Перад св. Імшой бацькі новапрэзбітэра ўдзялілі бацькоўскае благаслаўленне, пасля чаго дзяўчаты ў белых сукенках павялі маладога святара ў прыгожым зялёным вянку да алтара. У святыні новапрэзбітэра прывітаў пробашч нашай парафіі кс. Аляксандр Барыла, які запрасіў яго да алтара роднага касцёла, каб на ім цэлебраваць першую ў сваім жыцці Эўхарыстыю. Падчас прывітання пробашч парафіі адзначыў, што шмат разоў кс. Павел будучы міністрантам з самага дзяцінства стаяў каля гэтага алтара, пасля прыходзіў да яго як семінарыст, пасля як дыякан, але сёння ён будзе падыходзіць да яго як Другі Хрыстус. Сваю першую св. Імшу кс. Павел цэлебраваў у інтэнцыі падзякі Богу за дар жыцця і святарства і ўсе атрыманыя ласкі.
Гамілію прамовіў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка, у якой разважаў аб пакліканні да святарства і аб пакліканні ўсіх да веры і хрысціянства. Святар адзначыў, як важна не баяцца сваёй чалавечай слабасці, але давяраць Божай моцы і мужна адказаць на Божы покліч. Кс. Андрэй таксама падкрэсліў неабходнасць і важнасць малітвы аб пакліканні і за святароў, прывёўшы прыклады шматлікіх людзей, якія ахвяроўваюць сваю штодзённую малітву, пасты і цярпенні ў інтэнцыі святароў і такім чынам падтрымліваюць іх святарства. Напрыканцы гаміліі кс. Андрэй разам з усімі вернікамі ў малітве даверыў святарскае служэнне кс. Паўла апецы Марыі, Маці ўсіх святароў.
Напрыканцы св. Імшы дзеці, моладзь і старэйшыя вернікі нашай парафіі павіншавалі кс. Паўла з атрыманнем вялікага дару святарства і пажадалі быць святым святаром. Сем чалавек нашай парафіі таксама далучыліся да малітоўнага руху “Маргарытка” і склалі абяцанні штодня маліцца ў інтэнцыі кс. Паўла. Новапрэзбітар у першую чаргу падзякаваў Богу, а таксама звярнуўся са словамі падзякі да сваіх бацькоў, ксяндза-пробашча, рэктара Пінскай семінарыі, усіх братоў у святарстве і ўсіх прысутных.
Пасля Эўхарыстыі кс. Павел удзяліў прыміцыйнае благаслаўленне сваім бацькам, святарам і ўсім прысутным вернікам.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/927-ks-pavel-tron-tselebrava-prymitsyynuyu-imshu-rodnay-parafii#sigProGalleriaa2c519e545
Фота Аксаны Бажко