Цяпер у свеце чымсьцi вельмi папулярным з’яўляюцца розныя дыеты, аўтары якiх прапануюць розныя спосабы для пахудання. Як тэлебачанне, так i Інтэрнэт агрэсiўна рэкламуюць дыеты, спасылаючыся часта на досвед шматлiкiх слынных людзей. Але хрысцiянiн, як вучыць у сваiм пасланнi святы апостал Ян, не павiнен браць прыкладу з гэтага свету (пар. 1 Ян 2, 15).
Пост не датычыцца толькi i выключна нашага страўнiка. Пост трэба разумець у больш шырокiм сэнсе. У першаю чаргу ён з’яўляецца часам, дадзеным нам Богам для паглыблення нашай сувязi з Iм i для нашага асабiстага навяртання. Добра было б, калi б у гэты час мы зразумелi, што з’яўляемся людзьмi смяротнымi, i свой позiрк накiравалi далей, у вечнасць. А гэта, у сваю чаргу, павiнна дапамагчы нам мудра распараджацца сваiм жыццём i дадзеным нам часам, цэнячы тым самым кожную хвiлiну.
Пост — гэта таксама такi лiтургiчны перыяд у жыццi Касцёла, калi мы павiнны быць асаблiва салiдарнымi з нашым Збаўцам Езусам Хрыстом, стараючыся, дзякуючы велiкапосным набажэнствам, хоць крыху наблiзiцца да таямнiцы нашага адкуплення.
Пост — гэта і час, калi мы павiнны навучыцца прымяняць розныя аскетычныя практыкi. Ведаем з жыцця, цяжка дасягнуць якiх-небудзь вынікаў без сістэматычнай сталай працы. У чым павiнен практыкавацца хрысцiянiн — дык гэта ў цноце (асабістай схільнасці да дабра). Набываць цноты — гэта, проста кажучы, азначае выкараняць у сабе дрэнныя схiльнасцi i заганы i ўсё больш схiляцца ў бок дабра. Напрыклад, калi я маю схiльнасць да моўных грахоў, да абгавору, паклёпу, асуджэння, тады лепш скарыстацца ў гэты перыяд ласкi лекам маўчання i знаходзiць больш часу на размову з Богам, адначасова стараючыся пазбягаць людзей, якiя штурхаюць мяне да гэтых грахоў. Калi ёсць, напрыклад, схiльнасць да марнавання часу ў Інтэрнэце, карыстаючыся непатрэбнымі або нават непрыстойнымі сайтамі, то добра было б абмежаваць сябе, а часам нават радыкальна адмовiцца ад гэтага карыстання. Менавiта гэты час можа яскрава выявiць нашыя залежнасцi i неўпарадкаваныя прывязанасцi. Наогул, дзякуючы разумнаму перажыванню нейкіх абмежаванняў, узмацняецца наша воля, а рабiць дабро становiцца лёгка i прыемна.
У перыяд посту добра таксама пазмагацца за тое, каб знайсцi час для чытання i разважання над Божым словам. Калi чалавек сустрэнецца на старонках Бiблii з жывым Богам, то, хутчэй за ўсё, будзе прымяняць гэтую збавенную практыку ў сваiм далейшым жыццi.
Падчас Вялікага посту крыху мяняецца характар малітваў у Касцёле. У гэты час гучаць спецыяльныя спевы, знікае са спеваў слова “Аллелюя”, не ставяцца кветкі на алтары, святар апранае літургічнае адзенне фіялетавага колеру.
На час Вялікага Посту варта прыняць асабістыя і сямейныя ПАСТАНОВЫ, а менавіта, так як прапанавалася вышэй, - паглыбіць сваю малітву і пастарацца пазбавіцца таго, што нам перашкаджае быць святымі.
Можа менш часу праводзіць каля экрану тэлевізара і камп’ютара, а больш – прысвяціць размове і адпачынку з блізкімі людзьмі. Старацца казаць пра іншых толькі дабро. Устрымлівацца ад сварак. Больш дапамагаць адзін аднаму, а не абмяжоўвацца толькі выкананнем сваіх абавязкаў.
Распачынаем Вялікі Пост у папяльцовую сераду.
Святыя Імшы ў 12.00, 18.00
У часе Вялікага Посту будуць адбывацца спецыяльныя набажэнствы:
Крыжовы шлях - у нашай парафіі будзе адбывацца:
- у пятніцу ў 19.00.
- у нядзелю пасля Імшы ў 10.00.
Мы ідзём ад стацыі да стацыі, разважаючы пра муку Езуса Хрыста. Варта паспрабаваць прайсці гэты Крыжовы шляхкожны раз па-рознаму. Паставіць сябе ад пачатку да канца на месца Пілата (суддзі Хрыста), на месца Марыі, на месца Сымона Кірэнэйца (яго прымусілі дапамагчы Езусу несці крыж), Веранікі (адважнай жанчыны, якая выцерла скрываўлены твар Хрыста), плачучых жанчын, жаўнераў, сотніка, натоўпу, злачынцаў (іх укрыжавалі побач з Езусам). Калі прымаем удзел у набажэнстве Крыжовага шляху, то гэтым самым знаходзімся сярод тых, хто дапамагаў Пану Езусу.
Песні Жальбы будуць адбывацца кожную сераду ў 17.30 і нядзелю ў 9.20 на беларускай мове і кожную нядзелю пасля Імшы ў 12.00 на польскай мове. Падчас гэтага набажэнства мы спяваем і разважаем аб пакутах Пана Езуса, аб цярпенні Марыі, якая глядзела на мукі свайго Сына.