Практыка штодзённай малітвы паказвае, што звычайна малітва звязана са шматлікімі цяжкасцямі.
Таму што яна патрабуе не толькі ўдзелу волі і розуму;
яна патрабуе аддання Богу ўсяго сябе.
Магчыма, ты шкадуеш для Бога свайго часу, апраўдваючы сябе любою перашкодаю. Можа, як толькі ўзнікаюць шматлікія дакучлівыя думкі, а малітва губляе нешта са свайго пачуццёва-эмацыянальнага зараду, пераконваеш сябе, што ты не ў стане сканцэнтраваць сваю ўвагу на Богу. Можа, тады ты, уводзячы сябе самога ў зман, з лёгкасцю адмаўляешся ад намаганняў, скіраваных на дасягненне ўнутранай цішыні. Адмаўляючыся ад намаганняў трываць на малітве ў больш глыбокай засяроджанасці, ты адмаўляешся адначасова ад вельмі важнай формы тваіх сустрэч з Богам.
Адной з самых важных.
Каб пазбегнуць гэтага, спрабуй падчас малітвы выкарыстоўваць пэўныя сімвалы і асацыяцыі, якія адносяцца да Бога.
Знайсці сябе ў сэрцы Хрыста
Падобна да таго, як маці ў думках спадарожнічае свайму дзіцяці і жыве яго жыццём, носіць яго, можна сказаць, у сваім сэрцы, так і Бог – толькі ў непараўнальна большай ступені – носіць увесь свет у сваім Сэрцы. Ён клапоціцца пра ўсё, што неабходна нам для збаўлення. Створца свету любіць сваё стварэнне. З невымоўнаю любоўю і клопатам глядзіць Ён на кожнае сваё дзіця, заўсёды памятае пра кожнага з нас і акунае нас у полымя сваёй любові.
Адной з формаў сустрэчы з Богам і паглыблення ў таямніцу Ягонай любові да цябе можа стаць твая спроба знайсці сябе ў Сэрцы Хрыста. Падчас мукі на крыжы Хрыстус збірае ў сваім Сэрцы ўсіх людзей:
Грэшнікаў і святых,
Добрых і злых,
Веруючых і няверуючых,
Бо ўсіх прагне акунуць і ачысціць
У любові свайго Найсвяцейшага Сэрца.
Агонь любові, які палае ў Сэрцы Езуса, мае моц ачысціць усё чалавецтва – менавіта дзякуючы гэтай любові ўсе мы былі адкупленыя. Але не ўсе хочуць прыняць яе.
Для цябе таксама ёсць месца ў Сэрцы Хрыста – разам з тваімі грахамі і тваёю нявернасцю. Гэтае Сэрца, прабітае дзідаю і абвітае цярнёваю каронаю, атуляе цябе бязмежнаю любоўю. А ты – як цярнёвыя калючкі і як дзіда – раз за разам прабіваеш яго. Аднак Хрыстус пакідае цябе ў сваім Сэрцы. Калі б Ён выдаліў цябе, ты б загінуў. Езус акунае ў сваёй любові таксама тых, хто ў Яго не верыць, і тых, хто Яго ненавідзіць, бо інакш яны перасталі б існаваць. Усе мы застаёмся ў Ягоным Сэрцы,
Бо ўсе мы – дзеці Бога.
Разважаючы над гэтаю таямніцаю,
ты знойдзеш сваё месца ў Касцёле –
у адкупленым і акунутым у Сэрцы Хрыста
народзе Божым.
Палаючае любоўю Сэрца Бога –
гэта масца нашага прытулку,
месца, дзе мы свабодныя
і дзе нам нічога не пагарджае.
Яно – нібы крэпасць,
у якой Бог ахоўвае кожнага з нас.
Ты можаш не хацець заставацца ў гэтым Сэрцы. Ты адораны вольнаю воляю, ты можаш, адкідваючы тое, чаму вучыў Езус, не жадаць прызнаваць Бога сваім Айцом. Але Ён цябе ніколі не адкідвае.
Бог у сваёй любові да цябе базабаронны. Менавіта таму ты можаш так моцна раніць Яго. Ты – Яго дзіця і маеш права на Божае Сэрца, але таксама як дзіця, ты можаш раніць Яго найбольш балюча.
Чым больш свядомае і добраахвотнае
Тваё праціўленне Божай волі,
Ты больш свядома і добраахвотна ты Яго раніш.
Разважаючы над праўдаю
Пра сваю прысутнасць у Сэрцы Бога,
Ты зможаш больш поўна
Спазнаць праўду пра Яго любоў
І праўду пра твой грэх.
Ты не можаш ва ўсёй паўнаце быць вучнем Хрыста без веры ў тое, што, нягледзячы на сваю грэшнасць, ты акунуты ў любоў Яго Сэрца. Без веры ў Ягоную любоў табе не будзе хапаць пераканаўчай матывацыі для таго, каб жыць Евангеллем. Толькі тады, калі ты паверыш, што Бог цябе любіць, у абліччы цяжкасцяў, што пераўзыходзяць твае сілы, ты станеш, як дзіця, якое з даверам стаіць перад Айцом, і набярэшся смеласці глыбей спазнаць бездань уласнай убогасці і нікчэмнасці.
Калі слабее твая вера, спрабуй як мага часцей знаходзіць сябе ў Сэрцы Бога:
У хвіліны малітвы
і ў звычайныя хвіліны дня,
асабліва тады,
калі ты прыгнечаны цяжарам клопатаў,
а несці гэты цяжар табе здаецца бяссэнсава і безнадзейна.
Няма нічога безнадзейнага
Для таго, хто паверыў, што ён – у Сэрцы Бога.
Вера ў любоў Бога дапаможа табе зразумець: усё, што с табою здараецца, - гэта Божая ласка.
З кнігі Славаміра Бэлі “На руках у Марыі”