Настаў час Адвэнту, час радаснага чакання прыйсця Збавіцеля. Гэты перыяд велізарная ласка, дадзеная нам для таго, каб як лепш падрыхтавацца, бо кожны пражыты дзень Адвэнту - гэта маленькі крок насустрач святкавання Божага Нараджэння.
І мы часта звяртаемся ў малітвах да Найсвяцейшай Панны Марыі, каб Яе заступніцтва дапамагло нам падрыхтавацца належным чынам.
Таму па традыцыі, у перыяд Адвэнту цэлебруюцца ватыўныя Імшы Найсвяцейшай Багародзіцы, якія называюцца “Рараты” (Іс 45, 8 ). Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту.
Часцей за ўсё Раратнія Імшы здзяйсняюцца да ўсходу сонца, бо чаканне ўсходу сімвалізуе чаканне прышэсця Хрыста, Сонца Праўды, каб рассеяць цемру. Менавіта таму Рараты часта папярэднічае працэсія са свечкамі, на чале якой ідуць дзеці з самаробнымі ліхтарыкамі. Набажэнства пачынаецца ў паўцемры і толькі падчас гімна „Хвала на вышынях Богу” ў касцёле ўключаюць святло.
Яшчэ адной з адметных рысаў Раратніх Імшаў з'яўляецца адмысловая свечка, якая стаіць ля алтара і якая сімвалізуе Найсвяцейшую Дзеву, якая як ранішняя зорка абвясціла усім, што узыход Сонца Праўды - гэта Езус Хрыстус, які прыйшоў, каб напоўніць увесь Сусвет радасцю сустрэчы.
Запрашаем усіх вернікаў на гэтыя ранішнія Імшы, каб разам з Найсвяцейшай Багародзіцай звярнуць свой унутраны позірк да Дзіцятка Езуса, якога з вялікім цярпеннем і любоўю чакаем.
Святыя Імшы ў нашай парафіі будуць адбывацца ў аўторак і чацвер у 6.30.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/fota-videa/galereya-fota/item/493-chakayuchy-razam-z-maryyay#sigProGalleriae64efc460e