Перад усім, Святая Камунія умацоўвае наш сувязь з Хрыстом. Галоўным плёнам прыняцця Эўхарыстыі ў святой Камуніі з'яўляецца глыбокае яднанне з Ісусам Хрыстом. Пан кажа: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім” (Ян 6, 56). Жыццё ў Хрысце знаходзіць свой падмурак у Эўхарыстычнай Гасціне: “Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Яжыву прaз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне” (Ян 6, 57).
“Калі падчас святаў Панскіх вернікі прымаюць Цела Сына, яны абвяшчаюць адзін аднаму Добрую Вестку пра тое, што ім дадзены задатак жыцця; падобна гэтаму анёл сказаў Марыі Магдаліне: “Хрыстос уваскрос!” І вось зараз і жыццё, і ўваскрашэнне даруюцца таму, хто прымае Хрыста” – чытаем у адной з кніг, прысвечаных сірыйскаму антыёхскаму рыту.
Наступным плёнам з’яўляецца ажыццяўленне цудоўным чынам у нашым жыцці духоўным таго, што матэрыяльная ежа робіць ў нашым цялесным жыцці. Прыняцце Цела Хрыста Ўваскрослага, “ажыватворанае Духам Святым і жыватворчае”, захоўвае, развівае і абнаўляе жыццё ласкі, атрыманай падчас сакраманту Хросту. Гэтае ўзрастанне хрысціянскага жыцця мае патрэбу ў сілкаванні эўхарыстычнай Камуніяй, хлебам нашага паломніцтва, аж да гадзіны смярці, калі яна будзе дадзена нам як ежа ў шлях (пажаданне, Вятык). Прабываючы ў камуніі з Хрыстом, варта таксама прасіць аб часовых дарах, патрэбных нам у штодзённым жыцці. Немагчыма маліцца больш інтэнсіўна, чым з’яднаўшыся з Панам, і Ён не абураецца на нашы «дробныя» просьбы, бо сам наказаў нам прасіць аб «хлебе штодзённым».
З іншага боку, святая Камунія захоўвае нас ад граху. Цела Хрыста, якое мы атрымліваем падчас Прычашчэння, “выдадзенае за нас”, і Кроў, якую мы п'ём, пралітая “за многіх для адпушчэння грахоў”. Таму Эўхарыстыя не можа злучыць нас з Хрыстом, не ачышчваючы нас у той жа час ад зробленых грахоў і не ахоўваючы нас ад грахоў будучых. Святая Камунія вызваляе ад неўпарадкаваных схільнасцяў і знішчае лёгкія грахі.
Як ежа фізічная служыць для аднаўлення страчаных сіл, так Эўхарыстыя ўмацоўвае любоў, якая ў паўсядзённым жыцці схільная слабець; і гэта любоў, ажыўленая, ухіляе лёгкія грахі. Даючы Сябе нам, Хрыстос ажыўляе наша любоў і дае нам здольнасць парваць неўпарадкаваную прыхільнасць да стварэнняў і ўкараніцца ў Ім:
Акрамя таго, як знак Хрыстовай мукі святая Камунія не дазваляе наблізіцца да нас д’яблу, які праз гэтую муку быў пераможаны.
Св. Амброзій зазначае: "Кожны раз, як вы ясце хлеб гэты і п'еце келіх гэты, смерць Панскую абвяшчаеце". Калі мы абвяшчаем смерць Панскую, мы абвяшчаем пакіданне грахоў. Калі кожны раз, як праліваецца кроў Яго, яна праліваецца ў пакіданне грахоў, я павінен прымаць яе заўсёды, каб яна заўсёды адпускала мне мае грахі. Я, заўсёды які грашыць, заўсёды павінен мець лек.”
Святая Камунія нясе збаўленне, уключае нас у жыццё Найсвяцейшай Тройцы, аб’ядноўвае нас у Касцёл, умацоўвае нашулюбоўда людзей, ажыўляючы яе і схіляючы нас праяўляць гэтую любоў, бо ў святой Камуніі ўтоена найбольшая любоў — сам Пан.
Эўхарыстыя стварае Касцёл. Тыя, хто прымае Эўхарыстыю, цясней злучаны з Хрыстом - тым самым Хрыстос аб'ядноўвае іх з усімі вернікамі ў адзінае цела: Касцёл. Святая Камунія аднаўляе, умацоўвае, паглыбляе гэта ўвасабленне ў Касцёл, ужо ажыццёўленае Хрышчэннем. З момантам прыняцця сакраманту Хросту мы былі закліканы стаць адзіным целам – менавіта Эўхарыстыя ажыццяўляе заклік: “Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? Адзін ёсць хлеб, адно цела – мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго Хлеба.” (1 Кар 10, 16-17).
Папа Бенедыкт XVI зазначае, што “з’яднанне з Хрыстом здзяйсняецца ў сакрамэнце, які рыхтуе нас таксама да ўвядзення навізны ў грамадскія адносіны. «“Містыка” гэтага сакрамэнту мае грамадскі характар», бо «яднанне з Хрыстом з’яўляецца адначасова яднаннем з усімі, каму Ён дае сябе. Я не магу мець Хрыста толькі для сябе самога; я магу прыналежыць да Яго толькі ў еднасці з усімі, хто ўжо стаў або стане Ягоным»”. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што святая Камунія накладвае на нас абавязкі адносна бедных: каб сапраўды прыняць Цела і Кроў Хрыста, выдадзенага за нас, трэба распазнаць Яго ў самых бедных братах Яго.
Хрыстос горача жадаў, каб усе ( пар. Мц 26,27), хто ўдзельнічае ў Эўхарыстыі, спажывалі Яго Цела і пілі Яго Кроў. Аднак гэта не заўсёды магчыма. Прычынай можа быць нп. знешнія абставіны (адсутнасць святара, вялікая адлегласць да касцёла, хвароба). Але нават і тады, хоць і не сакрамэнтальным чынам, камунія з Хрыстом магчымая. Адзіная ўмова для яе — жаданне з’яднацца з Хрыстом, адкрытасць на Збаўцу. Тады мы можам спадзявацца, што Хрыстос, толькі Яму вядомым чынам, яднаецца з намі, прабывае ў нас.
Гэтая практыка мае назву “Духоўная Камунія”.
Духоўная Камунія, арыентаваная на сакрамэнтальную Камунію, вядзе да яе і з ёю цесна злучаная.
Духоўная Камунія – яднанне чалавека з Езусам Эўхарыстычным. Істотнымі элементамі такой практыкі з’яўляюцца:
- 1.Прагненне сакраманту Эўхарыстыі, які прыносіць збаўленне.
- 2.Прагненне, якое выплывае з любові да Хрыста.
- 3.Прагненне павінна быць выразным, свядомым.
Плёны духовай Камуніі з’яўляюцца, па-сутнасці, той самай істоты, што і сакраментальнай Камуніі(эўхарыстычнай), г.зн. узрастанне асвячальнай ласкі, любові, чыстасці жыцця, адзінства.
Прыклад малітвы: О Езу, які прагнеш быць узмацаваннем душ нашых. Прыйдзі да нас! Прагнем прыняць Цябе, сумуем без Цябе, дай нам сябе самога, дай нам ласкі свае, асвяці і ўмацуй душы нашыя і застанься з намі назаўсёды. Прагну прыняць Цябе з той самай чыстасцю, пакорай і пабожнасцю, з якой прыняла Цябе Твая Найсвяцейшая Маці, паводле духу і гарлівасці святых.
Альбо: Веру, о Езу, што Ты сапраўды прысутны пад постаццю хлеба і віна. Люблю Цябе з усяго сэрца! Шкадую за грахі, якімі правініўся прад Табою. Прыйдзі да майго сэрца, о Ты, адзінае жаданне маё! Кідаюся ў твае абдымкі, аддаюся Табе поўнасцю, о адзіная мая любоў. Не дапусці, каб адышоў ад Цябе!
Літаратура:
Паслясінадальная Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/100784.html.
Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі. Раздзел II. Структура імшы, яе элементы і часткі, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/101198.html.
Святая Імша. Часткі Імшы і іх значэнне, у: http://katedra.by/index.php?option=com_content&task=view&id=336&Itemid=9.
CZĘŚCI MSZY ŚWIĘTEJ, у: http://liturgia.ovh.org/czesci_mszy_swietej.php.
Л. Кубяк, Святая Імша. 100 пытанняў i адказаў, Мінск 2012.
Рымскі Імшал для дыяцэзій Беларусі, Мінск 2004.
Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, у: http://catholic.by/2/libr/docs/docssection/104139.html
KONGREGACJA DS. KULTU BOŻEGO I DYSCYPLINY SAKRAMENTÓW, INSTRUKCJA REDEMPTIONIS SACRAMENTUM. O tym, co należy zachowywać, a czego unikać w związku z Najświętszą Eucharystią, у: http://win.ocist.org/pdf/InstrukcjaRedemptionisSacramentum.pdf.
Ks. T. Wyszyński, Teologia dogmatyczna: Eucharystia. Pomoce do studium traktatu, Grodnae 2009.
Komunia duchowa, у: http://maciejsmigacz.strefa.pl/wartow/05komd.html.
Duchowe przyjmowanie Komunii świętej, у: http://pierzchalski.ecclesia.org.pl/index.php?page=10&id=10-01&sz=&pyt=479.