Гэты дзень, да якога рыхтаваліся напрацягу двух гадоў, стаў вялікім святам не толькі для саміх першакамунійных дзяцей і іх бацькоў, але і для ўсёй Войстамскай парафіі. Спяваць падчас гэтай парафіяльнай урачыстасці быў запрошаны наш хор “Angeli”.
У прамове да дзяцей ксёндз пробашч Леон узгадаў пра перашкоды і цяжкасці, з якімі сустракалася старэйшае пакаленне ў прыняцці Першай Святой Камуніі ў савецкія часы. Кс. Леон адзначыў, наколькі ж шчаслівыя сучасныя дзеці, якія маюць такую прыгожую ўрачыстасць першай сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі. У гаміліі пробашч разважаў пра таямніцу Найсвяцейшай Тройцы, назву якой носіць Войстамскі касцёл, і заахвочваў першакамунійных дзяцей да частага і радаснага прыняцця Найлепшага Сябра Езуса ў свае чыстыя сэрцы. Напрыканцы Літургіі ўсе дзеці парафіі, якія напрацягу навучальнага года прымалі ўдзел у катэхезацыі, атрымалі пасведчанні аб заканчэнні пэўнага катэхетычнага курса.
Урачыстасць закончылася ўрачыстай эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла з удзелам першакамунійных дзяцей. Пасля працэсіі гасцінныя парафіяне запрасілі наш хор на салодкі пачастунак.