Напачатку сустрэчы ўдзельнікі запалілі свечку і прывіталі адзін аднаго хрысціянскім прывітаннем. Пасля чаго вікарый парафіі кс. Юзаф Сярпейка прачытаў урывак са Святога Евангелля паводле Лукі, які нагадвае аб Нараджэнні Езуса Хрыста. Затым святар згодна з традыцыяй паблагаславіў аплаткі і склаў усім прысутным віншаванні з нагоды надыходзячых Святаў Божага Нараджэння. Усе ўдзельнікі падзяліліся аплаткам, складаючы ўзаемна цёплыя віншаванні і пажаданні.
Згодна з традыцыяй Касцёла на нашых землях удзельнікі прыгатавалі 12 розных страваў. Частуючыся за сталом прысутныя ўдзельнікі Біблійнага кола дзяліліся сваімі ўспамінамі і лакальнымі звычаямі з паасобных рэгіёнаў і сем’яў. Трэба прызнаць, што маючы агульны традыцыйны “шкелет” святкавання, многія элементы ў падрыхтоўцы да яго розныя і каларытныя.
Сустрэчы Біблійнага Кола пры нашай парафіі адбываюцца кожную сераду. Распачынаюцца Святой Імшой а 18 гадзіне і працягваюцца разважаннем Святога Пісання ў парафіяльным доме. Ёсць шмат розных методык даследвання і спазнавання Бібліі. Мы ж карыстаемся метадам Västeras. Яго назва паходзіць ад назвы горада, у якім гэты метад апрацавалі. Прывабнасць гэтага метада ў тым, што ім можна карыстацца як у группе так і асабіста.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/944-adbylasya-aplatkovaya-sustrecha-dlya-dzelnika-bibliynaga-kola#sigProGalleria68b3b9eb3b
кс. Юзаф Сярпейка