Сакрамэнт любові, Найсвяцейшая Эўхарыстыя, з’яўляецца дарам, які Езус Хрыстус дае з сябе, адкрываючы нам бясконцую любоў Бога да кожнага чалавека. Святая Літургія — гэта асаблівы культ, які аддаецца Божай велічы, аднак разам з тым яна змяшчае таксама багаты змест для настаўлення вернага народу. Бо ў Літургіі Бог звяртаецца да свайго народу, Хрыстус надалей абвяшчае сваё Евангелле, а народ Божы адказвае спевам і малітвай.
Святая Літургія - гэта прывілеяваны асяродак, у якім Бог прамаўляе да нас у рэчаіснасці нашага жыцця, прамаўляе сёння да свайго народу, які слухае і адказвае. Кожнае літургічнае дзеянне па сваёй натуры насычана Святым Пісаннем. Як сцвярджае канстытуцыя Sacrosanctum Concilium, «Святое Пісанне мае найвялікшае значэнне ў цэлебрацыі Літургіі, бо з яго бяруцца чытанні, якія тлумачацца ў гаміліі, і псальмы, якія спяваюцца. З яго чэрпаюць сваё натхненне і свой дух просьбы, малітвы і літургічныя песні. У ім таксама трэба шукаць значэнне дзеянняў і знакаў».
Больш за тое, трэба сказаць, што сам Хрыстус прысутнічае ў сваім слове, бо калі ў Касцёле чытаюць Святое Пісанне, гаворыць Ён сам. Такім чынам, літургічная цэлебрацыя становіцца няспынным, поўным і дзейсным абвяшчэннем Божага слова. Божае слова, якое абвяшчаецца ў Літургіі, заўсёды з’яўляецца жывым і дзейсным праз моц Духа Святога і выяўляе чынную і невычэрпную ў сваёй плённасці любоў Айца да людзей»
Галоўную частку літургіі слова складаюць чытанні, узятыя са Святога Пісання, з суправаджальнымі спевамі. Гамілія, вызнанне веры і агульная малітва, альбо малітва вернікаў, развіваюць і завяршаюць літургію слова. У чытаннях, якія тлумачацца ў гаміліі, Бог прамаўляе да свайго народа, адкрывае таямніцу адкуплення і збаўлення, а таксама дае духоўны пасілак; а Хрыстус сам прысутнічае праз сваё слова сярод вернікаў. Гэтае Божае слова народ засвойвае ў маўчанні і ў песнях, далучаецца да яго ў вызнанні веры, а, пажыўлены ім, у агульнай малітве ўзносіць свае просьбы аб патрэбах усяго Касцёла і за збаўленне ўсяго свету.
Біблійныя чытанні
У чытаннях для вернікаў рыхтуецца стол слова Божага і адкрываюцца біблійныя скарбы. Таму пажадана захоўваць паслядоўнасць біблійных чытанняў, у якой выяўляецца адзінства абодвух Запаветаў і гісторыі збаўлення; нельга таксама замяняць чытанні і рэспансарыйны псальм, якія змяшчаюць слова Божае, іншымі, не біблійнымі тэкстамі
Сучасная структура літургічных чытанняў прадстаўляе найважнейшыя тэксты Пісання, а таксама спрыяе разуменню еднасці Божага плану, паказваючы сувязі паміж чытаннямі Старога і Новага Запавету, у цэнтры якіх «стаіць Хрыстус, які ўшаноўваецца ў сваёй Пасхальнай таямніцы».
Пракламацыя біблійных чытанняў – гэта не звычайнае “адчытванне”, таму звычайна гэта робіць лектар – асоба, устаноўленая менавіта для чытання тэкстаў са Святога Пісання, за выключэннем Евангелля. Лектар можа таксама прамаўляць інтэнцыі агульнай малітвы, а калі адсутнічае псальміст, прамаўляць паміж чытаннямі псальм.
Калі няма ўстаноўленага лектара, для чытання тэкстаў са Святога Пісання прызначаюцца іншыя свецкія асобы, якія сапраўды здольныя выконваць гэты абавязак і старанна падрыхтаваныя, каб вернікі, слухаючы боганатхнёныя чытанні, успрымалі сэрцам жывую і гарачую любоў да Святога Пісання.
Таму сапраўды вельмі важна, каб лектары, якія выконваюць гэтую паслугу, нават калі не былі ўстаноўленыя, мелі сапраўды адпаведную і старанную падрыхтоўку, як біблійную і літургічную, так і тэхнічную: біблійнае навучанне павінна быць накіравана на тое, каб лектары разумелі чытанні ў іх уласным кантэксце і праз святло веры спасцігалі сутнасць аб’яўленага слова.
Рэспансарыйны псальм
Пасля першага чытання ідзе рэспансарыйны псальм, які з’яўляецца інтэгральнай часткаю літургіі слова і мае вялікае літургічнае і пастырскае значэнне, паколькі спрыяе разважанню (медытацыі) над Божым словам.
Рэспансарыйны псальм адпавядае асобным чытанням і звычайна бярэцца з лекцыянарыя.
Пажадана, каб рэспансарыйны псальм спяваўся, ці каб спявалася прынамсі тое, што адносіцца да адказу народа. Таму псальміст альбо кантар, які выконвае псальм, выконвае верш псальма на амбоне альбо ў іншым адпаведным месцы. Уся супольнасць, седзячы, слухае псальм і звычайна прымае ўдзел, паўтараючы рэфрэн, калі толькі псальм не выконваецца спрошчаным спосабам, г.зн. без рэфрэна.
Калі псальм не можа спявацца, ён прамаўляецца такім чынам, каб як найбольш спрыяць разважанню (медытацыі) над словам Божым.
Акламацыя перад чытаннем Евангелля
Пасля чытання, якое ідзе непасрэдна перад Евангеллем, спяваецца Аллелюя альбо іншы вызначаны ў рубрыках спеў, у адпаведнасці з літургічным перыядам.
Такая акламацыя ўтварае абрад ці асобнае дзеянне. У ёй супольнасць вернікаў прымае і вітае Пана, які будзе прамаўляць да іх у Евангеллі, і ў спеве вызнае сваю веру. Вядзе спеў акламацыі хор ці кантар і ўсе спяваюць яе стоячы, а калі дазваляюць абставіны, яна паўтараецца. Верш спявае хор ці кантар.
Габрэйскае слова “Аллелюя” азначае “спявайце Пану, слаўце Бога”. Гэты радасны заклік выплывае з сэрца Касцёла адносна Божых дабротаў, гэта спеў новага, адкупленага жыцця.
Спеў перад Евангеллем
Спеў перад Евангеллем – ўрачыстая падрыхтоўка да слухання Евангелля, з’яўляецца як бы жаданнем падкрэслення, што набліжаецца Хрыстос Настаўнік, ёсць вызнаннем веры і прывітаннем Хрыста, які праз хвіліну прамовіць словамі Добрай Навіны.
Секвенцыя, за выключэннем дзён Пасхі і Спаслання Духа Святога, з’яўляецца неабавязковай, спяваецца пасля Аллелюя.
Евангелле
Чытанне Евангелля з’яўляецца вяршыняй літургіі слова.
Агульнавядома, што сярод усіх кніг Пісання, у тым ліку Новага Запавету, пачэснае месца заслужана займаюць Евангеллі, паколькі яны з’яўляюцца галоўным сведчаннем пра жыццё і вучэнне ўцелаўлёнага Слова — нашага Збаўцы.
Сама Літургія вучыць, што чытанню Евангелля павінна аддавацца найвышэйшая пашана, паколькі вылучае і адзначае яго сярод іншых чытанняў спецыяльным гонарам: служыцелі, вызначаныя для яго абвяшчэння, благаслаўляюцца святаром альбо рыхтуюцца праз малітву, мы ж сваімі акламацыямі прымаем і вызнаём, што Хрыстос — прысутны і прамаўляе да нас, а само чытанне мы слухаем стоячы; Евангеліярыю аддаюцца знакі пашаны.
Евангелле – гэта не проста звыклае апавяданне пра падзеі, якія далі нам збаўленне. Дзякуючы дзеянню Духа Святога, гэтыя падзеі становяцца прысутнымі.
Непасрэдна перад чытаннем Евангелля дыякан ці святар вітае нас літургічныя прывітаннем “Пан з вамі”. Мы адказваем “І з духам тваім”. Пасля абвяшчаецца, які фрагмент Евангелля будзе прачытаны: нп. “Чытанне Святога Евангелля паводле Мацвея”. Мы робім Знак крыжа на чоле азначае волю прыняцця слова розумам, на вуснах азначае прагненне абвяшчэнне Евангелля. Крыж на сэрцы азначае волю перамены жыцця пад уплывам слова.
Гамілія
Папа Бенедыкт XVI зазначае, што гэтая частка Літургіі Слова павінна спрыяць больш поўнаму разуменню Божага слова і яго эфектыўнасці ў жыцці вернікаў.
Гамілія актуалізуе навіну Святога Пісання, каб вернікі маглі адкрыць прысутнасць і дзейснасць Божага слова у сваім штодзённым жыцці. Яна павінна аблегчыць разуменне цэлебраванай таямніцы, заахвоціць да місіі, рыхтуючы сход да вызнання веры, агульнай малітвы і эўхарыстычнай літургіі.
Гамілію звычайна прамаўляе сам цэлебруючы святар; ён можа даручыць гэта канцэлебруючаму святару альбо, калі гэта мэтазгодна, таксама дыякану, але ніколі — свецкай асобе. У асаблівых выпадках і з паважнай прычыны гамілію можа прамовіць таксама біскуп альбо святар, які ўдзельнічае ў цэлебрацыі і можа канцэлебраваць.
У нядзелі і прадпісаныя святы гамілію неабходна прамаўляць на ўсіх Імшах, якія цэлебруюцца з удзелам народа, і нельга прапускаць гаміліі без сур’ёзнай прычыны. У іншыя дні яна таксама пажаданая, асабліва ў будні Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, а таксама ў іншыя святы і пры іншых выпадках, калі ў Касцёле збіраецца вялікая колькасць людзей.
Пасля гаміліі пажадана кароткі час захоўваць маўчанне, каб спрыяць разважанню (медытацыі). Трэба пазбягаць усялякай паспешнасці, якая перашкаджае засяродзіцца. Для гэтага служаць таксама кароткія хвіліны маўчання, дастасаваныя да сабранай супольнасці, падчас якіх з дапамогаю Духа Святога сэрцам успрымаецца Божае слова і праз малітву рыхтуецца адказ на яго.
Вызнанне веры
Сімвал, альбо вызнанне веры, накіраваны на тое, каб увесь сабраны народ адказаў на Божае слова, абвешчанае ў чытаннях са Святога Пісання і выкладзенае ў гаміліі, а таксама, прамаўляючы праўды веры ў форме, зацверджанай для літургічнага ўжытку, ушанаваў і вызнаў вялікія таямніцы веры перш, чым распачнецца іх цэлебрацыя ў Эўхарыстыі.
У Касцёле лучыць нас разам адна вера, якая пераказывалася з пакалення ў пакаленне. Вызнанне веры – гэта адказ на Божае Слова і малітва, аддане хвалы Богу.
Вызнанне веры падчас святой Імшы вяртае нас да хросту, да пачатку дарогі веры, яе развіццю у тваім жыцці. Слова “веру” абавязвае, таму варта звярнуцца да Катэхізіса Касцёла, які падае поўнае раз’ясненне ўсіх частак Крэда.
Агульная малітва
У агульнай малітве, альбо малітве вернікаў, народ пэўным чынам дае адказ на прынятае з верай Божае слова і, выконваючы абавязак свайго атрыманага праз хрост святарства, ахвяруе Богу малітвы за збаўленне ўсіх людзей. Важна прамаўляць гэтую малітву на Імшах з народам такім чынам, каб узносіліся просьбы за святы Касцёл, за тых, хто намі кіруе, за прыгнечаных цяжкімі жыццёвымі абставінамі, за ўсіх людзей і за збаўленне ўсяго свету.
Малітва верных дае нам здольнасці скаладаць духоўную ахвяру за збаўленне ўсяго свету. Малітва за іншых вучыць нас далікатнасці, прыпамінае не канцэнтравацца толькі на ўласных патрэбах. Мы адказныя за ўвесь Касцёл і ўвесь свет.
Звычайна захоўваецца такая чарговасць інтэнцый:
а) аб патрэбах Касцёла;
б) за кіруючых дзяржавамі і за збаўленне ўсяго свету;
в) за прыгнечаных жыццёвымі цяжкасцямі;
г) за мясцовую супольнасць.
Але на некаторых асаблівых цэлебрацыях, як, напрыклад, пры канфірмацыі, сужэнстве, пахаванні парадак інтэнцый можа дастасоўвацца да гэтых падзей.
Абавязак цэлебруючага святара ў тым, каб са свайго месца кіраваць малітваю. Ён уводзіць у малітву кароткім уступам, у якім запрашае вернікаў маліцца, і завяршае яе заключнаю малітваю.
Інтэнцыі, якія прапануюцца, павінны быць прадуманымі, укладзенымі з мудрай шчырасцю ў некалькіх словах і прадстаўляць маленне ўсёй супольнасці.
Як зазначае Бенедыкт XVI, “Слова і Эўхарыстыя так цесна звязаны з сабой, што нельга зразумець першага без другога: Божае слова становіцца сакрамэнтальным целам у эўхарыстычнай падзеі. Эўхарыстыя адкрывае нас на разуменне Святога Пісання, так як Святое Пісанне асвятляе і тлумачыць эўхарыстычную таямніцу. Фактычна, калі не прызнаецца, што Пан рэальна прысутнічае ў Эўхарыстыі, разуменне Пісання застаецца няпоўным. Таму «Касцёл заўсёды і ўсюды з аднолькавай руплівасцю, хоць і ў розных формах культу, ушаноўваў і хоча ўшаноўваць Божае слова і эўхарыстычную таямніцу. Натхнёны прыкладам свайго Заснавальніка, Касцёл ніколі не пераставаў святкаваць Яго Пасхальную таямніцу, збіраючыся разам, каб чытаць “тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго” (Лк 24, 27) і здзяйсняць справу збаўлення праз успамін Пана і сакраманты»”
Літаратура:
ПАСЛЯСІНАДАЛЬНАЯ АПОСТАЛЬСКАЯ АДГАРТАЦЫЯ VERBUM DOMINI СВЯТОГА АЙЦА БЭНЭДЫКТА XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/107590.html.
Паслясінадальная Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/100784.html.
ДАГМАТЫЧНАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ «DEI VERBUM», у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101681.html#5.
Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі. Раздзел II. Структура імшы, яе элементы і часткі, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101198.html.
Святая Імша. Часткі Імшы і іх значэнне, у: http://katedra.by/index.php?option=com_content&task=view&id=336&Itemid=9.
Ks. Tomasz A. Dawidowski, LITURGIA SŁOWA, у: http://sanctus.pl/index.php?grupa=116&podgrupa=153&doc=99.