Чэнстахова – гэта духоўная сталіца Польшы. Тут знаходзіцца кляштар паўлінаў і знакаміты цудоўны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай ці Яснагорскай (па назве гары на якой стаіць кляштар), апякункі Польшы. Гэта адна з самых вядомых і шанаваных святынь краіны.
Гісторыя Яснагорскага кляштара распачынаецца ў 1382 годзе, калі князь Уладзіслаў Апольчык, намеснік караля Людовіка Венгерскага, запрасіў сюды айцоў-паўлінаў з Венгрыі. З адных крыніц вядома, што абраз з’явіўся ў тым жа годзе, з другіх - што праз 2 гады. Як бы ні было, аўтар гэтага абраза невядомы. Але існуе прыжогая легенда: нібыта абраз гэты намаляваў сам Лука Евангеліст на дошцы стала, за якім малілася і спажывала ежу Святая Сям’я. Далейшая гісторыя абраза паводле падання такая: хрысціяне Ерусаліма падаравалі яго святой Елене, маці Рымскага імператара Канстанціна, як узнагароду за адшуканне Святога Крыжа. Яна забрала яго з сабою у Канстанцінопаль. Пазней, у сувязі з распаўсюджваннем хрысціянства, абраз трапляе ў Сафію, пасля – у Маравію, затым у Кіеўскую Русь, магчыма як падарунак князям, альбо як шлюбны падарунак. Паданне даносіць, што ў 1384 годзе Уладыслаў Апольчык вёз абраз з Русі , прагнучы ў сваёй капліцы мець заступніцу, ўжо ў той час вядомую цудамі. Але коні, даехаўшы да Чэнстаховы, далей не пайшлі, колькі б іх не прымушалі. Князь зразумеў гэта як знак і пакінуў абраз у Яснагорскім кляштары. Прыгожае паданне, і мае права быць, але навуковыя даследванні сцвярджаюць, што абраз гэты паходзіць з VI – IX стагодддзяў і першапачаткова быў намаляваны ў візантыйскім стылі. На працягу вякоў шмат выцярпеў Яснагорскі кляштар, як і абраз Маці Божай. У выніку разбойнага нападу ў 1430 годзе абраз быў абрабаваны і пашкоджаны. Адноўлены быў у Кракаве (нібыта тады быў зменены стыль напісання абраза з візантыйскага на заходнееўрапейскі) і зноў змешчаны ў Яснагорскім кляштары. Колькасць пілігрымаў увесь час расла, абраз славіўся цудамі, здейсненымі праз заступніцтва Маці Божай Чэнстахоўскай. Таму была выбудавана трохнававая капліца Маці Божай і ўзведзены фартыфікацыйныя пабудовы, каб абараняцца ад грабежнікаў. У часе вайны са шведамі ў 1655 годзе кляштар перажыў цяжкія дні блакада (аблогі), калі 260-ці асабовая група шляхты і манахаў выстаяла супраць трохтысячнага войска. Абаронай кіраваў айцец Кардэцкі. Яшчэ некалькі разоў на працягу XVI стагоддзя шведы спрабавалі здабыць Ясную Гару, але кожны раз айцы-паўліны мужна абаранялі свой кляштар. Першая каранацыя абраза Маці Божай Чэнстахоўскай даканана ў 1717 годзе. У 18 стагоддзі айцы- паўліны бараніліся ўжо ад расійскага войска. Падчас падзелу Польшы ў 1772 годзе тагачасны і апошні кароль Польшы Станіслаў Аўгуст Панятоўскі абвесціў капітуляцыю і аддаў кляштар у рукі Царскай улады. У 1909 годзе адбылася прафанацыя абраза, былі украдзены кароны, сукенкі і воты. Паўторная каранацыя адбылася ў 1910 годзе, была падаравана новая сукенка. Падчас 1 Сусветнай вайны кляштар прыналежыў аўстра-венгерскай уладзе. Затым, пасля здабытай палякамі незалежнасці, гэты кляштар стаў духоўнай сталіцай Польшы, месцам куды круглы год сцякаюцца пілігрымы з усёй Польшы, і не толькі. Але найбольш мнагалюдна тут 15 жніўня, сюды пешшу напраўляюцца дзесяткі пілігрымак з усіх куткоў краіны. Вось і мы, напраўляючыся ў Італію, не абмінулі гэтае святое месца. Прыбыўшы ў Чэнстахову і засяліўшыся на начлег, не трацячы часу накіраваліся ў санктуарый. Кс. Юрый Барок, які быў нашым гідам, распавёў нам пра гісторыю санктуарыя. Мы мелі дастаткова часу, каб спаткацца з Маці Божай у Яе цудоўным абразе, падзіўляць прыгажосць Яснагорскай базылікі, не спяшаючыся прагуляцца вакол санктуарыя, аглядаючы фартыфікацыйныя збудаванні, брамы і муры. Святую Імшу мы мелі ў капліцы Маці Божай Ружанцовай, побач з капліцай Маці Божай Чэнстахоўскай. Прысутнічалі таксама на заканчэнне дня на штодзённым традыцыйным Яснагорскім Апэлі, калі падчас старажытнага спеву “Багародзіца Дзявіца …” цудоўны абраз закрываецца на ноч заслонай. У тыя хвіліны, як ніколі, вельмі моцна адчуваецца сувязь пакаленняў. У сэрцы вырастае пачуццё ўдзячнасці Пану Богу за дар веры, а Маці Божай - за яе сталую матчыную апеку. Цяжка у такія хвіліны знайсці словы, каб выразіць тыя пачуцці, у большасці з прысутных яны выліваюцца слязамі радасці, удзячнасці, захаплення. Такім чынам, развітаўшыся з Маці Божай Чэнстахоўскай, мы адправіліся на адпачынак, каб раненька прадоўжыць сваё падарожжа.