Валерыя Сопрых.
Урачыстае заканчэнне 27 Міжнароднай Парафіяды дзяцей і моладзі адбылося ў Святыні Божага Провіду, дзе пахаваны заснавальнік парафіяды а. Юзаф Ёнец. Падчас Св Імшы ў гэтай святыні ўдзельнікі прасілі аб Божым Провідзе над сваім жыццём.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/790-uspaminy-z-27-mizhnarodnay-parafiyady-dzyatsey-i-moladzi--varshave#sigProGalleriae5484f2f8e