Маладыя людзі з’ехаліся з розных парафій Беларусі, каб разам чуваць на малітве і падрыхтаваць сваё сэрца да прыйсця Езуса Хрыста. Наша група налічвала 45 маладых людзей, сярод якіх былі прадстаўнікі парафій в. Войстам і Ілля.
Тэмай малітоўнага чування былі словы прарока Ісаі “Падрыхтуйце дарогу Пану”, над якімі моладзь разважала падчас розных набажэнстваў. Распачалося чуванне святой Імшой, якую цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Таксама разам з моладдзю маліліся дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і шматлікія святары. Напрыканцы Эўхарыстыі да моладзі звярнуўся Апостальскі Нунцый, які пасля ўдзяліў усім прысутным Божае благаслаўленне.
Наступнымі пунктамі праграмы малітоўнага чування былі тэматычная канферэнцыя, адарацыя, інсцэніроўка і Вяночак да Божай Міласэрнасці, які падрыхтавала і праводзіла наша парафія. Тэмай разважанняў Вяночка сталі словы “Міласэрнасць – найлепшы спосаб падрыхтаваць дарогу для Міласэрнага Пана”. Падчас набажэнства моладзь нашай парафіі прапанавала паразважаць над прыкладамі пяці святых, партрэты якіх былі наваляваныя самой нашай моладдзю. Гэтыя святыя жылі ў розны час, у розных краінах і мелі розныя абставіны жыцця, аднак былі агеньчыкамі Божай Міласэрнасці ў нашым свеце. Напрыканцы малітвы кожны з прысутных мог узяць картачку з заданнямі ад пэўнага святога. Гэтыя заданні павінны былі стаць першым канкрэтным крокам у наследванні Міласэрнага Пана.
Працягвалася чуванне Ружанцовай малітвай і Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. У 05.30 раніцы было ўдзелена Божае благаслаўленне на заканчэнне малітоўнага чування і ўзмоцненая духоўна моладзь нашай парафіі накіравалася дадому.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/950-moladz-nashay-parafii-navedala-nachnoe-chuvanne-minsku#sigProGalleriac4a39a0a23