background
Понедельник, 15 Июль 2013 16:28

Х юбілейная пілігрымка ў Будслаў

Автор 
Оцените материал
(5 голосов)

“Да Марыі топ-топ-топ…”   Нашы парафіяне крочылі да Маці Божай у Будслаў

 

2 ліпеня ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай з Вілейкі вырушыла пешая пілігрымка да Будслава. Усяго пілігрымаў было каля 120 чалавек, сярод якіх было шмат дзяцей, нават такіх, якія яшчэ не ўмеюць размаўляць, моладзь і старэйшыя людзі. Кожны пілігрым быў вельмі важным, але самым галоўным “пілігрымам” была копія цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай, якая перад гэтым аб’ехала ўсю Беларусь і якую цяпер пілігрымы неслі на сваіх плячах на працягу трох дзён да в. Даўгінава, дзе пасля перадалі іншым пілігрымам з Мінска і Ракава.

Пілігрымы нястомна крочылі сцежкамі нашай цудоўнай Бацькаўшчыны, ім весела ўсміхалася сонейка, а па палях разносіўся спеў:

“Ідзём мы, калі свеціць сонца,

Калі падае дождж.

Ідзём да нашай Матулі,

Каб сустрэцца з Ёй…”

Кожны дзень быў напоўнены малітоўным духам і пачуццём прысутнасці Нябеснай Матулі. Духоўнай апекай для пілігрымаў быў кс. Уладзімір Русак, які праводзіў канферэнцыі і служыў у  Сакрамэнце Пакаяння і Паяднання.

Галоўнай тэмай пілігрымкі быў дэвіз сёлетніх урачыстасцяў у Будславе “Марыя – Маці нашай веры”.  Але першыя тры дні мелі таксама і свае маленькія падтэмы. Як нашае жыццё – гэта ў пэўным сэнсе пілігрымка, так і гэта пілігрымка пэўным чынам адлюстроўвала жыццё. Першы дзень быў прысвечаны тэме: “Мы - дзеці Божыя”. У гэты дзень пілігрымы разважалі над тым, што кожны з нас, незалежна ад узросту, з’яўляецца Божым дзіцём. На малітвах разам з разважаннямі Св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езус, якая выбрала сабе “малы шлях” да святасці, пілігрымы задумаліся над дзіцячым даверам, радасцю і прастатой.  Другі дзень праходзіў пад дэвізам: “Маладыя духам”. Пілігрымы разважалі над характэрнымі рысамі часу маладосці і іх увасабленнем у хрысціянскім жыцці. Напрыклад, ніколі не стамляцца для Хрыста, не баяцца адказаць “так” на шалёную прыгоду жыцця з Богам, мець сэрца, якое напоўнена любоўю да Бога і імкнецца заўсёды быць разам з Сэрцам Бога. Трэці дзень быў прысвечаны хрысціянскай сталасці, якая звязаная з адказнасцю за свае дзеянні, ахвярнасцю і вернасцю выбранаму шляху. Чацвёрты дзень быў апошнім днём пілігрымкі, калі пілігрымы ўжо асягнулі мэту свайго пілігрымавання.

Ні мазалі, ні пякучае сонца, ні праліўны дождж і бура, падчас якой пілігрымы ўвайшлі ў Будслаў, не перашкодзілі ім, бо кожны з пілігрымаў нёс з сабою свае інтэнцыі, якія прагнуў аддаць Богу праз рукі Марыі. Да сваіх інтэнцый пілігрымы далучалі таксама і інтэнцыі людзей, якіх сустракалі на сваім шляху і якія так гасцінна прымалі іх у свае хаты.

Ужо прайшло крыху часу, высахла адзенне, якое “выжымалі”пілігрымы пасля ліўня, зажылі мазалі, але сэрцы пілігрымаў не перастаюць поўніцца радасцю ад сустрэчы з Нябеснай Маці ў Будславе і цешыцца тымі Божымі ласкамі, што там атрымалі.

                                                                         Кацярына Дурко



 

 

 


Прочитано 1337 раз