Сям’я як хатні Касцёл… Пад гэтым выразам мы, зразумела, не маем на ўвазе Касцёл ні як будынак, ні як установу, але як жывую супольнасць, як зносіны людзей з Богам: людзей, адзіных у Айцу праз Сына ў Духу Святым. У гэтым сэнсе ўсе мы закліканы «стаць Касцёлам», але яшчэ ў большай меры гэта адносіцца да сям'і. Бо менавіта ва ўлонні сям'і чалавек нараджаецца і ўзрастае ў веры, вучыцца адкрываць і любіць Бога.[1]
Сям’я выяўляе і здзяйсняе супольнасны і сямейны характар Касцёла, як Божай сям’і, у якой кожны паводле ўласнай ролі рэалізуе святарства хросту, прычыняецца да таго, каб сям’я стала супольнасцю ласкі і малітвы, школай чалавечых і хрысціянскіх цнотаў, месцам першага абвяшчэння веры дзецям. [2]
Сужэнскі саюз, які стаў малым Касцёлам, павінен і зешнімі праявамі сведчыць пра сваю прыналежнасць да Хрыста. Узорам для яго можа быць святыня, дэкор якой нагадвае пра заўсёдную Божую прысутнасць і дапамагае людзям наблізіцца да Хрыста.[3]
Усё часцей у памяшканнях, асабліва маладых сем'яў, назіраецца недахоп рэлігійных сімвалаў, а калі нешта і ёсць, то толькі маленькі крыжык, ледзь заўважны, змешчаны над дзвярыма ці ў кутку, нібы гаспадары саромеюцца вобліка Збаўцы або бянтэжацца ад яго. Тым часам на цэнтральнай сцяне павінен знаходзіцца крыж, абраз, у кутку — фігура Маці Божай, кніга Святога Пісання і свечка. Добра было б над Бібліяй размясціць маленькую каляровую лямпачку, якая ўказвае на тое, што гэтая Кніга дае нам Божае святло, якое рассейвае цемру гэтага свету. Безумоўна, дома — у малым Касцёле — недапушчальна размяшчаць неадпаведныя выявы і фотаздымкі, асабліва парнаграфічныя, што, на жаль, здараецца.
Рэлігійную атмасферу ў нашым доме стварае таксама хрысціянскае прывітанне пры ўваходзе ці выхадзе з дому.
Езус Хрыстус сказаў: «Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх».[4] Наш клопат пра рэлігійны дэкор і хрысціянскі побыт у доме не мелі б сэнсу без хатняй літургіі. Выраз «у імя Маё» азначае, што сямейная сустрэча павінна мець рэлігійны характар. Рэлігійны дэкор таксама не меў бы сэнсу, калі б гэтая хатняя літургія не садзейнічала б таму, што члены сям'і дзякуючы ёй клапоцяцца пра святыню сваіх сэрцаў.[5]
Як у парафіяльнай святыні за літургію адказвае святар, так за хатнюю літургію адказваюць бацька і маці. У першую чаргу бацькі выконваюць святарскую ролю ў адносінах да саміх сябе, стараючыся ўзаемна дапамагаць адно аднаму ў дасягненні найвышэйшага шчасця — збаўлення.[6]
У дачыненні да дзяцей бацькі падзяляюць паміж сабою святарскую ролю ўласцівым для сябе чынам: бацька фармуе ўнутраную паставу дзіцяці, уздзейнічаючы на яго розум і волю; маці ўплывае на яго пачуццёвы свет і фармуе яго. Таму жанчына звычайна не ў стане адна належным чынам выхаваць дзіця, бо не заўсёды ўмее ставіць перад ім высокія патрабаванні. Бацькі з'яўляюцца святарамі ў адносінах да дзяцей перадусім тады, калі іх вера пранікае ў кожную сферу жыцця. Аднак, каб для гэтага ім хапала духоўных сілаў, неабходна развіваць ў сям'і хатнюю літургію, увесці ў штодзённае жыццё сям'і малітву.[7]
[1] Артуро Каттанео, БРАК: ДАР И СЛУЖЕНИЕ. Заметки о том, как подготовиться к браку и о том, как сохранить его молодость, у: http://www.agnuz.info/tl_files/library/books/kattaneo_brak/index.htm.
[2]Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла350.
[3]Б. Сайнок, Пакліканыя да любові, с. 93.
[4]Мц 18, 20.
[5]Артуро Каттанео, БРАК: ДАР И СЛУЖЕНИЕ. Заметки о том, как подготовиться к браку и о том, как сохранить его молодость, у: http://www.agnuz.info/tl_files/library/books/kattaneo_brak/index.htm.
[6]Б. Сайнок, Пакліканыя да любові, с. 94.
[7]Б. Сайнок, Пакліканыя да любові, с. 94.