РАСПАРАДЖЭННЕ
аб атрыманні поўнага адпусту падчас Года веры ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Апублікаваны паводле загаду Святога Айца Бэнэдыкта XVI 5 кастрычніка 2012 г. Дэкрэт Апостальскай Пэнітэнцыярыі вызначае ўмовы атрымання поўнага адпусту — гэта азначае прабачэння часовых караў за грахі для сябе або кагосьці з памерлых — на працягу Года веры ад 11 кастрычніка 2012 г. да 24 лістапада 2013 г.
Святы Айцец пастанавіў, што акрамя звычайных умоваў, такіх, як споведзь,
св. Камунія, малітва ў інтэнцыі Папы, поўны адпуст могуць атрымаць вернікі, якія:
- кожны раз, калі выслухаюць прынамсі тры гаміліі падчас святых місій ці прынамсі тры лекцыі аб навучанні Другога Ватыканскага Сабору або Катэхізісу Каталіцкага Касцёла ў любым касцёле або адпаведным для гэтага месцы;
- кожны раз, калі наведаюць як пілігрымы адну з папскіх базылік або хрысціянскія катакомбы, катэдральны касцёл ці абранае мясцовым ардынарыем месца для Года веры і дзе прымуць удзел у якім-небудзь набажэнстве або правядуць адпаведны час на пабожным разважанні (медытацыі), завяршаючы малітвай «Ойча наш», вызнаннем веры ў любой дазволенай форме, а таксама памоляцца любой малітвай да Маці Божай, апосталаў ці святых апекуноў;
- кожны раз у вызначаныя мясцовым ардынарыем дні прымуць удзел у св. Імшы або Літургіі гадзін у якім нібудзь святым месцы, дадаючы вызнанне веры ў любой дазволенай форме;
- у любы дзень пабожна наведаюць баптыстэрый ці іншае месца, дзе цэлебруецца сакрамэнт хросту, і там адновяць абяцанні хросту ў любой дазволенай форме;
- калі па важных прычынах не могучы асабіста прыняць удзел ва ўрачыстых набажэнствах (напрыклад па прычыне хваробы, старасці, знаходжання ў вязніцы
і г.д.), яднаюцца духоўна ў думках з прысутнымі на іх вернікамі, асабліва пры праглядзе ці праслухоўванні тэле- ці радыётрансляцый з набажэнстваў, якія ўзначальвае Святы Айцец ці дыяцэзіяльны біскуп, молячыся малітвай «Ойча наш», «Веру ў Бога» ў любой дазволенай форме ці іншымі малітвамі, адпавядаючымі сэнсу
і значэнню Года веры, а таксама ахвяроўваючы свае пакуты ці жыццёвыя цяжкасці.
У сувязі з вышэй сказаным пастанаўляю:
1) Месцамі Года веры, дзе можна атрымаць поўны адпуст, з’яўляюцца мінская архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, магілёўская катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
У іх павінна быць усталявана апаведная інфармацыя.
Месцамі атрымання адпусту таксама з’яўляюцца касцёлы і капліцы падчас знаходжання ў іх копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай з нагоды яе перэгрынацыі па парафіях архідыяцэзіі.
2) Днямі, калі можа атрымаць поўны адпуст, прымаючы ўдзел у святой Імшы або Літургіі гадзін, з’яўляюцца:
урачыстасцьУсіх Святых;
урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету;
урачыстасцьБеззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі;
урачыстасцьНараджэння Пана;
урачыстасцьБагародзіцы Марыі;
урачыстасцьАб’яўлення Пана (Трох Каралёў);
святаахвяравання Езуса ў святыні (Грамніцы);
урачыстасцьЗвеставання Пана;
нядзеля Мукі Пана(Пальмовая нядзеля);
урачыстасцьУваскрасення Пана (Пасха);
урачыстасцьСпаслання Духа Святога;
урачыстасцьНайсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела);
урачыстасцьсвятых апосталаў Пятра і Паўла;
урачыстасцьМаці Божай Будслаўскай;
урачыстасцьУнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі;
святаУзвышэння Святога Крыжа;
святасв. Міхала арханёла.
3) У месцах Года веры пробашчы павінны паклапаціцца аб адпаведнай арганізацыі споведзі, каб усе жадаючыя маглі паяднацца з Богам і Касцёлам. У сувязі з гэтым абавязваю святароў суседніх парафій, асабліва ў Мінску, дапамагаць у гэтай так важнай пастырскай справе і ўзгадніць з пробашчамі месцы Года веры і графік паслугі ў канфесіянале.
4) Святарам, якія будуць спавядаць у гэтых месцах, удзяляю ўладу звальнення ад зарэзэрваваных біскупу касцёльных караў in foro interno.
Усіх вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі давяраю апецы Маці Божай Будслаўскай і на Год веры, як год асаблівай Божай ласкі, благаслаўляю ў імя Айца, +
і Сына, і Святога Духа.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск-Рым, 7 кастрычніка 2012 г.