Кс. Раман Суша паходзіць з нашай парафіі. 6 чэрвеня 1990 г. адбылася рэкансэкрацыя нашай святыні, і менавіта ў гэты дзень Бог паклікаў да жыцця будучага святара Рамана Суша, які нарадзіўся ў Кіеве. У 1992 г. сям’я маладога святара пераехала ў Вілейку. Бацькі разам з бабуляй і дзядуляй прыводзілі яшчэ зусім маленькага кс. Рамана да святыні. Калі хлопчык падрос, то пачаў служыць пры алтары ў якасці міністранта. У 1999 г. кс. Раман прыняў Першую Святую Камунію з рук тагачаснага пробашча парафіі і цяперашняга біскупа Юрыя Касабуцкага. У 2006 г. кс. Раман атрымаў Сакрамэнт Бежмавання. У 2008 г. кс. Раман скончыў Вілейскую гімназію № 1 і рыхтаваўся да паступлення ў Брытанскую вышэйшую школу дызайна. Але ў Бога былі іншыя планы… Пасля ўдзелу ў рэкалекцыях аб распазнанні паклікання кс. Раман вырашае кардынальна змяніць сваё жыццё і паступае ў Міждыяцэзіяльную Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Пінску. 17 снежня 2013 г. ён атрымаў першую ступень святарства - дыяканскае пасвячэнне, а ў 2014 г. кс. Раман скончыў сваю фармацыю ў семінарыі.
Падчас Св. Імшы а 12.00 21 чэрвеня 2014 г. Раман Суша атрымаў святарскае пасвячэнне і стаў новым працаўніком на жніве Пана. З гэтага моманту кс. Раман можа ўдзяляць Св. Сакрамэнты і цэлебраваць Св. Імшы.
Шчыра віншуем кс. Рамана з атрыманнем дару Святарства! Дзякуем Богу, што кс. Раман адказаў “Так” на голас Хрыста і прысвяціў усё сваё жыццё служэнню Богу і людзям. Будзем жа падтрымліваць маладога святара сваёй малітвай, каб ён быў святым святаром паводле Сэрца Езуса!
https://vilejka-kasciol.by/index.php/katekheza/artykuly/item/665-dzyakuem-bogu-za-novaga-svyatara-z-nashay-parafii#sigProGalleriae435bb3343