РАСПАРАДЖЭННЕ
Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
адносна пастырскай праграмы Года веры
ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Абвешчаны Святым Айцом Бэнэдыктам XVI Год веры павінен знайсці сваё практычнае месца ў пастырскай дзейнасці. Зыходзячы з Ноты Кангрэгацыі Веравучэння ад 6 студзеня 2012 г., падрыхтаванай Апостальскай Сталіцай праграмы, Пастырскага паслання Біскупаў Беларусі і падрыхтоўкі да святкавання юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў, а таксама заклікаючы ўсіх вас актыўна ўключыцца ў праграму адраджэння веры, гэтым распараджэннем зацвярджаю наступныя асноўныя яе пункты ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на Год веры.
1. Год веры распачынаецца 14 кастрычніка 2012 г. урачыстай святой Імшой, перад якой неабходна ўнесці і на адпаведным месцы ўсталяваць Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
2. Гаміліі, катэхезы, фармацыйныя сустрэчы ўсіх узроўняў павінны ўключаць разважанні на тэму веры.
3. Вернікі павінны вывучыць на памяць Сімвал веры.
4. Святары, кансэкраваныя асобы і вернікі павінны грунтоўна вывучаць Святое Пісанне, Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.
5. Удзел у Эўхарыстыі ў нядзелю і прадпісаныя святы павінен стаць асаблівым вызнаннем нашай веры.
6. З нагоды малітвы за памерлых на могілках (2 лістапада), што з’яўляецца праяўленнем нашай веры ў жыццё вечнае, неабходна паклапаціцца каб месцы спачывання памерлых былі адпаведна прыбраныя, асабліва святароў, кансэкраваных асобаў, а таксама тыя, пра якія няма каму клапаціцца.
7. Неабходна аднавіць існуючыя крыжы, а ў месцах, дзе іх няма або яны знішчаны, па меры магчымасці ўстанавіць новыя.
8. Больш выкарыстоўваць мас-медыя для распаўсюджвання праўдаў веры.
9. Па магчымасці пашыраць сувязь са светам навукі і культуры, а таксама прысвяціць асаблівую ўвагу няверуючым.
10. Парафіяльныя рэкалекцыі ў Адвэнт і Вялікі пост трэба правесці ў духу ўмацавання нашай веры і яе сувязі са штодзённым жыццём.
11. Напярэдадні свята Нараджэння Пана неабходна арганізаваць у парафіях адвэнтовыя сустрэчы для розных груп людзей з мэтай дзялення аплаткай, каб такім чынам глыбей зразумець праўду веры аб уцелаўленні Збаўцы.
12. У касцёлах і капліцах вывесіць лагатып Года веры.
13. Правесці ў архідыяцэзіі перэгрынацыю копіі абраза Маці Божай Будслаўскай. Ва ўсіх парафіях перад перэгрынацыяй арганізаваць спецыяльны трыдуум.
14. У першыя суботы месяца ад кастрычніка 2012 г. да чэрвеня 2013 г. правесці
ў парафіях Навэнну да Маці Божай Будслаўскай.
15. Арганізаваць тэматычныя сімпозіумы, прысвечаныя Другому Ватыканскаму Сабору, катэхізацыі і апосталам славян святым Кірылу і Мяфодзію.
16. Быць сведкамі веры ў штодзённым жыцці, ажыццяўляць справы міласэрнасці
і весці дыялог з іншымі веравызнаннямі.
17. Трэба выкарыстаць традыцыю правядзення ў парафіях Працэсіі Божага Цела для паглыблення веры ў прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі.
18. Неабходна падтрымліваць звычай святкавання парафіяльных урачыстацяў
з нагоды тытулу касцёла або апекуна, цэлебруючы ўрачыстую святую Імшу, праводзяцы эўхарыстычную працэсію і традыцыйныя набажэнствы з удзелам святароў з іншых парафій, каб такім чынам прычыняцца да будавання супольнасці і даць магчымасць вернікам падчас свята перажыць сустрэчу
з Панам у сакрамэнце пакаяння і Эўхарыстыі.
19. Пасля кожнай нядзельнай святой Імшы перад благаслаўленнем чытаць малітву аб умацаванні веры.
20. Запланаваць пілігрымкі ў Святую Зямлю, Рым і іншыя святыя месцы.
21. Зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі святары могуць дадаць новыя ініцыятывы.
Давяраючы ўсіх вас апецы Маці Божай Будслаўскай, на плённае перажыванне Года веры ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск-Рым, 7 кастрычніка 2012 г.