Сумленне - гэта адзін з найвялікшых скарбаў, які чалавек атрымлівае ад Бога. Сумленне - гэта голас Бога, які прагне весці чалавека дарогаю дабра. Аднак голас гэты вельмі далікатны, паколькі Бог не можа абмяжоўваць волі чалавека. Сумленне разрознівае рэчы добрыя і дрэнныя, наказвае рабіць першыя і ўнікаць другіх. Сумленне лічыцца з вечнасцю і ўсё ацэньвае ў яе перспектыве, у той час, калі эгаізм нават не хоча лічыцца са смерцю, якая з'яўляецца яго цалкавітаю паразаю. Сумленне шануе свабоду; эгаізм атаясамлівае свабоду з чыненнем таго, што яму падабаецца, пагружаючы чалавека ў няволю ўласных капрызаў.
Рахунак сумлення — гэта прыпамінанне сабе сваіх грахоў, учыненых ад апошняй шчырай споведзі, або грахоў, учыненых на працягу ўсяго жыцця, калі чалавек прыступае да споведзі першы раз або хоча паспавядацца за ўсё сваё папярэдняе жыццё.[2]
Мэта рахунку сумлення – паказаць нам зло, прычынай якога мы з’яўляемся і якое ў нас ужо “пусціла карані”.[3]
Рахунак сумлення павінен быць дакладным і ўпарадкаваным .
Дакладны рахунак сумлення — гэта смелае і адкрытае прыпамінанне сваіх грахоў, без спробы апраўдаць сябе і з поўнаю шчырасцю перад самім сабою. Бог ведае ўсе нашы грахі і іх колькасць, акалічнасці, цяжкасць. Бог ведае ўсе нашыя грэшныя думкі і намеры, усе дрэнныя пачуцці, не гаворачы ўжо пра грэшныя словы і ўчынкі.
Трэба звярнуць увагу на крыніцу і галоўныя прычыны сваіх грахоў. Ці было частае ўпаданне ў нейкі грэх звязана з недахопам малітвы, ці гэта здарылася з прычыны дрэнных схільнасцяў, якія мы атрымалі ад бацькоў і над якімі нам трэба болын старанна працаваць (напр., гняўлівасць, празмерная пачуццёвасць, схільнасць да меланхоліі)? Ці, можа, прычынаю частых грахоў было нейкае месца ці асоба, ці нават рэч, якіх трэба проста пазбягаць, каб ухіліцца ад моцнай спакусы і аказіі да грэхападзення.[4]
Для таго, каб споведзь была не проста фармальнасцю ці знешнім абрадам, да яе трэба належным чынам падрыхтавацца. Падчас яго трэба добрасумленна прааналізаваць свае паводзіны пасля апошняй сапраўднай споведзі і ўзгадаць усе смяротныя грахі, учыненыя за гэты час. Разважаючы такім чынам у прысутнасці Бога над сваім жыццём, належыць звярнуць увагу не толькі на смяротныя грахі, але і на грахі штодзённыя, бо свядома ўчынены штодзённы грэх, які застаўся без пакаяння, паступова падштурхоўвае нас да смяротнага граху.
Заўважыць свой грэх
Ніхто не можа спавядацца і выпраўляцца з грахоў, якіх не бачыць у сабе, таксама як не можа прыводзіць у парадак дом у поўнай цемры.[5]
Каб гэта зрабіць, трэба памятаць, што грэх– гэта дабравольнае і свядомае парушэнне запаведзяў Божых альбо касцёльных. Грэх раніць чалавечую натуру і парушае добрыя адносіны паміж людзьмі.[6] Грэх - гэта заўсёды ігнараванне Бога, які праз сумленне прамаўляе да чалавека, але гэта таксама і знішчэнне Божай справы. Чалавек тады дзейнічае насуперак Богу, знішчаючы сябе самога.[7] Грэх - гэта адыход ад Бога, парушэнне годных узаемаадносінаў паміж чалавекам і Богам, чалавекам і супольнасцю Касцёла. Гэта асабістая абраза бясконцай велічы Бога і Яго Айцоўскага Сэрца.[8]
Трэба адрозніваць грэх цяжкі (смяротны) ад граху лёгкага (штодзённага).
Цяжкі грэх чалавек чыніць тады, калі парушае запаведзі
1) У важнай рэчы (цяжкая матэрыя)
2) Поўнасцю свядома
3) Поўнасцю дабравольна
Грэх лёгкі чалавек чыніць тады, калі парушае запаведзі
1) У малых рэчах
2) Не поўнасцю свядома
3) Не поўнасцю дабравольна
Грэх цяжкі поўнасцю знішчае ў нас любоў, пазбаўляе нас асвячальнай ласкі, вядзе да вечнай смерці ў пекле. Лёгкі грэх не знішчае запавету з Богам, але аслабляе любоў, перашкаджае духоўнаму развіццю і набыванню цнотаў.[9]
Усе мы, людзі, – слабыя і грэшныя…Таму кожны павінен у шчырасці свайго сэрца стаць перад Панам, прыпамінаючы свае грахі. Гэтую праўду пацвярджае прыпавесць Езуса аб фарысеі і мытніку. Фарысей, які звяртаўся да Бога ў малітве: - не меў мужнасці ацаніць сябе належным чынам. Апраўдванне, канцэнтрацыя толькі на “плюсах” ці параўнанне сябе з людзьмі “горшымі” ад сябе - чыняць немагчымым хмену жыцця, дасканаленне і развіццё. Не зменіцца той, хто не ведае сябе, хто не бачыць патрэбы змены свайго дзеяння. Чалавек, які не жадае пазнаць поўнай праўды аб сабе, так шчыра кажучы, ніколі не дойдзе да сапраўднага жалю, да поўнай любові – а гэта азначае, што ён не навернецца. Прыклад фарысея і мытніка паказвае, што не атрымае прабачэння грахоў той, хто знаходзіцца ў бескрытычным самазадавальненні, поўным эгаізму, “Я”.[10]
Добра зроблены рахунак сумлення дапаможа ўбачыць нейкія пастаянныя дрэнныя схільнасці, якія рэгулярна штурхаюць нас да граху. Такую схільнасць да зла называюць таксама галоўнай заганай. Для таго, каб пазбягаць у далейшым тых ці іншых грахоў (асабліва калі яны часта паўтараюцца), неабходна выявіць, што з'яўляецца іх прычынаю — галоўнаю заганай чалавека. Гэта можа быць, напрыклад, недахоп пакоры, недавер да Пана Бога, або празмерная прывязанасць да матэрыяльных дабротаў ці задавальненняў і г. д. Галоўных заганаў можа быць і некалькі, але каб іх выкрыць і ўсвядоміць, трэба быць вельмі шчырым перад Богам і перад сабою і бачыць не толькі знешнія праявы грахоў, але і іх найглыбейшыя матывы.[11]
Вызнанне лёгкіх грахоў, хоць гэта не з’яўляецца неабходным, горача рэкамендуецца Касцёлам, бо дапамагае нам правільна фарміраваць сумленне, змагацца супраць дрэнных схільнасцяў, даверыцца аздараўляльнай моцы Хрыста і ўзрастаць у духоўным жыцці.[12]
Для таго, каб робячы рахунак сумлення перад споведдзю, не прапусціць чагосьці важнага, можна карыстацца прыкладнымі пытаннямі[13] – нп. у многіх малітоўніках і кнігах ёсць узор рахунку сумлення(Ойча наш, Нястомна маліцеся, Рахунак сумлення перад споведдзю іг.д.), а таксама можна знайсці інтэрнет-альтэрнатывы[14]. Калі ёсць боязь забыцца пра што-небудзь на споведзі, можна зрабіць для сябе занатоўкі, якія адразу пасля вызнання грахоў трэба знішчыць.
Заўважыць свае здольнасці і таленты
Кожны з нас атрымаў ад Бога нейкія таленты – хтосьці больш, хтосьці менш. Але усе мы пакліканы іх развіваць і служыць пры дапамозе іх іншым людзям. Перакананне аб недахопе адпаведных здольнасцей тармозіць актыўнасць чалавека, нараджае заздрасць, стварае комплекс недастастатковасці і нізкасці.[15]
Дзякуючы рахунку сумлення я магу знайсці адказ на пытанне: якія дары я добра выкарыстаў, а якія змарнаваў? [16]
He павінны застацца без увагі нашыя занядбанні, гэта значыць, усе тыя выпадкі, калі з-за ляноты, фальшывага сораму ці абыякавасці мы не зрабілі дабро, якое маглі зрабіць.[17]
Рахунак сумлення трэба рабіць у прысутнасці Бога
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што рахунак сумлення трэба рабіць у святле Божага Слова.[18] Перш за ўсё трэба папрасіць святла Духа Святога, каб у ім спазнаць усе свае грахі і правіны. Менавіта Дух Святы можа ажывіць нашае сумленне, асабліва тады, калі дазволілі заглушыць у сабе гэты унутрану будзільнік. Дух Суцяшальнік дазволіць нам заўважыць і тое, што добрае, і тое, што патрабуе перамены, напраўлення, навяртання.[19]
Сам рахунак сумлення з’яўляецца малітвай, размовай з Богам. Калі разважаем над сваімі ўчынкамі, належыць усвядоміць, што стаім перад любячым і міласэрным Богам, які – хоць нас добра ведае – ніколі нас не адкідвае, што Ён няспынна працягвае нам далонь сваёй дапамогі, каб мы вызваліліся ад грахоў. Вера ў Божую любоў здольная нас захаваць ад баязлівасці і жадання апраўдаць грэх( ну, бо вымушаны быў красці, казаць няпраўду іг.д.). Робячы рахунак сумлення ў прысутнасці Пана, трэба размаўляць з Ім, няспынна Яго пытаючыся: “Пане, чаго Ты ад мяне чакаў?” , “Чаго чакаеш у будучыні?”[20]
Падчас наступнай нашай сустрэчы будзем разважаць над сумленнем – Божым голасам ўнутры чалавека.
[1]Reconciliatioet Paenitentiа, у: http://www.opoka.org.pl/biblioteka/W/WP/jan_pawel_ii/adhortacje/reconciliatio.html#m12.
[2]З КЛОПАТАМ ПРА СУМЛЕННЕ, у: attachment:/1/sumlenne.htm#2.
[3]Я адкрыў Табе мой грэх, у: http://slowo.grodnensis.by/index.php?option=com_content&view=article&id=2398%3A7-347&catid=26%3Aduc-in-altum&Itemid=438&lang=by.
[4]Ці верыш ты ў Сына Божага, с. 101
[5]Ці верыш ты ў Сына Божага, c. 102.
[6]Кс. Д. Пухальскі, РАХУНАК СУМЛЕННЯ перад споведдзю, 2-е выданне, Мінск 2011.
[7]Эдвард Станек, З КЛОПАТАМ ПРА СУМЛЕННЕ, у: http://pro-christo.catholic.by/text/sumlenne.htm.
[8]САКРАМЭНТ ПАКАЯННЯ I ПАЯДНАННЯ (СПОВЕДЗЬ), у: http://www.waladarka.by/index.php?option=com_content&view=article&id=35&Itemid=51.
[9]Кс. Д. Пухальскі, РАХУНАК СУМЛЕННЯ перад споведдзю, 2-е выданне, Мінск 2011; Кароткі катэхізм для каталікоў, у: http://knihi.com/none/Karotki_katechizm_dla_katalikou.html.
[10]Ks. Michał Kaszowski, Dobre przygotowanie się do spowiedzi, у: http://www.teologia.pl/m_k/zag06-4d.htm#3.
[11]Якім павінен быць рахунак сумлення, у: http://katecheta.narod.ru/conscience_.htm.
[12]Кампендый ККК, 306.
[13]ks. Maciej K. Kubiak, Sakrament pokoju i radości - rachunek sumienia, у: http://www.spowiedz.katolik.pl/sakrament-pokoju-i-radosci---rachunek-sumienia,183,801,2,a.html.
[14]Мой рахунак сумлення, у: http://slowo.grodnensis.by/index.php?option=com_content&view=article&id=2046%3A11-327&catid=3&Itemid=423&lang=by; ПЕРШАСУБОТНІ РАХУНАК СУМЛЕННЯ, у: http://sercamaryi.blog.tut.by/2012/08/23/pershasubotni-rahunak-sumlennya-2/; Рахунак сумлення, у: http://katecheta.narod.ru/conscience.htm; Для принятия Таинств, у: http://catedra.ru/index.php?page=4sacrament; Wzór rachunku sumienia, у: http://www.spowiedz.katolik.pl/wzor-rachunku-sumienia,123,801,1,a.html.
[15]Ks. Michał Kaszowski, Dobre przygotowanie się do spowiedzi, у: http://www.teologia.pl/m_k/zag06-4d.htm#3.
[16]Dwa pytania, у: http://www.spowiedz.katolik.pl/dwa-pytania,124,801,1,a.html.
[17]Якім павінен быць рахунак сумлення, у: http://katecheta.narod.ru/conscience_.htm.
[18]ККК 1154.
[19]ks. Piotr Mieleszyński, Rachunek sumienia/ Przewodnik katolicki, у: http://www.spowiedz.katolik.pl/rachunek-sumienia--przewodnik-katolicki,301,416,1,a.html.
[20]Ks. Michał Kaszowski, Dobre przygotowanie się do spowiedzi, у: http://www.teologia.pl/m_k/zag06-4d.htm#3.