Радасць малодога святара раздзялілі святары, навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага з Пінска, і шматлікія вернікі. Удзельнікі літургіі напачатку сабраліся каля бацькоўскага дома ксяндза прыміцыянта, а пасля ўрачыстай працэсіяй накіраваліся да касцёла. У прывітальным слове напачатку св. Імшы кс. Аляксандр Барыла, пробашч Вілейскай парафіі, падкрэсліў, што кс. Кірыл Бардонаў з’яўляецца першым святаром у сучаснай гісторыі, які паходзіць з Вілейкі. Прыміцыянт ахвяраваў Святую Імшу за парафіяльную супольнасць і за ўсіх сваіх дабрадзеяў. Ксёндз Юрый Касабуцкі падчас казання завярнуў увагу на важнасць малітвы за святароў і на тое, што выхаванне святара пачынаецца з самага дзяцінства ў родным асяроддзі. Напрыканцы Імшы прадстаўнікі парафіі з розных узроставых груп павіншавалі і склалі шчырыя пажаданні прыміцыянту. Кс. Кірыл Бардонаў падзякаваў усім, хто раздзяліў з ім асаблівы момант у яго жыцці. Потым святар удзяліў прыміцыйнае благаслаўленне. Працягам урачыстасці стаў канцэрт гурта “Подых Духа” з семінарыі ў Пінску, які адбыўся ў раённым Палацы культуры. Затым каля парафіяльнага дома прайшла сустрэча прыміцыянта з парафіяльнай супольнасцю і запрошанымі гасцямі.
А.К.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/naviny/item/169-%D0%BF%D1%80%D1%8B%D0%BC%D1%96%D1%86%D1%8B%D0%B9%D0%BD%D0%B0%D1%8F-%D1%96%D0%BC%D1%88%D0%B0-%D0%BA%D1%81-%D0%BA%D1%96%D1%80%D1%8B%D0%BB%D0%B0-%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%B4%D0%BE%D0%BD%D0%B0%D0%B2%D0%B0#sigProGalleria00c9743ddc