Згодна з кананічным правам, права на заснаванне катэдральнага капітула любой дыяцэзіі належыць Апостальскай Сталіцы. Да гэтага дня катэдральныя капітулы ў Беларусі былі заснаваны ў Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзіях.
Прэзбітэраў, якія з’яўляюцца членамі капітула, называюць канонікамі. Да іх заданняў належыць здзяйсненне найбольш урачыстых літургічных цэлебрацый у катэдральным касцёле, а таксама выкананне тых абавязкаў, якія на іх ускладзены правам або дыяцэзіяльным біскупам. Асноўным дакументам, які рэгулюе дзейнасць капітула, з’яўляецца яго статут.
Канонікі капітула падзяляюцца на дзве групы: грэміяльныя канонікі і ганаровыя канонікі. Прызначэнне канонікам носіць характар асаблівай адзнакі і прызнання заслуг перад дыяцэзіяй. Грэміяльныя канонікі ў капітуле выконваюць разнастайныя функцыі: дэкана (старшыні), тэолага, пенітэнцыярыя, цырымоніймайстра, кусташа, сакратара.
Паводле http://catholic.by
(http://catholic.by/2/home/news/belarus/minsk-mohilev/134018-kapitul.html)
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызначыў 8 грэміяльных канонікаў і 10 ганаровых канонікаў. Адным з грэміяльных канонікаў, а менавіта канонікам сакратаром быў прызначаны кс. Аляксандр Барыла — пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў г. Вілейка, дэкан Вілейскага дэканата.
Шчыра віншуем пробашча нашай парафіі з гэтым прызначэннем! Жадаем кс. Аляксандру дароў Духа Святога, Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай Будслаўскай!