Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
АДВЭНТ НАШАЙ ВЕРЫ
Пастырскае Пасланне на Адвэнт 2012 г.
Набліжаецца адкупленне вашае (Лк 21,28)
Глыбокапаважаныя браты ў святарстве,
кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі!
1. Гэтыя словы Евангелля вельмі добра перадаюць атмасферу сённяшняга дня, калі мы распачынаем новы Літургічны год і адначасова новы, першы яго перыяд – Адвэнт.
Слова “Адвэнт” у старажытнасці азначала прыбыццё знакамітай асобы, напрыклад цэзара або караля, да нейкай правінцыі. Яно таксама магло азначаць і прыбыццё боства, якое выходзіць з укрыцця і з моцай праяўляе сваю прысутнасць, асабліва ў кульце.
Хрысціяне перанялі гэтае слова для таго, каб выказаць свае адносіны да Хрыста, як караля, які прыбыў да беднай правінцыі па імені Зямля, даючы ім магчымасць радавацца з Яго прыйсця. Менавіта Яго прысутнасць хрысціяне дзякуючы веры адзначаюць ў літургіі. Гэтым словам хрысціяне сцвярджаюць, што Бог ёсць з намі і Ён не пакінуў нас адных.
У рэшце слова “Адвэнт” можа азначаць таксама і будучую падзею. Яно адначасова выражае як сучаснасць, так і будучыню; тое, што ісуе цяпер і тое, што будзе; тое, што мы ў гэты час маем і тое, чаго чакаем.
Таму ў Адвэнце мінулае, сучаснае і будучае таямнічым чынам пераплятаюцца. Уцелаўленне Божага Сына адбылося ў мінулым, больш за 2000 гадоў таму. Аднак яно працягваецца і ў наш час праз служэнне Касцёла. Мы ведаем, што Хрыстус прыйдзе судзіць жывых і памерлых у будучыні, аднак ужо сёння Ён знаходзіцца ў стадыі гэтага прыйсця.
Аб гэтым нам веьмі добра нагадвае літургія Адвэнту, якая яднае мінулае, сучаснае і будучае. У Адвэнце мы ўспамінаем мінулае – час чакання на Збаўцу. Перажывем сучаснасць – час збаўлення, якое адбываецца праз Езуса. Чакаем будучага перамяненя свету ў канцы часоў, калі ў поўні пазнаем таямніцу нашага збаўлення.
2. Дзякуючы ажыцяўленню збаўчага Божага плану ў Хрысце, час стаўся тым, чым ён павінен быць на самой справе. Гэта больш не паслядоўная змена падзеяў. Дзякуючы Хрысту час стаўся збаўленнем. У ім аб’ядналіся мінулае, сучаснасць, у якой мы жывём, і будучыня, якой чакаем. Мы перажываем Адвэнт уцелаўлёнага Бога, якім ёсць той самы ўчора, сёння і па ўсе часы Хрыстус (пар. Гбр 13, 8) і ад якога не могуць адлучыць веруючых у Яго і з’яднаных з Ім у любові ні сённяшнія ні будучыя справы (пар. Рым 8, 38-39).
3. У Годзе веры, які сёлета адзначаецца ў Касцёле, зыходзячы з гэтых разважанняў пра час, як збаўленне ў Хрысце, мы павінны застанавіцца над тым, якім з’яўляецца Адвэнт нашай веры.
З аднаго боку наша вера вельмі часта з’яўлецца аднабокавай. Мы разглядаем яе як нейкі спіс канкрэтных фактаў, якія мы павінны прымаць за праўду. У той сам час гэтыя факты праз веру павінны быць рэальнасцю нашага жыцця. Вера вядзе нас у цэнтр гэтых падзей, нават калі яны адбыліся даўно ў гісторыі, – як кажа вялікі тэолаг сучаснасці Карл Ранэр (пар. GChY, s. 4).
Дзякуючы веры, выслужанае Хрыстом збаўленне знаходзіцца ў самім веруючым. Тое, што мела месца ў мінулым, становіцца сучаснасцю жыцця верніка, бо ў ім праз веру дзеяннем Святога Духа жыве Хрыстус. Больш таго, Святы Дух пераменяе веруючага, яго абагаўляе і чыніць больш падобным да Хрыста. Дзякуючы гэтаму Хрыстус становіцца прысутным у верніку не толькі як яго сучаснсць, але і як яго будучае. Тое, што калісьці пры другім прыйсці Хрыста завяршыць нашае дасканаленне, дзякуючы веры ужо распачалося. Праз веру вернік ужо на зямлі мае сваю будучыню, бо ёю ёсць Хрыстус.
4. Таму нам неабходна заўсёды быць людзьмі веры і асабліва моцна гэта падкрэсліць у Адвэнце. Гэты літургічны перыяд заклікае нас да ажыўлення веры.
У нашым клімаце Адвэнт – гэта час, калі звычайна распачынаецца зіма і прырода замірае. Аднак вера ў тое, што настане вясна і прыйдзе лета, якія прынясуць новае развіццё, дае нам новую надзею.
Падобна і ў духоўным жыцці. Адвэнт – гэта час, калі трэба перамагчы меланхолію часу. Гэта таксама перыяд, каб праз прызму веры паглядзець на сваё жыццё, у якое, дзякуючы таямніцы Ўцелаўлення, увайшоў Бог. Дзякуючы веры, у бясконцым прыйсці і адыходзе часу, смерць не існуе, а ёсць вечнае жыццё. Таму ў нязменным і існуючым у прыродзе цыкле нараджэння і біалагічнай смерці чалавека нам застаецца толькі верыць у прыйсце ў нашае жыццё Бога, які вядзе ў вечнасць. У гэтым павінна заключацца радасць Адвэнту, які будзе прадаўжацца праз усё жыццё, пакуль мы не пачуем Божых слоў: “Слуга верны, увайдзі ў радасць свайго Пана” (пар. Мц 25, 21).
5. Радасць Адвэнту і наступаючых пасля яго святаў Божага Нараджэння засмучае факт духоўнай хваробы сучаснага свету і адступленне ад веры, дзякуючы якой Хрыстус прысутны ў нас. Таму гэты час, які аб’ядноўвае мінулае, сучаснасць і будучае, павінен стаць таксама і часам лячэння з гэтай хваробы. Хрыстус жадае ўвайсці ў нашае жыццё і схіліцца над намі, каб нас вылечыць. У перспектыве распачаўшагася 11 кастрычніка 2012 г. Году веры, сёлетні Адвэнт павінен стаць заахвочваннем да новага аўтэнтычнага навяртання да Пана, адзінага Збавіцеля свету, – як навучае Папа Бэнэдыкт XVI (пар. PF 6).
Сучасны чалавек не мае часу для Бога і душы, ён займаецца сваімі зямнымі справамі, не хоча нават думаць пра самога сябе, бо не ведае што з самім сабой зрабіць. Чалавек затапляецца ў сваёй працы, грамадскай дзейнасці, прыемнасцях, становіцца маленькай шасцярнёй у вялікай машыне сучаснага свету і не мае часу для сябе. Таму нашае духоўнае жыццё становіцца ўсё больш занядбалым.
Адвэнт з’яўляецца менавіта такім часам, калі Бог імкнецца нас вырваць з мітусні сучаснай цывілізацыі, каб мы маглі задумацца над сваім жыццём і спытаь сябе, ці сапраўды Хрыстус жыве ў нас?
На самой справе, у гэтым часе Бог чакае на нас. У сувязі з гэтым, ці не нам адрасаваны евангельская прыпавесць аб вінаграднай лазе і галінцы? Бог ачышчае галінку, якая прыносіць плён, каб гэты плён быў яшчэ багацейшы (пар. Ян 15, 2).
Таму Адвэнт таксама павінен стаць такім часам нашага ачышчэння. Для гэтага неабходна дазволіць Богу праз рэкалекцыі, споведзь, вывучанне Святога Пісання, Катэхізісу і навучання Касцёла, асабліва дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, і добрыя ўчынкі нас ачысціць, каб мы прыносілі добры плён. Гэта азначае, каб мы вялі годнае хрысціяніна жыццё, каб у нашых сэрцах заўсёды быў Хрыстус, каб мы адчувалі адказнасць за маральны стан грамадства. Час Адвэнту – як час, у якім сустракаюцца, сучаснасць і будучыня, павінен стаць часам адкрыцця на дзеянне Бога, Яго прысутнсць у нас і на адшуканне саміх сябе.
У гэтым часе варта паглядзець і прааналізаваць штодзённыя падзеі, каб убачыць у іх Божыя знакі, асабліва знакі Яго любові і міласэрнасці. Бог ёсць сярод нас. Гэтая хрысціянская пэўнасць павінна нам дапамагчы ў іншым позірку на свет і перажыванні “Божых адведзінаў”, каб Бог сваёй ласкай нарадзіўся ў нас.
6. Адвэнтавае чаканне, якое з’яўляецца фундаментальным элементам гэтага літургічнага перыяду, адначасова ёсць надзеяй.
Адвэнт прадстаўляе сабой хрысціянскае разуменне часу і гісторыі. Па сваёй сутнасі чалавек з’яўляеца кімсьці, хто няспынна чакае. Будучы дзіцём, ён хоча быць дарослым. Вырасшы, імкнецца зрабіць кар’еру. Далей чакае на адпачынак. А потым прыходзіць час, калі ён нечакана для сябе адкрывае, што справы і падзеі, якіх ён чакаў усё жыццё на сам рэч былі вельмі малымі, бо не закраналі вечнасці.
Жыццёвы досвед таксама паказвае, што калі наш час не напоўнены сэнсоўнай сучаснасцю, то чаканне становіцца нязносным. Калі мы павінны на нешта чакаць, у той час як сучаснасць застаецца пустой, то тады кожная хвіліна чакання становіцца вельмі доўгай.
З іншага боку, калі сам час з’яўляецца сэнсоўным, калі ў кожным яго моманце крыецца нешта важнае і каштоўнае, то наступае радасць з чакання. Адвэнт павіннен стаць такой формай чакання. Божыя дары не з’яўляюцца выключна чымсьці будучым. Яны ўключаюць таксама і сучаснасць. Езус ёсць з намі і мы можам заўсёды звярнуцца да Яго, бо Ён заўсёды слухае. А калі Ён ёсць з намі і ў нас, то не існуе безсэнсоўны час. Тады кожная яго хвіліна мае свой сэнс і заўсёды можна мець надзею. Хрысцінская надзея, памножаная на моцную веру, не пазбаўляе часу яго каштоўнасці, а наадварот кожнай хвіліне жыцця дае новую каштоўнасць. Усё гэта азначае, што мы павінны выпаўніць сучаснасць адпаведным зместам, бо ўсё прынятае ўнутранне будзе трываць вечна.
7. Адвэнт не з’яўляецца толькі адзінствам мінулага, сучаснага і чаканнем вечнага, але таксама ёсць часам радасці, найперш духоўнай. Мы гэта лепей разумеем, калі звяртаем увагу на адвэнтавыя звычаі і традыцыі. Трэба падкрэсліць, што яны маюць свае карані ў Святым Пісанні і тым ці іншым спосабам выяўляюць праўду чакання на нараджэнне Збаўцы. Такім чынам змест Святога Пісаня адлюстроўваецца ў тым, што бачнае.
Гэта найперш свечка, як сімвал Хрыста, якая звычайна запальваецца перад алтаром кожную нядзелю Адвэту. А з кожнай наступнай нядзеляй запелых свечак становіцца ўсё больш, што нагадвае пра хуткае завяршэнне Адвэнту і прыйсце Пана.
Далей традыцыйныя Рараты, калі вернікі з запалянымі свечкамі раніцай сабіраюцца на святу Імшу ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, з якой нарадзіўся Збаўца. Гэыя, ззячыя ў неасветляным касцёле свечкі вельмі сімвалічныя. Яны нагадваюць пра тое, што хутка ўзойдзе сонца – Езус Хрыстус, якое ніколі не заходзіць.
У многіх касцёлах таксама, як элемент адвэнтавай дэкарацыі, знаходзіцца лесвіца, па якой у меру ўплыву часу зверху ўніз спускаецца фігурка Нямаўляці Езуса. Гэта бачны сімвал прыйся Збаўцы з неба на зямлю.
Асобае месца займае падрыхтоўка ёлкі, як вечна зялёнага дрэва. Гэта сімвал вечна жывога Хрыста. У нашы дамы і сем’і прыходзіць Езус. Звычайна госць прыходзіць з падарункамі. Таму пад ёлку кладуць падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці. У гэтым звычаі мы наслядуем Бога, які ў дары даў нам самога сябе і гэтым самым адарыў ізноў нас вечным жыццём.
І нарэшце, кульмінацыя Адвэнтавага чакання – вігілія Нараджэння Пана, калі ўся сям’я збіраецца разам, каб памаліўшыся, прачытаўшы франмент Евангелля аб Нараджэнні Езуса (пар. Лк 2, 1-20), падзяліцца аплаткай, сімвалам еднасці паміж сабой і з Хрыстом і спяваць калядкі. Пасля вячэры вернікі спяшаюць на святую Імшу, каб разважаць над таямніцай Уцелаўлення, калі адвечны Бог у часе стаў чалавекам для нас і для нашага збаўлення. Ён прыйшоў у вобразе Немаўляці. Нараджэнне дзіця нясе радасць яго бацькам і ўсёй грамадскасці. Таму нашая радасць павінна быць яшчэ большай, бо Божае дзіця заахвочвае нас да даверу і дае новую надзею.
Сярод цяжкасцяў штодзённага жыцця і асабліва духоўных праблем сучаснага чалавека і яго адыходу ад Бога і нават бунту супраць Яго, нялёгка адкрыцца на радасць чакання і прыйсця на гэты свет Сына Божага. Але знак надзеі, якім ёсць Немаўляці, скіраваны да нас.
8. На сцэне Адвэнту знаходзіцца святы Ян Хрысціцель, які заклікае да падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу. Для гэтага не дастаткова толькі упрыгожыць ёлку, купіць падарункі і запрасіць гасцей, але неабходна перамяніцца духоўна. Народныя звычаі і традыцыі павінны спрыяць гэтай перамене, якая наступае ў сакрамэнце пакаяння і ўмацоўваецца малітвай і добрымі ўчынкамі.
Святы Ян Хрысціцель называе сябе голасам клічучага ў пустыні (пар. Мк 1, 3). Сучасны свет у духоўным сэнсе вельмі моцна падобны да пустыні, бо так многа людзей жыве так, як быццам Бога няма. Так многа хрысціян, якія называюць сябе веруючымі, на самой справе такімі не з’яляюцца. Так многа з іх стараюцца змяніць Евангелле і дастасаваць яго да сваіх сэкулярных поглядаў. Гэта не той шлях, якім павінен кіравацца хрысціянін. Не мы павінны зменяць Евангелле, але яно павінна нас зменяць.
Духоўны стан сучаснага чалавека нагадвае пра крызіс веры, які далучыўся да эканамічнага. А гэта нагадвае пра тое, што чалавек страціў не толькі матэрыяльныя багацці, але таксама і духоўныя. У выніку чаго аслабла святло веры і людзі не лічаць, што Бог павінен займаць галоўнае месца ў іх жыцці. Такім чынам людзі страцілі сваю годнасць, а таксама пэўны і стабільны накірунак жыцця і сталі тымі, хто шукае сэнсу свайго існавання. Таму так многа людзей патрабуе новай евангелізацыі, сэнс якой у асабістым спатканні з Хрыстом, які дапапможа ім адчыніць вочы і пакажа дарогу жыцця і нанова распаліць агонь веры, – як кажа Папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2012/documents/hf_ben-xvi_hom_20121028_conclusione-sinodo_pl.html).
Адвэнт, які аб’ядноўвае мінулае, сучаснае і будучае, толькі тады будзе мець сэнс і толькі тады прынясе нам радасць, калі мы будзем мець моцную веру і ёю жыць. Такім чынам Адвэнт павінен стаць у нашым Касцёле часам новай евангелізацыі для адраджэння і перадачы веры.
Таму на пачатку новага Літургічнага году, які ўключаецца ў Адвэнт нашага жыцця, ў Год веры спытаймася сябе: “Якой ёсць наша вера?” Вера павінна развівацца і ўмацоўвацца. Яе трэба разглядаць у дынаміцы і таму заўсёды неабходна пытаць сябе: “Якім ёсць Адвэнт нашай веры?” Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што “Брамы веры” для нас заўсёды адчыненыя і вядуць да еднасці з Богам (пар. PF 1) і ў іх трэаба ўвайсці. Ад гэтага залежыць нашае жыццё і нашая вечнасць, якой чакаем і да якой рыхтуемся.
Дарагія браты і сёстры!
На пачатку Адвэнту ўсіх вас даручаю апецы Марыі – Маці Адвэнтавага чування і Маці нашай веры – і на час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння аб усяго сэрца благаслаўляю ў Імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 25 лістапада 2012 г.
Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету
Выкарыстана літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Бэнэдыкт XVI. Апостальскае Пасланне “Porta fidei” (PF).
2. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2012/ documents/hf_ben-xvi_hom_20121028_conclusione-sinodo_pl.html
3. Karl Rahner, The great Church Year, New York 1993 (GChY).