(…) Каталіцкая вера здолела распазнаць у Марыі асаблівы знак Божай любові: Бог ужо сёння заклікае нас быць Яго сябрамі, ласка Божая дзейнічае ў нас, адраджаючы нас пасля граху, даючы нам моц для таго, каб мы – нягледзячы на свае слабасці, уласцівыя тым, хто ёсць марнасцю і пылам, –былі здольныя так ці інакш адлюстроўваць аблічча Хрыста. Мы не толькі пацярпелыя, якіх Бог паабяцаў збавіць, – гэтае збаўленне ўжо дзейнічае ў нас. Нашыя адносіны з Богам не падобныя да сітуацыі сляпога, які сумуе па святлу, але стогне ў журботнай цемры, – гэта адносіны сына, які ведае, што Айцец любіць яго.
(…) Шукаючы Марыю, вы сустрэнеце Езуса. І паступова навучыцеся крыху лепш разумець, што адбываецца ў сэрцы Бога, які прыніжае сябе, які адмаўляецца ад сваёй велічы і магутнасці, каб прыняць постаць слугі (Пар. Флп 2, 6-7). Паводле чалавечага разумення, можна было б сказаць, што Бог пераходзіць усялякую меру, бо не абмяжоўваецца тым, што істотнае або неабходнае для збаўлення, а ідзе нашмат далей. Адзіная норма або мера, якая дазваляе нам нейкім чынам зразумець, чаму Бог так робіць, – усвядоміць, што тут адсутнічае ўсялякая мера, што такія Яго паводзіны прадыктаваныя палкаю і нястрыманаю любоўю, якая прымушае Бога прыняць нашае чалавечае цела і ўзяць на сябе цяжар нашых грахоў.
Ці ж магчыма ўсведамляць гэта, упэўніцца, што Бог нас любіць, і не адплаціць таксама сваёю палкаю і нястрыманаю любоўю? Трэба дазволіць гэтым праўдам нашай веры пранікнуць у душу, перамяніць усё нашае жыццё. Бог нас любіць! – Усемагутны, які валодае бязмежнаю сілаю, які стварыў неба і зямлю.
Бог цікавіцца нават найменшымі дробязямі жыцця сваіх стварэнняў, вашага і майго жыцця, і кожнага з нас Ён называе нашым уласным іменем (Пар. Іс 43,1). Тая ўпэўненасць, якую дае нам вера, дапамагае ўбачыць усё, што нас атачае, у новым святле. І хоць усё застаецца такім, як было раней, мы заўважаем, як усё перамянілася, бо ва ўсім праяўляецца Божая любоў.
Так нашае жыццё ператвараецца ў пастаянную малітву, напаўняецца добрым настроем і спакоем, якія ніколі не знікаюць, а ўсе нашыя ўчынкі складаюцца ў адзін акт няспыннай удзячнасці ў кожную пару дня. “Велічае душа мая Пана, – спявала Дзева Марыя, – і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу, бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі. І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое” (Лк 1, 46-49).
У сваёй малітве мы можам далучацца да гэтай малітвы Марыі і браць яе за прыклад. У нас таксама, як у Яе, узнікне жаданне спевам праслаўляць цуды Божыя, каб усё чалавецтва і кожнае стварэнне мелі ўдзел у нашай радасці.
З кнігі “Хрыстус праходзіць побач”, Святы Хосэмарыя Эскрыва