Трыдуум Пасхальны з’яўляецца своеасаблівай кульмінацыяй усяго Літургічнага году. Гэта не падрыхтоўка да Вялікадня, але ўжо само ўшанаванне Хрыстовай Пасхі праз удзел у Яго Муцы, Смерці і Уваскрасенні. Каб па-сапраўднаму зразумець Вялікодны Трыдуум, трэба памятаць, што Смерць і Уваскрасенне Хрыста – гэта адно цэлае. Ён адкупіў чалавецтва не толькі праз сваю Смерць, але і праз Уваскрасенне, - значыць усёю Пасхальнаю Містэрыяй.
А распачынаецца ўсё вечарам у Вялікі Чацвер. У гэты вечар вернікі разам са сваімі душпастырамі збіраюцца ў касцёлах, каб ушанаваць Апошнюю Вячэру падчас урачыстай Святой Імшы. Евангелле гэтай Імшы гаворыць нам пра абмыванне ног апосталам, пра ўзаемную любоў, якая павінна быць умоваю і плёнам Эўхарыстыі. Аж да Пасхальнай Вігіліі замаўкаюць званы пасля гімна “Хвала на вышынях Богу”. А Найсвяцейшы Сакрамант ва ўрачыстай працэсіі пераносіцца ў цямніцу, каля якой вернікі адаруюць Пана Езуса. У гэты ж дзень адзначаецца ўстанаўленне не толькі Сакраманта Эўхарыстыі, але і Сакраманта Святарства. Раніцаю ў катэдрах біскупы цэлебруюць урачыстую Святую Імшу , якую называюць “Хрызма”, калі асвячаецца алей, а святары аднаўляюць свае святарскія абяцанні. Будзем жа памятаць у гэты дзень у малітвах пра нашых святароў.
Вялікая Пятніца – адзіны дзень у літургічным годзе, калі не адпраўляецца Святая Імша. Вечарам вернікі збіраюцца ў святынях на набажэнства, каб ушанаваць Муку Хрыста, разважаць Таямніцу Пакутуючай Любові Бога да чалавека. Самае важнае ў часе гэтага набажэнства – ушанаванне Таямніцы Крыжа. Пасля Літургіі Слова будзем падходзіць да Крыжа і цалаваць яго ў знак удзячнасці за наша адкупленне. А пасля Святой Камуніі працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам направіцца да гробу Панскага. Там, у манстранцыі, Ён будзе знаходзіцца аж да Уваскрасення, там будзе адараваны вернікамі.
Вялікая Субота – дзень цішыні, засяроджанасці. Вернікі збіраюцца пры гробе Пана, каб разважаць Яго Муку і Смерць. У гэты дзень асвячаюцца вялікодныя стравы.
І вось набліжаецца ноч перад Нядзеляю Уваскрасення – Вялікая Ноч – ноч чування ў малітвах і разважаннях, ноч чакання на вяртанне Уваскрослага Хрыста. Позна вечарам у касцёлах адбываецца Літургія Пасхальнай Вігіліі. Гэта цэнтральны момант выканання пасхальнай Таямніцы. Распачынецца Літургіяй святла, калі асвячаецца агонь, ад якога запальваецца Пасхал (знак Хрыста, які перамог смерць), а ад яго вернікі запальваюць свае свечкі. Падчас Літургіі Слова зноў пачынаюць гучаць званы і спяваецца радаснае “Alleluja”. Разам з усім Касцёлам падчас асвячэння вады ўзновім абяцанні, дадзеныя ў часе нашага Хросту. Абрады Вялікай суботы завяршаюцца ўрачыстай Святой Імшой і прыняццем Святой Камуніі, якая аб’яднае нас з Уваскрослым Хрыстом.
Падрыхтуем жа нашыя сэрцы да перажывання так важных дзён у нашым жыцці !!!
Па матэрыялах часопісаў “Дыялог” і “Ave Maria”