На гэтым тыдні: Святая Імша ад панядзелка да чацверга ў 10.00 і 18.00.
У пятніцу Святая Імша ў 10.00, і вечарам у 18.00 – Крыжовы Шлях з абрадамі Святой Камуніі. Пастараемся, каб збірацца ўсёй парафіяй і цэлымі сем’ямі на гэтае набажэнства. У Вялікім Посце па пятніцах мы не толькі ўстрымліваемся ад мясных страваў, але гэтае ўстрыманне дапоўняем разважаннямі пра Цярпенні Езуса Хрыста і малітвай.
У суботу Святая Імша ў 10.00 (за памерлых).
У наступную нядзелю: у 9.20 - Песні Жальбы, у 10.00 – Святая Імша, у 11.00 – Крыжовы Шлях, у 12.00 – Святая Імша, у 13.00 – Песні Жальбы, у 17.30 – Крыжовы Шлях, які праводзяць дзеці і ў 18.00 – Святая Імша.
У Вялікім Посце кожны дзень праводзяцца набажэнствы:
Крыжовая Дарога з 9.00 і 17.20.
Вяночак да Божай Міласэрнасці ў 15.00.
У сераду ў 17.30 – Песні Жальбы.
У Вялікім Посце нас абавязвае:
Устрыманне ад удзелу ў гучных забавах.
Устрыманне кожную пятніцу ад мясных страваў.
Выбар пастаноў, якія нас пазбавяць прызвычаення да зла і дапамогуць весці духоўнае жыццё.
Зварот Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, разам з нашымі вернікамі глыбока заклапочаныя тым, што працяглы палітычны канфлікт паміж Расіяй і Украінай перайшоў у фазу вайны. У выніку гінуць людзі, разбураюцца гарады, населеныя пункты і інфраструктура, сотні тысяч бежанцаў вымушаны шукаць прытулку на чужыне.
Вайна — гэта злачынства супраць Бога і чалавека, якое заслугоўвае рашучага і неадкладнага асуджэння.
Мы суперажываем нашай паўднёвай суседцы Украіне, якая перажывае трагедыю. Падтрымліваем заклікі Святога Айца Папы Францішка і Апостальскага Пасаду, дыпламатычныя захады і перамовы Расіі і Украіны на беларускай зямлі з мэтай неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і пошуку шляхоў да прымірэння; але для таго, каб бакі маглі пачуць адзін аднаго, неабходна, каб змоўкла зброя.
Таксама мы занепакоены інфармацыйнай вайной, якая наносіць не меншую шкоду і правакуе нянавісць паміж людзьмі і народамі.
Сёння, калі вырашаецца будучыня не толькі Украіны, неабходна зрабіць усё магчымае, каб знайсці мірнае вырашэнне канфлікту.
Заклікаем вернікаў і ўсіх людзей добрай волі:
- 1.да посту і салідарнай малітвы ў касцёлах нашай краіны ў інтэнцыі міру ва Украіне, карыстаючыся магчымасцю: адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, спеву суплікацыі «Святы Божа», Ружанцовай малітвы, Крыжовага шляху і іншых набажэнстваў;
- 2.з братэрскай любоўю і салідарнасцю аказваць пасільную дапамогу пацярпелым.
- 3.Мы молімся і просім, каб тыя, ад каго гэта залежыць, не дапусцілі, каб нашая краіна прымала ўдзел у гэтай вайне.
Аб’яднаныя ў посце і малітве,
Біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
Рэкалекцыі ў Вялікім Посце адбудуцца з 7 па 9 красавіка (чацвер, пятніца і субота перад Пальмовай Нядзеляй).
ІНТЭНЦЫЯ БРАЦТВА ЖЫВОГА РУЖАНЦА НА САКАВІК:молімся ў інтэнцыі міру ва Украіне і таксама, каб тыя, ад каго гэта залежыць, не дапусцілі, каб нашая краіна прымала ўдзел у гэтым канфлікце.
8 сакавіка ў Касценевічах адбудзецца малітва за кс. Станіслава Жук і адкрыццё музея . Пачатак у 17.00 – малітва на могілках, 18.00 – Святая Імша і пасля адкрыццё музея.
Дзякую за ахвяраванні, працу і малітвы, якімі вы спрычыняецеся да ўтрымання нашай святыні.