Агульная: Каб сем'і мігрантаў, асабліва маці, атрымалі падтрымку і клопат ў цяжкасцях.
Сям’я мігранта сустракаецца са шматлікімі цяжкасцямі. Аддаленасць яе членаў адзін ад аднаго і немагчымасць аб’яднання часта становяцца прычынаю разрыву першасных сувязяў. Узнікаюць новыя адносіны і з’яўляюцца новыя пачуцці, забываецца мінулае і асабістыя абавязкі, для якіх аддаленасць і самотнасць становяцца цяжкім выпрабаваннем. Калі сям’і ў эміграцыі не забяспечваецца рэальная магчымасць далучэння і ўдзелу, цяжка разлічваць на яе гарманічнае развіццё.
У драматычных перажываннях сям’і з Назарэта, вымушанай уцякаць у Егіпет, можна ўбачыць балючае становішча ўсіх мігрантаў, асабліва бежанцаў, выгнаннікаў, эвакуяваных, перамешчаных асобаў, пераследаваных. Мы бачым цяжкасці кожнай сям’і ў міграцыі, нястачы, прыніжэнні, нягоды і няпэўнасць мільёнаў і мільёнаў мігрантаў, бежанцаў і перамешчаных асобаў. Сям’я з Назарэта адлюстроўвае вобраз Божы, які захоўваецца ў сэрцы кожнай чалавечай сям’і, нават знявечанай і аслабленай эміграцыяй.
Існуе патрэба ўважлівай душпастырскай прысутнасці, якая, акрамя дапамогі, здольнай супакоіць сардэчныя раны, забяспечыць падтрымку з боку хрысціянскай супольнасці, што дасць магчымасць аднавіць культуру павагі да любові і зноў адкрыць яе сапраўдную каштоўнасць. Важна заахвочваць унутрана спустошаных людзей да вяртання веры ў саміх сябе. Акрамя таго неабходна зрабіць так, каб былі гарантаваныя правы і годнасць сем’яў і каб яны былі забяспечаныя жыллём у адпаведнасці з іх патрэбамі. З другога боку, трэба прасіць бежанцаў развіваць адкрытыя і станоўчыя адносіны да грамадства, якое іх прымае, праяўляючы актыўную гатоўнасць адказаць на прапановы ўдзельнічаць у супольным будаўніцтве інтэгральнага грамадства, якое будзе «агульным домам» для ўсіх.
Місійная: каб людзі з абласцей, ахопленых войнамі і канфліктамі, маглі пачаць будаваць мірную будучыню.
Спакой — гэта каштоўнасць і ўсеагульны абавязак, заснаваны на інтэлектуальным і маральным грамадскім парадку, які мае свае карані ў самім Богу — «першкрыніцы быцця, самай дасканалай праўдзе і найвышэйшым дабры».
Спакой — гэта не проста адсутнасць вайны ці стабільная раўнавага паміж варожымі сіламі. Ён засноўваецца на правільным разуменні чалавечай асобы і патрабуе будаўніцтва парадку на аснове справядлівасці і любові.
Спакой з’яўляецца плёнам справядлівасці (пар. Іс 32, 17), якая ў шырокім сэнсе ўсведамляецца як пашана да раўнавагі ўсіх вымярэнняў чалавечай асобы. Спакой знаходзіцца ў небяспецы, калі чалавеку не даецца тое, што яму належыць як чалавеку, калі не паважаецца чалавечая годнасць і адносіны паміж людзьмі не скіраваны на агульнае дабро. Для будаўніцтва мірнага грамадства і цэласнага развіцця асобных людзей, народаў і нацый неабходны абарона і замацаванне правоў чалавека.
Спакой — гэта таксама плён любові: «Сапраўдны спакой больш паходзіць з любові, чым са справядлівасці, паколькі справядлівасць ліквідуе тое, што перашкаджае спакою: крыўду ці шкоду. Сам жа спакой вынікае менавіта з любові».
Спакой будуецца дзень за днём пры захаванні ўстаноўленага Богам парадку. Ён можа квітнець толькі тады, калі ўсе прызнаюць сваю адказнасць за яго ўмацаванне. Каб пазбегнуць канфліктаў і насілля, спакой, як глыбокая каштоўнасць, павінен укараніцца ў кожным чалавеку. Такім чынам ён зможа пашырацца ў сем’ях і ў розных грамадскіх аб’яднаннях, пакуль не ахопіць усю палітычную супольнасць.
У атмасферы згоды і павагі да справядлівасці будзе развівацца сапраўдная культура спакою, здольная пашырацца таксама на ўсю міжнародную супольнасць. Спакой — гэта плён «парадку, дадзенага чалавечаму грамадству яго Боскім заснавальнікам; дзеля яго ажыццяўлення павінны працаваць людзі, якія прагнуць усё больш дасканалай справядлівасці».
Нельга дасягнуць такога ідэалу спакою, «калі не будзе забяспечана дабро асобы і калі людзі не будуць з даверам і добраахвотна дзяліцца паміж сабой багаццямі свайго розуму і духу».
Парафіяльная: каб нашая парафія належным чынам падрыхтавалася да святых місій, якія адбудуцца ў Вялікім Посце.
Гэта даўняя рэлігійная практыка Касцёла. Гэта рэкалекцыі, якія праводзяцца раз на некалькі гадоў для цэлай парафіі.
Мэтай місіі з’яўляецца ўмацаванне і аднаўленне жыцця веры. Кодэкс Кананічнага Права абавязвае арганізоўваць місіі. Звычайна яны адбываюцца на працягу цэлага тыдня. Па запрашэнні ксяндза пробашча прыязджаюць ксяндзы місіянеры, якія абвяшчаюць вернікам навуку аб асноўных праўдах веры і маралі. У парафіі служацца розныя набажэнствы, а на заканчэнне місіі вернікі прыступаюць да споведзі і св. Камуніі, а таксама адбываецца ўрачыстае асвячэнне місійнага крыжа, які місіянеры затым устанаўліваюць перад касцёлам. Выкарыстоўваючы гэты час, кожны вернік можа адкрыць сваё сэрца на Бога.
Малітоўнае багацце місійнага тыдня сапраўды вельмі вялікае. У парафіі служпцца св. Імшы з місійным казаннем. Місіянеры абвяшчаюць навуку для мужчын, жанчын, дзяцей і моладзі, праводзяць місійны Ружанец і набажэнства Крыжовага шляху. Кожны дзень падчас місійнага звароту адбываюцца спецыяльныя сустрэчы ўсіх парафіян, місіянеры наведваюць хворых у парафіі. Разам з ксяндзом пробашчам, які добра ведае сваю парафію, айцы місіянеры складаюць план духоўных практыкаванняў. Парад пачаткам парафіяльных місій вернікі разам са сваім душпастырам на працягу доўгага часу моляцца аб духоўным плёне місій, а таксама аб дарах Святога Духа для місіянераў.
Літаратура:
Пасланне Папы Бэнэдыкта ХVI на 93-і Сусветны дзень Мігрантаў і Бежанцаў (14 студзеня 2007 г.), у: http://catholic.by/2/libr/docs/pope-docs/100781-paslanne.html.
«Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла», у: http://www.vatican.va/roman_curia/pontifical_councils/justpeace/documents/rc_pc_justpeace_doc_20060526_compendio-dott-soc_be.pdf
Што такое парафіяльныя місіі?, у: http://slowo.grodnensis.by/index.php?option=com_content&view=article&id=2192%3A19-335&catid=15%3A2009-12-20-14-43-20&Itemid=433&lang=by.