Напачатку Св. Літургіі пробашч парафіі кс. Аляксандр адзначыў, што сёння мы распачалі перыяд пакаяння, навяртання і ўдасканалення ў добрым.
Падчас казання кс.Аляксандр падкрэсліў, што ў Папяльцовую сераду мы не толькі ўваходзім у Вялікі Пост, але і пачынаем разважаць над таямніцай змёртвыхпаўстання Хрыста, Яго перамогай над смерцю і грахом. Святар адзначыў, што Вялікі Пост уяўляе сабой час духоўнай рэвалюцыі, калі мы знішчаем у сабе ўсё злое і непатрэбнае, замяняючы на добрае. Ксёндз-пробашч нагадаў вернікам, што асноўнымі складальнымі Вялікага Посту з’яўляюцца пост, малітва і міласціна. Пост уяўляе сабою ўстрыманне ад мясных страваў па пятніцах і адмаўленне ад удзелу ў гучных забавах. Размова з Богам з’яўляецца падтрымкай у выкананні выбраных пастаноў, узмацненнем сувязі з нашым Нябесным Айцом. Варта таксама ўдзяліць час дапамозе бліжнім: накарміць галодных, даць параду тым, хто сумняваецца, паразмаўляць з тымі, хто страціў сэнс жыцця.
Пасля гаміліі адбыўся абрад пасыпання галоў попелам на знак нашага пакаяння і самаабмежавання. Да навяртання заклікае формула, якую прамаўляе святар падчас абраду: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся”. Гэтыя словы нагадваюць чалавеку аб тым, што яго жыццё крохкае і абмежаванае. Другая формула – “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” – азначае, што найважнейшым фундаментам чалавечага жыцця павінна быць Божае Слова.
З распачаццем Вялікага Посту атмасфера ў святыні змянілася: гучаць велікапосныя спевы, не спяваецца Аллелюя, святар апрануты ў арнат фіялетавага колеру на знак памяці пра крыжовыя пакуты Езуса Хрыста.
Напрыканцы Эўхарыстыі кс. Аляксандр заахвоціў вернікаў трываць у выбраных пастановах, каб належным чынам падрыхтвацца да Велікодных святаў.
Вікторыя Каросцік
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/976-verniki-nashay-parafii-raspachali-peryyad-vyalikaga-postu#sigProGalleria600e53fe60
Фота Аксаны Бажко