Адмін
Рэдакцыя сайта
Чакаючы разам з Марыяй
Настаў час Адвэнту, час радаснага чакання прыйсця Збавіцеля. Гэты перыяд велізарная ласка, дадзеная нам для таго, каб як лепш падрыхтавацца, бо кожны пражыты дзень Адвэнту - гэта маленькі крок насустрач святкавання Божага Нараджэння.
І мы часта звяртаемся ў малітвах да Найсвяцейшай Панны Марыі, каб Яе заступніцтва дапамагло нам падрыхтавацца належным чынам.
Таму па традыцыі, у перыяд Адвэнту цэлебруюцца ватыўныя Імшы Найсвяцейшай Багародзіцы, якія называюцца “Рараты” (Іс 45, 8 ). Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту.
Часцей за ўсё Раратнія Імшы здзяйсняюцца да ўсходу сонца, бо чаканне ўсходу сімвалізуе чаканне прышэсця Хрыста, Сонца Праўды, каб рассеяць цемру. Менавіта таму Рараты часта папярэднічае працэсія са свечкамі, на чале якой ідуць дзеці з самаробнымі ліхтарыкамі. Набажэнства пачынаецца ў паўцемры і толькі падчас гімна „Хвала на вышынях Богу” ў касцёле ўключаюць святло.
Яшчэ адной з адметных рысаў Раратніх Імшаў з'яўляецца адмысловая свечка, якая стаіць ля алтара і якая сімвалізуе Найсвяцейшую Дзеву, якая як ранішняя зорка абвясціла усім, што узыход Сонца Праўды - гэта Езус Хрыстус, які прыйшоў, каб напоўніць увесь Сусвет радасцю сустрэчы.
Запрашаем усіх вернікаў на гэтыя ранішнія Імшы, каб разам з Найсвяцейшай Багародзіцай звярнуць свой унутраны позірк да Дзіцятка Езуса, якога з вялікім цярпеннем і любоўю чакаем.
Святыя Імшы ў нашай парафіі будуць адбывацца ў аўторак і чацвер у 6.30.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/bibliyateka/karysnyya-spasylki/itemlist/user/42-admin?start=720#sigProGalleriae64efc460e
13-я гадавіна святарскага пасвячэння нашага пробашча
Віншуем нашага пробашча кс. Аляксандра Барыла з чарговай гадавінай святарскага пасвячэння. 13 год назад 2 снежня 2000 года кс.Аляксандр атрымаў святарскае пасвячэнне з рук святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. У сённяшні дзень асаблівым чынам дзякуем Пану Богу за дар яго паклікання, за тое, што ўжо адзінадцаты год можам маліцца разам з ім, за тое, што Пан Бог благаслаўляе ўсе яго пачынанні і ўдзяляе нашай парафіі шматлікія і такія бачныя ласкі. Падчас вячэрняй св.Імшы будзем прасіць далейшага Божага благаслаўлення для кс.Аляксандра на яго святарскім шляху, шчодрых дароў Духа Святога, сталай апекі Маці Божай і Яе дапамогі ў выканананні святарскай паслугі .
10-годдзе парафіяльнага хору "Angeli"
22 лістапада ў дзень успаміну Святой Цэцыліі наш парафіяльный хор “Angeli” адзначыў свой першы значны юбілей – 10-годдзе. Святкаваць пачалі супольнай культурнай праграмай: удзельнікі хору наведалі аранжэрэю батанічнага саду г.Мінска, а таксама пабывалі на прадстаўленні Беларускага Дзяржаўнага Акадэмічнага Музычнага Тэатра “Летучая Мышь” (І.Штраўс).
Цэнтральнай часткай святкавання сталі Святыя Імшы: 22 лістапада ў дзень успаміну апякункі касцёльнага спеву і музыкі і 24 лістапада ў нядзелю Хрыста Уладара Сусвету. Падчас іх харысты разам з парафіяй дзякавалі Богу за дар веры, голасу, за існаванне супольнасці хору і прасілі аб далейшае Божае благаславенне на справу служэння праз спеў.
Пасля нядзельнай Святой Імшы хор працягнуў святкаванне ў парафіяльным доме. Там удзельнікі мелі магчымасць ажыцявіць падарожжа на караблі “Angeli” па розных краінах, якія проста неабходныя кожнаму, каб ведаць для каго і навошта спяваем: краіна музыкі, радасці, пытанняў, шчасця, захаплення, дзяцінства і дабра. Падчас гэтага падарожжа ўдзельнікі хору разам са сваім кіраўніком зрабілі наступныя высновы:
- самае важнае –любіць Бога, музыку і служэнне,
- заданне харыста ў касцёле – дапамагаць людзям маліцца,
- каб ажыццявіць гэта заданне, неабходна мець моцны дух – жыць па-Божаму,
- харыст павінен памятаць, што з’яўляецца любімым Божым дзіцём і гэта праўда не залежыць ад нашага ўзросту,
- харыст павінен быць чалавекам радасці і аптымізму, бо з Богам па-іншаму нельга,
- харыст павінен быць чалавекам веры і дабра, і гэта павінна праяўляцца не ў словах, а ва ўчынках.
Закончылася святкаванне Гімнам да Маці Божай Будслаўскай, бо менавіта каля падножжа Яе абраза падчас рэкалекцый штогод удзельнікі хору чэрпаюць сілы для служэння Богу і людзям.
Анна Аўсейчык
https://vilejka-kasciol.by/index.php/bibliyateka/karysnyya-spasylki/itemlist/user/42-admin?start=720#sigProGalleria9220e72e35
Pазвітанне з айцом Андрэем Ахрэмам OFMСonv
7 лістапада адбылося развітанне з айцом Андрэем Ахрэмам OFMСonv у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, на яго радзіме. 4 лістапада святар загінуў у аўтакатастрофе. Пры целе загінуўшага памаліўся ў вілейскім касцёле Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, святую Імшу ўзначаліў кс. Аляксандр Барыла.
Цела было дастаўлена ў касцёл у 9 гадзін. Парафіяне сустрэлі яго на вуліцы, затым яно было ўрачыста ўнесена ў святыню.
Апостальскі Нунцый памаліўся пры целе загінуўшага святара, выказаў спачуванні яго бацькам, а таксама звярнуўся да ўсіх прысутных вернікаў. Арцыбіскуп прамовіў да іх словы падтрымкі і суцяшэння і запэўніў, што ў гэты момант, балючы для блізкіх, родных, парафіяльнай супольнасці а. Андрэя Ахрэма і францішканскай сям'і, яны не адны, а з імі ў малітве з'яднаны ўвесь Касцёл і Папа Францішак.
У Імшы ўдзельнічала духавенства з дэканата і з іншых мясцін, прысутнічалі бацькі, родныя, сябры, аднакласнікі, настаўнікі загінуўшага святара, дэлегацыі з месца працы яго бацькоў, вялікая колькасць вернікаў.
«Кожны чалавек пакліканы праз акт стварэння для вечнага шчасця ў Богу, — працягваў кс. Аляксандр Барыла. — І кожны з нас ідзе да мэты сваёй дарогай. Хтосьці як чалавек сямейны, іншы адмаўляецца ад сям’і для вышэйшай мэты, іншы як святар, манах, манахіня. У гэтым жыцці мы выконваем розныя заданні, давяраюць нам розныя абавязкі, займаемся рознымі прафесіямі. Бог надзяляе нас большымі ці меншымі талантамі. Але ўсё гэта вядзе нас з вамі да адной мэты – да Бога. Як кажа святы Аўгустын: “Не спакойнае сэрца маё, пакуль не спачне ў Пану!”» Айцец Андрэй Ахрэм, па словах святара, клапаціўся пра «дабро Касцёла», «святасць», «збаўленне ўсіх людзей».
Пасля заканчэння Імшы пачалося малітоўнае чуванне, якое праводзілі моладзь, старэйшыя прадстаўнікі парафіі, Легіён Марыі. Пасля ў касцёле развіталіся з загінуўшым, цела было вынесена са святыні і жалобная аўтамабільная працэсія накіравалася да дома яго бацькоў. Там адбылася малітва, а затым працэсія накіравалася ў Івянец, дзе 8 лістапада ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў 13 гадзін адбудзецца пахаванне.
Паводле Catholic. by
https://vilejka-kasciol.by/index.php/bibliyateka/karysnyya-spasylki/itemlist/user/42-admin?start=720#sigProGalleria7e22982051
У аўтакатастрофе загінуў а. Андрэй Ахрэм
4 лістапада ў аўтамабільнай катастрофе загінуў наш парафіянін а.Андрэй Ахрэм OFMСonv, які пасля святарскага пасвячэння ў Лодзі (Польша) 1 чэрвеня 2013 г. быў скіраваны на душпастырскую працу ў парафію Св.Міхала Арханёла ў Івянцы, якой апякуюцца айцы францішкане.
Развітанне з а. Андрэем у нашай парафіі адбудзецца 7 лістапада з 9-ай да 13-ай гадзіны. У 10 гадзін будзе цэлебравацца св.Імша, а пасля, да 13-ай гадзіны, будзе малітоўнае чуванне.
Пахаванне адбудзецца 8 лістапада ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы а 13-ай гадзіне. Будзе арганізавана паездка з нашай парафіі на пахаванне. Аўтобус ад’едзе а 10 гадзіне. Планаванае вяртанне – а 17 гадзіне. Запісацца можна ў кніжным кіёску.
Айцец Андрэй Ахрэм нарадзіўся 9 сакавіка 1981 года ў Вілейцы. З 2005 па 2012 год праходзіў фармацыю і вучобу ў айцоў францішканаў у Лодзі. Вечныя шлюбы склаў у 2011 годзе.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…
Рэкалекцыі
З 28 па 29 кастрычніка 2013 г. дзеці з парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, удзельнічалі ў рэкалекцыях, якія ўжо традыцыйна праводзяцца тут.
Духоўнымі заняткамі удзельнікаў кіравала Аўсейчык Ганна. Мэтай рэкалекцый было спалучыць час восеньскага адпачынку з духоўным пазнаннем і развіццём адносін з Богам.
Паколькі ў духоўных практыкаваннях удзельнічалі дзеці, то асноўным заняткам было падвесці іх да разумення ўчынкаў любові.
Так як частка дзяцей прысутнічала на рэкалекцыях ужо ў другі раз, таму важным было спалучыць іх досвед, атрыманы раней, з новымі ведамі.
Рэкалекцыі атрымаліся падзеленымі на дзве тэмы згодна з колькасцю дзён. Першы называўся: “Мы сябры Бога. Любі Пана Бога Твайго ўсім сэрцам тваім, усім розумам тваім і ўсëй душой тваëй”. А другі дзень: “Мы сябры паміж сабою. Любі бліжняга свайго, як самога сябе”.
Кожны дзень рэкалекцый завяршаўся, як і распачынаўся супольнаю малітваю, асабліва падчас супольных сустрэч.
Час восеньскіх канікул для многіх стане не толькі звычайным адпачынкам ад школы, але і духоўным падмацаваннем.
{gallery}gallery/2013/04.11.2013.{/gallery}
Расклад катэхез 2013-2014г.
Расклад катэхез 2013-2014гг.
СУБОТА
9.00 альбо 14.00 – Падрыхтоўка да Першай Святой Камуніі (першы год навучання, з 8 год)
10.00 альбо ў 15.00 – Падрыхтоўка да Першай Святой Камуніі (другі год навучання)
10.00 альбо 15.00 – Катэхеза пасля Першай Святой Камуніі (1 год)
11.00 альбо 16.00 – Катэхеза пасля Першай Святой Камуніі (2, 3, 4, 5 год)
11.00 – Катэхеза для самых маленькіх (з 4 – 5 год)
11.45 – Катэхеза для маленькіх (з 6 – 7 год)
15.45 – сустрэча кандыдатаў у міністранты
16.30 – Падрыхтоўка да Сужонства (моладзь, пасля прыняцця Бежмавання)
17.00 – Падрыхтоўка да Першай Камуніі для падлеткаў (з 13 год, інтэнсіўны курс)
18.00 – Святая Імша з удзелам школьнай і студэнскай моладзі
Нядзеля
10.00 – Святая Імша з удзелам дзяцей і моладзі.
11.00 – хор для дзяцей
19.00 – хор для школьнай, студэнскай моладзі і для дарослых
Пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў у нашай парафіі
У чацвер 19 верасня наша парафія мела за гонар прывітаць на вілейскай зямлі каля 100 духоўных асобаў на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскі aрцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.
Вілейская святыня ўвайшла ў новае стагоддзе
Другі дзень святкавання 100-гадовага юбілею нашай святыні
Гэты дзень быў прысвечаны пакаянню і перапрашэнню за ўласныя грахі і грахі парафіяльнай супольнасці, асабліва за грэх знішчэння святыні ў савецкі час.
Набажэнствы распачаліся за гадзіну перад Св. Імшой выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовай малітвай, у якой парафія праз заступніцтва Божай Маці прасіла ў Бога прабачэння за грахі нашай супольнасці і грахі мінулага стагоддзя.
Эўхарыстыя цэлебравалася ў інтэнцыі перапрашэння за ўсе грахі, як асабістыя, так і грахі нашых сем’яў, каб Бог аказаў Сваю Міласэрнасць, каб мы пачалі новае стагоддзе нашай святыні з чыстым сэрцам, каб будавалі новае, лепшае жыццё з чыстым сумленнем. Падчас казання кс. пробашч працягнуў учарашні аповед гісторыі нашай святыні, а таксама ўзгадаў, чым з’яўляецца грэх і што напісана пра грэх у Катэхізісу Каталіцкага Касцёла. Асаблівым чынам кс. Аляксандр звярнуў увагу, што “мы не можам судзіць гісторыю і іншых людзей, нашым заданнем сёння з’яўляецца перапрасіць за ўчыненае зло і недапусціць падобных памылак у будучыні. Сёняшні час таксама не з’яўляецца простым, але сёння людзі самі адмаўляюцца ад Бога і не адчуваюць патрэбы жыць з Ім.” Да кожнага парафіяніна прагучала пытанне: “Дык хто ж сёння вырывае з нашых сэрцаў Бога? Ці не самі мы становімся атэістамі? Мы з непрыязню глядзім на тых, хто ў савецкія часы нішчыў святыні, але ў Св. Пісанні чытаем, што нашыя целы – гэта святыня Духа Святога. А колькі ж нішчыцца такіх святыняў сёння? І робіцца гэта не рукамі бязбожнікаў, а толькі сам чалавек дабравольна і свядома забівае сябе праз грэх…”
Пасля Св. Імшы быў асвечаны драўляны Крыж, які з’яўляецца сімвалам нашага перапрашэння за грахі мінулага стагоддзя і сучаснасці. А пасля разам з гэтым Крыжом вернікі прайшліся вуліцамі цэнтральнай плошчы нашага горада, малячыся і разважаючы стацыі Крыжовай Дарогі. Углядаючыся ў Крыж, вернікі разважалі над цаной нашага Збаўлення, над бясконцай Любоўю Бога і над сваім жыццём.
Сёння мы перапрашаем Бога за грахі савецкага часу, але таксама і дзякуем за шматлікія прыклады вернасці і адвагі тых людзей, якія захавалі веру, каб і мы сёння ў ХХІ стагоддзі свабоды веравызнання заставаліся даканца вернымі Хрысту ва ўсіх абставінах свайго жыцця!
Кацярына Дурко
Фота Аксны Бажко
https://vilejka-kasciol.by/index.php/bibliyateka/karysnyya-spasylki/itemlist/user/42-admin?start=720#sigProGalleria5720a4d81b



