Кожны дзень адбываліся канферэнцыі, разважанні, малітвы, цэнтрам усяго дня была сустрэча з Хрыстом Эўхарыстычным у Св. Імшы. Аднак вядома, што Бог побач з намі на працягу ўсяго часу, Ён прамаўляе таксама і праз розныя падзеі і іншых людзей. Таму падчас гэтых канікул з Богам моладзь пазнавала Божую Мудрасць і Прыгажосць захапляючыся створаным сусветам і нашай сінявокай Бацькаўшчынай, а таксама імкнулася кожнага дня сустракаць Бога ў сваіх бліжніх праз шчырую радасць і цеплыню адносін.
Першы дзень распачаўся знаёмствам з кляштарам і сестрамі і супольнай малітвай. Напрыканцы дня адбылася вандроўка распюшчаных вачэй на замкавую гару, асабліва жывапіснае месца ў Браславе, з якога адкрываецца цудоўны далягляд. Закончылі першы дзень пунктам, які ў праграме называўся “закат солнца вручную”, калі сонейка-апельсін на вачах закацілася за гарызонт у чыстае неба, што абяцала назаўтра добрае надвор’е насуперак усім прагнозам.
Другі дзень прынёс не менш уражанняў. Пасля ранішняй Святой Імшы моладзь чакала паездка на катамаранах. А увечары адбылася сустрэча з айцом Адамам з супольнасці сальватарыянаў, якія працуюць у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыіі, і экскурсія па касцёле, з якой можна было даведацца пра гісторыю святыні і сам цудоўны абраз Маці Божай, Валадаркі азёраў (дарэчы, адзін з нешматлікіх абразоў на Беларусі, ушанаваны Папскімі каронамі). Пятніца скончылася працяглай і прыгожай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, сустрэчай і размовай з Жывым Езусам.
Субота вызначылася дажджлівым надвор’ем, аднак гэта не перашкодзіла самым адважным паплаваць пад цёплым ліпеньскім дажджом. А вольны час паміж малітвамі і чытаннем Св. Пісання удзельнікі рэкалекцый праводзілі падчас інтэлектуальных гульняў.
Браслаўшчына сапраўды пакінула ў сэрцах свой след, а пачуццё супакою, ціхай радасці і захаплення прыгажосцю прыроды застанецца з удзельнікамі рэкалекцый яшчэ надоўга. Прынамсі да наступнага годуJ
{gallery}gallery/2013/11072013{/gallery}