За гадзіну перад Св. Імшой перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам былі прачытаныя імёны нашых дарагіх памерлых, а пасля былі заспяваны Нешпары ў іх інтэнцыі.
Падчас Св. Імшы кс. пробашч адзначыў, што гісторыя касцёла як будынка ні на момант не была адарваная ад людзей, што тут жылі, таму мы як парафіяльная сям’я нясём адказнасць адзін за аднаго і маем абавязак маліцца за тых людзей, якія будавалі нашу святыню, якія ўтрымлівалі яе сваімі ахвяраванямі і малітвай, якія калісьці прыходзілі ў наш касцёл, каб узносіць малітвы да Бога, і якія цяпер так патрабуюць нашай малітвы!
Падчас казання кс. Аляксандр нагадаў гісторыю ўзнікнення нашай святыні, падкрэсліў важнасць малітвы за нашых дарагіх памерлых, а таксама адзначыў, што парафія, якая не памятае сваёй гісторыі і людзей, што да яе прыналежылі, іх малітвы і ахвярнасць, - не мае будучыні. У казанні кс. пробашч разважаў пра тых людзей, што некалі прыналежылі да нашай парафіі, і над пытаннем: Чаму мы можам навучыцца ад гэтых людзей? Гэтыя словы заахвоцілі кожнага з прысутных задумацца над сваім жыццём. Ці нашыя продкі, якія ахвярна працавалі, утрымлівалі і захавалі святыню, мелі больш вольнага часу, чым мы? Ці яны жылі больш камфортна? Ці мы сёння ўмеем аддаць Богу ўсё самае лепшае: свой час, сваю працу і ахвярнасць? Ці мы сёння ўмеем быць для сваіх дзяцей такімі настаўнікамі і прыкладам веры, якімі былі нашыя бабулі і дзядулі, што захавалі і перадалі нам веру?..
Пасля Св. Імшы парафіяне працэсійна накіраваліся на могілкі, дзе працягвалі маліцца за памерлых. А разам з гэтай малітвай узносілі Богу падзяку за нашу святыню, усіх парафіян і ўсё, што мы маем. Бо якія ж мы шчаслівыя, што мы хрысціяне, што Бог аб’яднаў нас у вялікую парафіяльную сям’ю, што мы можам не баяцца смерці, а з радасцю чакаць сустрэчы з Нябесным Айцом у вечнасці!
Не будзем жа забываць маліцца за сваіх дарагіх памерлых, а таксама будзем памятаць пра абавязак маліцца за памерлых святароў і тых, хто ахвяраваў усё сваё жыццё служэнню Богу і людзям.
Кацярына Дурко
Фота Я.Галомзік
https://vilejka-kasciol.by/index.php/parafiya/100-goddze-svyatyni-vilejtsy/item/451-pachatak-svyatkavannya-100-gadovaga-yubileyu-nashay-svyatyni#sigProGalleria38f23ee799