А 21 гадзіне распачалася Літургія Святла, падчас якой быў асвечаны новы агонь і запалена Пасхальная свечка – Пасхал. Гэта свечка з натуральнага воску з’яўляецца літургічным сімвалам Езуса Хрыста, Які ёсць Святлом свету (Ян 8, 12).
Пасля радаснага спеву “Exultet!” (“Радуйцеся!”), які абвясціў аб вызваленні чалавецтва з рабства граху і смерці, распачалася другая частка – Літургія слова. У Пасхальную ноч Літургія слова асабліва багатая, чытанні са Старога і Новага Запавету ўзгадваюць гісторыю збаўлення чалавецтва, пачынаючы ад стварэння свету і да збаўчай смерці і ўваскрасення Езуса.
У гаміліі пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла параўнаў тры дні Пасхальнага Трыдуума з трыма хрысціянскімі цнотамі – верай, надзеяй і любоўю. Святар распавёў сведчанне адной старэйшай жанчыны, якая нягледзячы на цярпенне і цяжкі крыж, што лёг на яе плечы, трывае ў моцнай веры і даверы да Бога. Кс. Аляксандр заахвоціў вернікаў задумацца над словамі “Хрыстус уваскрос!” і перамяняцца разам з Хрыстом да лепшага.
Падчас Літургіі Хросту адбылося благаслаўленне хрысцільнай вады і аднаўленне абяцанняў Хросту, падчас якіх прысутныя вернікі ўзгадалі свой уласны Хрост, яшчэ раз выракліся зла і вызналі сваю веру ў Бога.
Пасля Эўхарыстычнай Літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў Гроб Пана, дзе распачалося малітоўнае чуванне і працягвалася аж да раніцай Св. Імшы.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/1008-%E2%80%9Cexultet%E2%80%9D-pashalnaya-vigiliya-nashay-parafii#sigProGalleria105ddfb3e2
Фота Аксаны Бажко