background

"Блізка ля мяне Ты, Пане..."

Давяраць Богу сваё жыццё...

"Я – дарога, праўда і жыццё..."

Яднацца ў адзіным Пану нашым, Езусе Хрысце.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Любіць адзін аднаго любоўю, якою Хрыстос любіць Свой Касцёл.

Праслаўляць Бога ў Яго святыні.

Image 4 title

type your text for 4th image here

Image 4 title
Суббота, 20 Октябрь 2012 12:08

Распараджэнне адносна пастырскай праграмы Года веры ў нашай архідыяцэзіі

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

 

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

 

Абвешчаны Святым Айцом Бэнэдыктам XVI Год веры павінен знайсці сваё практычнае месца ў пастырскай дзейнасці. Зыходзячы з Ноты Кангрэгацыі Веравучэння ад 6 студзеня 2012 г., падрыхтаванай Апостальскай Сталіцай праграмы, Пастырскага паслання Біскупаў Беларусі і падрыхтоўкі да святкавання юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў, а таксама заклікаючы ўсіх вас актыўна ўключыцца ў праграму адраджэння веры, гэтым распараджэннем зацвярджаю наступныя асноўныя яе пункты ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на Год веры.

 

Год веры распачынаецца 14 кастрычніка 2012 г. урачыстай святой Імшой, перад якой неабходна ўнесці і на адпаведным месцы ўсталяваць Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

 

Гаміліі, катэхезы, фармацыйныя сустрэчы ўсіх узроўняў павінны ўключаць разважанні на тэму веры.

 

Вернікі павінны вывучыць на памяць Сімвал веры.

 

Святары, кансэкраваныя асобы і вернікі павінны грунтоўна вывучаць Святое Пісанне, Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.

 

Удзел у Эўхарыстыі ў нядзелю і прадпісаныя святы павінен стаць асаблівым вызнаннем нашай веры.

 

З нагоды малітвы за памерлых на могілках (2 лістапада), што з’яўляецца праяўленнем нашай веры ў жыццё вечнае, неабходна паклапаціцца каб месцы спачывання памерлых былі адпаведна прыбраныя, асабліва святароў, кансэкраваных асобаў, а таксама тыя, пра якія няма каму клапаціцца.

 

Неабходна аднавіць існуючыя крыжы, а ў месцах, дзе іх няма або яны знішчаны, па меры магчымасці ўстанавіць новыя.

 

Больш выкарыстоўваць мас-медыя для распаўсюджвання праўдаў веры.

 

Па магчымасці пашыраць сувязь са светам навукі і культуры, а таксама прысвяціць асаблівую ўвагу няверуючым.

 

Парафіяльныя рэкалекцыі ў Адвэнт і Вялікі пост трэба правесці ў духу ўмацавання нашай веры і яе сувязі са штодзённым жыццём.

 

Напярэдадні свята Нараджэння Пана неабходна арганізаваць у парафіях адвэнтовыя сустрэчы для розных груп людзей з мэтай дзялення аплаткай, каб такім чынам глыбей зразумець праўду веры аб уцелаўленні Збаўцы.

 

У касцёлах і капліцах вывесіць лагатып Года веры.

 

Правесці ў архідыяцэзіі перэгрынацыю копіі абраза Маці Божай Будслаўскай. Ва ўсіх парафіях перад перэгрынацыяй арганізаваць спецыяльны трыдуум.

 

У першыя суботы месяца ад кастрычніка 2012 г. да чэрвеня 2013 г. правесці ў парафіях Навэнну да Маці Божай Будслаўскай.

 

Арганізаваць тэматычныя сімпозіумы, прысвечаныя Другому Ватыканскаму Сабору, катэхізацыі і апосталам славян святым Кірылу і Мяфодзію.

 

Быць сведкамі веры ў штодзённым жыцці, ажыццяўляць справы міласэрнасці і весці дыялог з іншымі веравызнаннямі.

 

Трэба выкарыстаць традыцыю правядзення ў парафіях Працэсіі Божага Цела для паглыблення веры ў прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі.

 

Неабходна падтрымліваць звычай святкавання парафіяльных урачыстацяў з нагоды тытулу касцёла або апекуна, цэлебруючы ўрачыстую святую Імшу, праводзяцы эўхарыстычную працэсію і традыцыйныя набажэнствы з удзелам святароў з іншых парафій, каб такім чынам прычыняцца да будавання супольнасці і даць магчымасць вернікам падчас свята перажыць сустрэчу з Панам у сакрамэнце пакаяння і Эўхарыстыі.

 

Пасля кожнай нядзельнай святой Імшы перад благаслаўленнем чытаць малітву аб умацаванні веры.

 

Запланаваць пілігрымкі ў Святую Зямлю, Рым і іншыя святыя месцы.

 

Зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі святары могуць дадаць новыя ініцыятывы.

 

Давяраючы ўсіх вас апецы Маці Божай Будслаўскай, на плённае перажыванне Года веры ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 

Мінск-Рым, 7 кастрычніка 2012 г.

 

_________________

 

Малітва аб умацаванні веры

 

С.: Пане Езу, Сыне Бога жывога, умацуй нашую веру ў Тваё слова, у якім укрыта праўда і ў якім Ты прысутны. Асвяці наш розум і сэрца, каб мы ўважліва слухалі словы Евангелля і рашуча пазнавалі Тваю навуку, якую абвяшчае Касцёл. Спашлі на нас Духа, каб Ён прывёў нас да праўды.

 

Н.: Пане, умацуй нашую веру.

 

С.: Збаўца свету, умацуй нашую веру ў Тваё збаўчае дзеянне ў святых сакрамэнтах і Тваю прысутнасць сярод нас у знаку хлеба. Няхай нашая вера выяўляецца ў ахвотным пакланенні Табе і ў поўным удзеле ў сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі.

 

Н.: Пане, умацуй нашую веру.

 

С.: Езу, Сыне Марыі, умацуй нашую веру ў Тваю прысутнасць у нас і іншых людзях. Не дазволь нам забыцца пра Твае словы: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Дай нам сілы, каб мы служылі Табе ў людзях, да якіх Ты нас пасылаеш.

 

Н.: Пане, умацуй нашую веру.

С.: Прымі, Міласэрны Езу, нашую пакорную малітву аб умацаванні веры. Няхай яна фарміруе ўсё нашае жыццё і прывядзе нас да Цябе. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя.

Н.: Амэн.

 

Благаслаўленне

 

С.: Пан з вамі.

Н.: І з духам тваім.

 

С.: Схіліце галовы на благаслаўленне.

 

С.: Усемагутны Бог, які зрабіў вас сваімі дзецьмі, няхай умацуе вашую веру, каб верна выконвалі Яго волю.

Н.: Амэн.

 

С.: Божы Сын, які прысутнічае сярод нас, няхай вядзе вас шляхамі праўды і любові.

Н.: Амэн.

 

С.: Святы Дух, які напаўняе вас, няхай адкрывае вашыя вочы, каб вы маглі распазнаць Хрыста ў бліжніх.

Н.: Амэн.

 

С.: Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, + і Дух Святы.

Н.: Амэн.

 

С.: Ідзіце ў супакоі Хрыста.

Н.: Дзякуем Пану Богу.

 

Прочитано 1845 раз Последнее изменение Суббота, 20 Октябрь 2012 12:17
Адмін

Рэдакцыя сайта
 

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии