Падчас гаміліі ксёндз Аляксандр нагадаў дзецям пра Анёлаў у Бібліі, пра тое, як яны былі пасланыя Богам да людзей, каб дапамагаць у розных цяжкасцях або абвяшчаць добрыя навіны ад Бога. Напрыканцы Эўхарыстыі дзеці атрымалі індывідуальнае благаслаўленне і як падарунак – медальён з выявай Анёла Ахоўніка і Міхала Арханёла. Пробашч парафіі зазначыў, што з такімі сябрамі чалавек здольны супрацьстаяць злу.
Пасля святой Імшы адбылося Ружанцовае набажэнства, дзеці разам з бацькамі гучна вымаўлялі словы малітваў і прасілі аб заступніцтве Нябеснай Маці ў жыцці. А напрыканцы ўсе разам дзякавалі бескарысным і нястомным апекунам словамі любімай малітвы кожнага дзіцяці: “Анёле Божа, дружа мой…”.
Пасля агульнай малітвы дзяцей чакаў яшчэ адзін сюрпрыз – салодкі пачастунак. Маленькія парафіяне вярталіся дадому шчаслівыя і поўныя жадання станавіцца лепшымі і працаваць над сваёй духоўнасцю, каб прыпадабняцца ў паслухмянасці і служэнні Анёлам.
https://vilejka-kasciol.by/index.php/katekheza/artykuly/item/692-uspamin-aniola-ahonika-u-nashay-parafii#sigProGalleria58ab57bf40