Бог не можа ненавідзець
Бог – гэта сама чысціня, і нішто нячыстае не мае доступу да Яго.
Але я не думаю, што Бог можа ненавідзець: Бог з’яўляецца Любоўю і любіць нас, нягледзячы на нашу нікчэмнасць і грэшнасць. Ён з’яўляецца нашым любячым Айцом, а мы павінны толькі звярнуцца да Яго. Бог не можа ненавідзець: Бог любіць, таму што сам з’яўляецца Любоўю, але спаткацца з Ім нам перашкаджае наша нячыстасць. Не маю тут на ўвазе толькі грэх нячыстасці, але кожную прывязанасць і ўсё тое, што аддаляе нас ад Бога, што чыніць нас менш падобнымі да Хрыста; кожная нянавісць або недахоп міласэрнасці таксама з’яўляюцца нячыстасцю.
Калі мы перапоўнены грахом, Бог не можа напоўніць нас: нават сам Бог не можа напоўніць таго, што ўжо поўнае. Патрэбна, каб Бог нас прабачыў і каб мы сталі пустымі, а тады Бог зможа напоўніць нас сабой.
Паглядзі на крыж
Ці сапраўды я ведаю, што такое грэх, і ці адпаведным чынам гляджу на крыж? Гледзячы на крыж, мы пазнаём, якімі вялікімі з’яўляюцца нашы грахі. Вазьмі крыж у рукі і задумайся над яго сэнсам. Езус злітаваўся над грэшнікамі. Езус не асудзіў распусніцу.
Мне таксама патрэбна прабачэнне.
Ці не з’яўляюся я крыніцай горычы для Езуса?
Калі мы з’яўляемся адзін для аднаго крыніцай горычы, то з’яўляемся крыніцай горычы і для Езуса. Праверым сябе, каб убачыць, калі і як горыч увайшла ў наша сэрца. Хто ўчыніў, што я поўны горычы? Чыё жыццё я ўчыніў горкім таму, што замала ўва мне любові, дабразычлівасці? Ачысці сваё сэрца ад гэтага ў добрай шчырай споведзі.
Прыступіць да споведзі – гэта не што іншае, як накшталт распусніцы з Евангелля стаць перад Езусам з-за таго, што ты злавіў сябе на граху. Прыходзім да канфесіянала як грэшнікі, абцяжараныя грахом, але адыходзім як грэшнікі, вольныя ад граху.
Будзь без граху таму, што любіш, а не таму, што баішся
Хачу, каб вы пазбягалі граху не толькі таму, што баіцеся пекла або чысца, але таму, што любіце Езуса.
Каб любіць, трэба прабачаць
Калі мы сапраўды хочам любіць, павінны навучыцца прабачаць.
Паяднанне пачынаецца ад нас саміх
Паяднанне пачынаецца не ад іншых, але ад нас саміх. Пачаткам паяднання з’яўляюцца нашы чыстыя сэрцы. Чыстае сэрца мае здольнасць бачыць Бога ў іншым чалавеку. Язык, які непасрэдна дакранаецца да Цела Хрыста, можа стаць інструментам супакою і радасці, але таксама смутку і болю. Прабачай і прасі, каб прабачалі табе. Старайся апраўдваць, а не асуджаць.
З кнігі “Найбольшая запаведзь”. Думкі святой Маці Тэрэзы