Песня на выстаўленне НС
Езус сказаў: дзе двое ці трое збяруцца ў Імя Маё, там Я сярод іх. У цішыні вызнаем прысутнасць сярод нас Бога ў Тройцы адзінага.
Цішыня
З кнігі прарока Эзэхіэля.
У тыя дні:
Была на мне рука Пана, і Пан вывеў мяне ў духу, і паставіў мяне сярод даліны, поўнай касцей. І абвёў мяне вакол іх. Вельмі шмат іх ляжала на абшары даліны, і былі яны вельмі сухія. І сказаў мне: Сыне чалавечы, ці ажывуць косці гэтыя? Я сказаў: Ты ведаеш, Пане Божа. І сказаў мне: Прароч над касцямі гэтымі і скажы ім: косці сухія, слухайце слова Пана. Так кажа Пан Бог касцям гэтым: Вось Я пашлю вам духа, і ажывяце. І дам вам жылы, і ўчыню, што вырасце на вас цела, і абцягну вас скураю, і пашлю вам духа, і ажывяце, і даведаецеся, што Я – Пан.
Я абвясціў прароцтва, як было наказана мне. І калі я прарочыў, узняўся шум і трэск, і пачалі збліжацца косці, костка да сваёй косткі. І бачыў я: вось з’явіліся жылы на іх і цела вырасла, і скура пакрыла іх зверху, але духа не было ў іх. Тады сказаў Ён мне: Прароч да духа, прароч, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Пан Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, каб ажылі яны. І прарочыў я, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, і яны ажылі і сталі на свае ногі, вельмі вялізнае войска.
І сказаў Ён мне: Сыне чалавечы, косці гэтыя – гэта ўвесь дом Ізраэля. Вось яны кажуць: Высахлі косці нашыя, і загінула наша надзея, нам пагібель. Таму прароч і скажы ім: так кажа Пан Бог: вось Я адкрыю магілы вашыя, і выведу вас, народ Мой, з магілаў вашых і прывяду вас у зямлю Ізраэля. І даведаецеся, што Я – Пан ваш, калі адкрыю магілы вашыя і выведу вас, народзе Мой, з магілаў вашых. І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць і спачываць на зямлі вашай, і даведаецеся, што Я, Пан сказаў і зрабіў гэта, – кажа Пан.
Цішыня, песня.
З Паслання св. Апостала Паўла да Габрэяў.
Браты:
Каб асвяціць сваёю крывёю народ, Езус цярпеў муку за горадам. Таму і мы выйдзем да Яго за лагер, несучы Яго знявагі. Мы не маем тут пастаяннага горада, але шукаем таго, якое павінна прыйсці. Праз Езуса будзем няспынна прыносіць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плён вуснаў, якія дзякуюць імені Ягонаму. Не забывайце пра дабрачыннасць і еднасць, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.
Цішыня, песня.
З святога Евангелля паводле Лукі:
Калі настала гадзіна, Езус сеў за стол, і Апосталы разам з Ім. І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець, бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве». І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою, бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства». І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новым Запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.
Цішыня.
Навучы нас, Божа шанаваць нашыя традыцыі і розную тоеснасць, каб повязі прыязнасці вялі нас да большага адзінства.
Як добра і прыемна, калі браты і сёстры жывуць у адзінстве.
Праслаўляем Цябе, Духу Святы, за дар узаемнай неабходнасці і салідарнасці. Такою ёсць спадчына народаў і Касцёлаў. Навучы нас цаніць повязі адзінства, якім мы цешымся, калі просім Цябе заставацца сярод нас. Натхняй нас на шляху да поўнага бачнага адзінства паміж намі, а таксама паміж усімі людзьмі і супольнасцямі, якія займаюцца абаронай жыцця.
Як добра і прыемна, калі браты і сёстры жывуць у адзінстве.
Заступніцкая малітва
Хочам адкрыць і споўніць тое, чаго чакае ад нас Бог. Поўныя даверу занясём да Яго нашыя просьбы
.
Бог запрашае нас да размовы. Дай нам, Пане, сэрца, гатовае слухаць Цябе і бліжніх. Спашлі на нас свайго Духа, каб асвяціў нас дарам узаемнага разумення і вёў да адзінства, якога прагнеш для свайго Касцёла. Цябе просім.
Выслухай нас, Пане!
Пан побач з прыгнечанымі. Дай нам, Божа, вочы, гатовыя заўважаць людскую бяду. Спашлі на нас свайго Духа, каб напоўніў нас дарам спачування і ахвярнай дапамогі. Цябе просім.
Выслухай нас, Пане!
Бог з’яўляецца нашым Збаўцам. Адары нас, Пане, свабодай дзяцей Божых. Спашлі на нас Духа свайго, каб мы ўсклікалі да адзінага Айца ў братэрскай супольнасці. Цябе просім.
Выслухай нас, Пане!
Усё стварэнне чакае адкуплення. Адары нас, Пане, павагай да Тваіх дароў і адказнасцю за справу рук Тваіх. Спашлі Духа свайго, каб аднавіў нас і аблічча зямлі. Цябе просім.
Выслухай нас, Пане!
Хрыстус разбурыў муры, якія нас падзялялі. Учыні, Пане, каб мы маглі праходзіць праз бар’еры прадузятасцяў і абыякавасці. Спашлі на нас Духа свайго, каб аздаравіў усе раны нянавісці і пыхі. Цябе просім.
Выслухай нас, Пане!
Сапраўдныя вучні Хрыста трываюць у супольнасці. Дай нам, Пане, адно сэрца і адну душу. Спашлі на нас свайго Духа, каб мы ў адным Целе маглі несці цяжар адно аднаго. Цябе просім.
Выслухай нас, Пане!
Пан прагне, каб мы Яго праслаўлялі. Адары нас, Пане, радасцю нават у цяжкія хвіліны. Спашлі на нас свайго Духа, каб мы праслаўлялі Тваё імя цяпер і ва ўсе вякі. Цябе просім.
Выслухай нас, Пане!
Молімся да Айца Нябеснага, як нас навучыў Езус Хрыстус:
Ойча наш…
Малітва
Пане Езу Хрыстэ, з радасцю абвяшчаем нашу супольную тоеснасць у Табе і дзякуем, што заклікаеш нас да дыялога любові з Табою. Адкрый нашыя сэрцы, каб мы маглі штораз глыбей раздзяляць з Табою Тваю малітву да Айца, каб мы былі адно, ідучы разам, і такім чынам збліжаліся адно да аднаго. Дай нам адвагу супольнага сведчання праўды і ўчыні, каб нашай малітвай мы агарнулі тых, якія ўмацоўваюць раскол. Спашлі Духа Твайго, каб даў нам сілы ў нашых грамадствах, краінах і ва ўсім свеце супрацьстаяць сітуацыям, у якіх адсутнічае годнасць і суперажыванне. Пане жыцця, вядзі нас да справядлівасці і супакою. Амэн.
Ціхая малітва. Песня перад малітвай на благаслаўленне НС. Благаслаўленне НС. Малітва праслаўлення.
Песня на схаванне НС. Песня на заканчэнне адарацыі.