Напачатку Эўхарыстыі ксёндз-пробашч Аляксандр шчыра прывітаў іерарха, які нягледзячы на сваю стомленасць пасля кангрэсу ў Жодзіне прыбыў у Вілейку, каб узносіць свае малітвы разам з нашай Вілейскай парафіяй ў гэты гістарычны і важны для яе дзень.
Падчас гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш разважаў над аб’яўленнямі Божай Маці ў Фаціме і таямніцамі, якія Марыя адкрыла тром пастушкам: «Час перэгрынацыі прызначаны для больш глыбокага пазнання фацімскіх аб’яўленняў і засяроджання над тым, як іх уцелавіць у жыццё ў наш час адыходу ад Бога і веры».
«У сваіх аб’яўленнях Марыя паказала фацімскім дзецям жахі пекла, прадказала завяршэнне Першай сусветнай вайны і распачацце Другой, больш жудаснай, і пераслед веры. Каб пазбегнуць гэтых няшчасцяў Марыя заклікала да навяртання і малітвы. Як Божая пасланніца яна добра ведала, што людзі яе не паслухаюць і іх напаткаюць няшчасці, пра якія яна казала дзецям. У той жа час, яна не пакінула нас без надзеі. Яна сказала, што яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Гэтыя словы Марыі адносяцца і да Беларусі. Найперш таму, што ў той час тэрыторыя нашай краіны належала да Расійскай імперыі», — сцвердзіў іерарх.
Мітрапаліт Тадэвуш звярнуў увагу на заклік Марыі да малітвы і навяртання: «Калі мы любім Божую Маці, якая заклікае нас да малітвы і навяртання, то не забудзем прыйсці да яе на малітве, каб стаўся цуд нашага духоўнага навяртання і каб мы сталі новымі і на духоўных каштоўнасцях будавалі новую Беларусь», — заключыў арцыпастыр.
На заканчэнне Літургіі вернікі на чале з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам прайшлі па вуліцах горада ў працэсіі ўслед за Маці Божай у Фацімскай фігуры, трымаючы свечкі і ўзносячы малітвы і спевы.
Напрыканцы працэсіі пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла ўзнёс малітву падзякі Богу, паўтараючы словы з Евангелля: “Адкуль гэта нам, адкуль гэта нам, Вілейчанам, такая вялікая радасць, што Маці Пана нашага прыйшла да нас!”. У малітве святар таксама прасіў далейшага заступніцтва Божай Маці над Вілейскай парафіяй, каб усе заставаліся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню. Кс. Аляксандр яшчэ раз выказаў словы падзякі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і ўсім прысутным вернікам. Іерарх перад тым, як удзяліць благаслаўленне заахвоціў усіх прысутных быць вернымі малітве і Богу, каб стаць святлом свету і несці ў свет заўсёды жывое і дзейснае Божае Слова.
Фігура Маці Божай Фацімскай прабудзе ў парафіі Узвышэння св. Крыжа ў Вілейцы да 16 мая, пасля чаго будзе пілігрымаваць па парафіях Вілейскага дэканату.
Кацярына Дурко
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/1021-svyatkavanne-100-goddzya-fatsimskih-ab%E2%80%99yalennya-u-nashay-parafii#sigProGalleriaf8d40a9b80
Фота Аксаны Бажко