Урачыстая Св. Імша адбылася а 10 гадзіне, на якой 21 дзяцей першы раз у сваім жыцці прынялі ў свае сэрцы Цела і Кроў Езуса Хрыста. Перад гэтай значнай падзеяй, каб ачысціць свае сэрцы ад грахоў, дзеці першы раз прыступілі да Сакрамэнту Пакаяння і Паяднання. Напачатку Эўхарыстыі бацькі гэтых дзяцей перад супольнасцю ўсёй парафіі падцвердзілі, што да гэтага дня іх дзеці рыхтаваліся на працягу двух год праз удзел у занятках па рэлігіі і нядзельных Св. Імшах. І вось гэты доўгачаканы дзень прыйшоў… Дзяўчаты ў прыгожых белых сукеначках, хлопцы ў белых кашулях, якія сімвалізуюць ачышчаныя на Споведзі сэрцы, з запаленымі свечкамі ў руках па чарзе падыходзілі да алтара і першы раз у сваім жыцці прымалі Цела і Кроў Езуса Хрыста. З гэтага моманту дзеці не проста сталі бліжэй да Бога, але прынялі Яго, жывога і праўдзівага, у свае сэрцы, каб цяпер яны маглі стаць месцам прабывання Самога Езуса Хрыста. Напрыканцы ўрачыстасці ксёндз – пробашч Аляксандр уручыў дзецям пасведчанні аб прыняцці Першай Св. Камуніі і адзначыў, што гэты дзень – гэта не канец, але толькі пачатак іх духоўнага развіцця і жыцця з Богам.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/katekheza/artykuly/item/661-pershaya-sv-kamuniya-nashay-parafii#sigProGalleriabd03108e50